Лінейныя гісторыі кіношнага “сторытэлінгу”

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

31 студзеня падведзены вынікі Міжнароднага фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm — 2019. А тыднем раней быў прадэманстраваны шорт-ліст народнага галасавання, складзены з дзесяці кароткаметражак.

/i/content/pi/cult/731/15893/13.jpgФестываль, арганізатарамі якога выступаюць кампанія velcom і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з кожным годам пашырае маштаб. Сёлета на конкурс былі дасланы ажно 334 творчыя працы з больш як 60 краін свету: што ні кажыце, а смартфоны ёсць паўсюль — ад Венесуэлы да ПАР. Лічбы не могуць не ўразіць. А як з уласна мастацкім складнікам?

Сёлета тэма фестывалю і ягоны дэвіз былі акрэслены фразай “Заснавана на рэальных падзеях”. Гэты ж “пароль” патрабаваўся ў пачатку ці завяршэнні артыкулаў пра “Смарт-фільм”, якія маглі быць вылучаны на журналісцкі конкурс, паралельны асноўнаму.

Мяркуючы па работах шорт-ліста народнага галасавання, дзе былі дзевяць беларускіх работ і адна расійская, гэтая фраза стала для многіх “смарт-рэжысёраў” даволі складаным выпрабаваннем. Бо ўсе схіліліся да “пераказвання гісторый” — да гэткага кіношнага “сторытэлінгу”. Гісторыі і сапраўды былі даволі займальнымі, а вось іх “пераказ”… Як высветлілася, пераадолець “супраціўленне матэрыялу” змаглі не ўсе. Атрымаліся стужкі з паслядоўным лінейным разгортам, “расказаныя” зусім нецікава, без адметных аператарскіх ракурсаў, раскрыцця магчымасцяў мантажу (ці, наадварот, прыёму “доўгага кадру”, які так уразіў прафесійнае журы летась).

Шчыра прызнацца, выбіраць асабліва не было з чаго — прынамсі, у параўнанні з мінулым годам. Можа, гэта прапанаваная тэма так сапсавала вынікі? Але пасля дэманстрацыі стужак шорт-ліста адбылася прэзентацыя пілотнай серыі трэцяга сезону “Хачу дадому” — дакументальнага YouTube-серыялу Леаніда Пашкоўскага. Гэты аповед пра Тыбет, зняты спрактыкаваным падарожнікам (і, вядома, “заснаваны на рэальных падзеях”), давёў, што мастацкасць “рэальнасці” не перашкода. Там было ўсё: інтрыга, нечаканыя павароты, разнастайныя ракурсы, адмова ад лінейнай паслядоўнасці, мантаж і добры адбор таго, што патрапіць у стужку.

Што ж, параўнаем народны шорт-ліст з галасаваннем прафесійнага журы?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"