Як вынайсці атракцыён

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Гісторыя прафесійнага цыркавога мастацтва ў нашай краіне ледзь не на стагоддзе большая за гісторыю ўласна Белдзяржцырка. Але заканамерна, што менавіта ў яго сценах некалькі гадоў таму адкрылі прысвечаны гэтай тэме музей. Патрапіць туды можна не кожны дзень, бо ён працуе па папярэднім запісе. Але ў журналіста “К” гэта атрымалася. Я пазнаёмілася з паветранай гімнасткай і экскурсаводам Анастасіяй ТУМАНАВАЙ, а таксама даведалася, каму апладзіравалі першыя гледачы айчыннага цырка і навошта манеж засейвалі пшаніцай.

/i/content/pi/cult/731/15892/12.jpgПершае, што кідаецца ў вочы, калі ўваходзіш у музей — гэта вялікія старыя афішы і аркушы паперы за шклом з нечытэльным почыркам — рэклама прадстаўленняў канца XIX стагоддзя і прашэнне ў Мінскае губернскае ўпраўленне на пабудову першага цырка.

— Дзесьці ў 1850-я ў Мінск пачалі завітваць прафесійныя замежныя цыркі. Адначасова некалькі перасоўных шапіто маглі стаяць у горадзе ў розных месцах, — расказвае Анастасія. — Але першы менавіта мясцовы цырк з’явіўся ў 1884 годзе, калі браты Нікіціны
падалі адпаведнае прашэнне. Ім далі дазвол — і неўзабаве драўляны цырк з’явіўся на тады яшчэ Саборнай плошчы дзесьці паміж сучаснай ратушай і кансерваторыяй. Але яго вырашылі перанесці, бо далося ў знакі суседства з храмамі. Расказвалі, быццам гэтую справу адклалі, калі ў наш горад прыехаў ужо знакаміты на той час цырк Чынізэлі (цяпер Цырк на Фантанцы ў Санкт-Пецярбургу).

Яго афіша 1885 года таксама захавалася і вылучаецца на фоне астатніх тым, што літарамі на ёй напісана толькі назва — усё астатняе патлумачана малюнкамі.

— Мяркую, гэта з-за таго, што не ўсе людзі тады былі пісьменнымі, а тут адразу можна зразумець, што за нумары ў праграме, якіх жывёл прывезлі — усё намалявана, — кажа экскурсавод. — Цырк Чынізэлі яшчэ выступаў на Саборнай плошчы, але потым цыркавы будынак усё адно перанеслі ў іншае месца, ды не аднойчы. Ён і на Камароўскім полі пастаяў, і каля Траецкай гары, пакуль не апынуўся ў Гарадскім садзе каля Свіслачы — прыкладна на тым месцы, дзе цяпер стаіць помнік Максіму Горкаму.

Шапіто ля ракі

/i/content/pi/cult/731/15892/11.JPGУ экспазіцыі музея захаваўся яго здымак прыкладна канца 1930-х гадоў — ужо пасля рэканструкцыі. Крыху бянтэжыць надпіс “Цирк Гладильщиков”, які красуе на даху.

— Мікалай Гладзільшчыкаў — першы рускі дрэсіроўшчык змешанай групы жывёлаў. У яго ў нумары былі і белыя мядзведзі, і бурыя, і тыгры, і сабакі, — распавядае Анастасія. — Да пэўнага часу на цырку было прынята пазначаць вялікімі літарамі прозвішча таго, на каго ішлі гледачы — артыста з галоўнага нумара праграмы. Вось чаму атрымалася такое словазлучэнне.

Па іншых здымках побач відаць, што ў мінскім шапіто ў пачатку XX стагоддзя выступалі знакамітыя акрабаты Сабалеўскія, клоўны Віталь Лазарэнка і браты Танці, дрэсіроўшчык Уладзімір Дураў.

— Артысты заязджалі туды толькі ў цёплы час, бо гэта ж паўстацыянарны летні цырк. Ён быў крохкай канструкцыі — дрэва і брызент, не ацяпляўся, — кажа экскурсавод. — Але будынак прастаяў да пачатку вайны, пакуль не згарэў у чэрвені 1941 года пасля бамбёжкі. Расказвалі, быццам марскіх коцікаў прыйшлося выпускаць тады проста ў Свіслач, каб выратаваць жывёл. Далейшы іх лёс невядомы.

Артыстаў эвакуіравалі ў Омск, дзе беларускі цырк працягваў працаваць на чале з дырэктарам Барысам Кабішчэрам. Дзякуючы яго намаганням, па завяршэнні вайны, цырк у Мінску ўзнавілі на тым самым месцы — на беразе ракі, дзе ён і працаваў да 1958 года.

З ускраіны ў цэнтр

У 1954 годзе непадалёк ад яго распачалі вялікую будоўлю.

— Да гэтага часу каменных цыркавых будынкаў увогуле было вобмаль, але ў 1950-я гады пачаўся заўважны пераход ад шапіто і паўстацыянараў да буйных стацыянараў. Урад СССР прыняў рашэнне ўзвесці ў краіне 20 цыркаў. Пачалі з Мінска.

Аўтар праекта — архітэктар Уладзімір Жукаў. Па яго ж праектах будавалі цыркі ў Ніжнім Ноўгарадзе і Кіеве.

— Вось ён на фота разам з дырэктарам Барысам Кабішчэрам, — звяртае ўвагу экскурсавод. — Бачыце, зняты і пачатак закладкі. Цікава, што першапачаткова будоўлю хацелі распачаць на ўскраіне Мінска, у раёне Аўтазавода. Гэтаму не дазволіла адбыцца жанчына ў белым пінжаку на здымку — прымадонна Вялікага тэатра і дэпутат Вярхоўнага савета БССР Ларыса Пампееўна Александроўская, якая сабрала подпісы дзеячаў культуры краіны для таго, каб цырк усё ж з’явіўся ў цэнтры. І зараз да нас аднолькава зручна дабірацца з любога канца горада.

На манежы — ільняное поле

Днём нараджэння Белдзяржцырка лічаць 1 лютага 1959 года — тады на манежы новаўзведзенага будынка паказалі першую праграму.

— Ірына Сідоркіна са сваімі марскімі коцікамі, Барыс і Антаніна Манжэлі з цудоўным конным нумарам, дрэсіроўшчык Алібек Канцяміраў, знакаміты эквілібрыст Яўген Мілаеў (ён потым стаў мастацкім кіраўніком цырка), канатаходзец Эльміра Касічэнка, Анатоль Вязаў у сваім знакамітым палёце на трапецыях, запрошаны ўзбекскі госць Кадыр Гулям… Там былі задзейнічаны лепшыя сілы, — пералічвае ўдзельнікаў першага шоу Анастасія Туманава. — Усе нумары злучаў такі персанаж, як Несцерка — каб дадаць праграме беларускага каларыту.

Меркавалася, што ў кожнага з 20 цыркаў будзе не толькі ўласны будынак, але і калектыў, каб выпускаць свае праграмы. Адна з першых айчынных — “Бывайце здаровы”. У цыркавым музеі можна адшукаць чорна-белы здымак 1962 года, на якім гэтая назва нават красуе на фасадзе цырка. А крыху вышэй — па традыцыі, якая тады яшчэ падтрымлівалася — прозвішча аўтара галоўнага атракцыёна (так называюць самыя эфектныя нумары) той праграмы: Шаг.

— Ілюзіяніст Анатоль Шаг быў тады мастацкім кіраўніком цырка і выходзіў на манеж з цудоўным нумарам, — расказвае экскурсавод. — Пасярод манежа на пастаменце стаяў сам артыст. Вакол яго — нібыта пшанічнае поле, па якім гуляе балет. Увесь нумар быў пабудаваны на змене святла. Яго бесперапынна ўключалі і выключалі літаральна на секунду, але за гэты час манеж цалкам змяняўся. Напрыклад, былі пшанічныя каласы, але некалькі секунд цемры — і на манежы ўжо блакітны лён. А балет усё гэтак жа гуляе. Глядач на падлогу пазірае — адкуль там што расце, не відаць. Але зразумела, што нічога вынесці або прынесці за гэты час немагчыма.

Рушым далей

Праграма змяняла праграму, жыхары Мінска прызвычаіліся да новай культурнай кропкі на праспекце, але сабраны першым дырэктарам Беларускі калектыў праіснаваў толькі да 1974 года.

— Пачала змяняцца сама структура цыркаў — хтосьці хацеў развівацца сольна, хтосьці з’язджаў-прыязджаў, інакш фарміраваліся і перамяшчаліся праграмы, — тлумачыць Анастасія. — Але наш цырк быў і застаецца пастановачным — для кожнага нумара ёсць свая задумка рэжысёра, пішацца музыка, шыюцца касцюмы. Тут з’явіліся шмат цудоўных нумароў-атракцыёнаў, якімі захапляліся гледачы ў іншых цырках. Вось Юрый і Наталля Аляксандравы — у іх быў вельмі складаны рамантычны нумар у паветры, з якім яны занялі другое месца на фестывалі ў Монтэ-Карла ў 1978 годзе. Вось Ларыса і Аляксандр Пасечнікі — у іх таксама быў паветраны нумар на катушках. Наш знакаміты клоўнскі дуэт Фёдара Гулевіча і Аляксандра Варанецкага… Раней жа людзі прыходзілі на артыстаў, гэта цяпер сітуацыя крыху змянілася, і большую ролю
адыгрываюць тэхналагічныя спецэфекты. Але цырк працягвае свае творчыя пошукі. З 2000 года ў нас нанова створаны штат артыстаў. Жыццё ідзе сваей хадой — рушым далей.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"