Каб было, прынамсі, не сорамна

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Узяць у рукі тэлефон і ўключыць на ім камеру можа кожны, але ж “сапраўднае” кіно атрымаецца хіба ў адзінак. Гэта лішні раз засведчыў і сёлетні фестываль Smartfilm: “сапраўднага” кіно на ім вельмі бракавала.

/i/content/pi/cult/731/15894/14.jpgПрыкладам, адзначаная першым месцам стужка англійскага рэжысёра Мэта Бігса “Дзікая прырода. Лясы падводнага свету”, якая разбурае ўсе стэрэатыпы вакол мабільнага кіно. Як выявілася, з яго дапамогай можна перадаць усю паэзію падводнага жыцця.

Беларускіх канкурсантаў таксама нічога не абмяжоўвала, акрамя агульнай тэмы, але чамусьці менавіта працы нашай краіны аказаліся ці не самымі слабымі з усіх, мною пабачаных. Сёлета нашы суайчыннікі падалі на конкурс 71 працу. З тых 13, якія
прайшлі папярэдняе сіта і былі прадстаўлены гледачу, выбіраць аказалася няпроста. Спрэчкі на гэты конт у кулуарах былі цікавейшымі за самі стужкі. Можна адзначыць, што прызы дасталіся тым беларусам, якія, на думку журы, мелі хаця б нейкі патэнцыял — хай сабе, і не змаглі рэалізаваць яго ў якасці гатовага прадукту.

Гран-пры ўзяла беларуская стужка Варвары Шчукі “Перыферыя”. Гэта спроба зняць партрэт маладога чалавека, які жыве ў маленькім горадзе і разважае пра сумную штодзённасць мясцовых жыхароў, адсутнасць перспектыў і пра сваё жаданне вырвацца ў сталіцу. Маналогі героя перабіваюцца доўгімі планамі краявідаў, запазычанымі ў Юліі Шатун — і, магчыма, гэта самае цікавае ў стужцы. Галоўная сэнсавая нагрузка павінна была быць у маналогах, але ж яны падаліся шаблоннымі і таму нецікавымі. Здаецца, што “Перыферыя” атрымала Гран-пры за ідэю, але ж яе ўвасабленне не падалося пераканаўчым.

“Эфект молі” крыху адрозніваўся ад папярэдняй стужкі лепшай аператарскай працай і формай падачы — з чорна-белымі флешбэкамі, экспазіцыяй і мараллю напрыканцы. Аўтар спрабаваў данесці гледачу асноўную ідэю: “Калі жаданні прыходзяць самі, то чым мы не жывёлы?!” — якая, зрэшты, таксама магла бы быць больш распрацаванай. Пэўна, стужка была ўзнагароджаная за тое, што яна дае нагоды “падумаць” — нягледзячы на даволі безгустоўны відэашэраг.

Сярод трох пераможцаў конкурсу з Беларусі выдзялялася “Спакуса” Валерыя Арцем’ева (3 месца) — прадуманая, добра распрацаваная і арыгінальна знятая. “З усіх беларускіх работ у ёй самая дасканалая драматургія. Вы знялі адначасова і жанравае, і фестывальнае кіно”, — казаў кінакрытык Антон Сідарэнка рэжысёру падчас цырымоніі.

На сёлетнім Smartfilm можна прасачыць такую тэндэнцыю: здымаць у камедыйным жанры беларусам прасцей, бо нейкія рэжысёрскія недарэчнасці можна спісаць як жарты. Што тычыцца спробаў зняць драматычную гісторыю… Яны атрымліваюцца штучнымі, і глядзець на іх сапраўды сумна.

Кіно — візуальнае мастацтва, разуменне якога яшчэ не дайшло да беларускага масавага гледача. На маю думку, пра адсутнасць густу і глядацкага досведу сведчаць не толькі рэакцыя простых людзей у зале, але і тыя працы, якія былі абраныя імі ў межах народнага галасавання.

Куды ўжо прасцей, калі ў кожнага ёсць мабільны тэлефон? Хацелася б, каб Smartfilm перастаў быць нейкай латарэяй для тых беларусаў, якія збіраюцца ў ім удзельнічаць. Пакуль няма сур’езнага разумення мэтаў фестывалю, не будзе ні ўсвядомленай падрыхтоўкі, ні якасных прац.

Таму і даводзіцца канстатаваць, што замежныя ўдзельнікі конкурсу пакуль яўна выйграюць. І гэты факт павінен стаць для будучых удзельнікаў матывацыяй зрабіць штосьці такое, каб гледачам за гэта не было сорамна.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"