Перараджэнне духа агню

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Калі-нікалі даводзіцца чуць, што культурніцкія сілы сканцэнтраваныя ў сталіцы, а за Мінскай кальцавой дасведчаных кадраў і крэатыўных асоб бракуе. Знаёмства з бабруйскім мастаком-керамістам Валерыем Калтыгіным гэтую тэзу абвяргае. Яму ўжо за 70, але, нягледзячы на ўзрост, ён літаральна іскрыцца імпэтам. Нязменны кіраўнік вядомага на ўсю краіну пленэру керамістаў “Арт-Жыжаль”, лідар мясцовай мастакоўскай грамады, ініцыятар розных праектаў — урэшце проста мясцовы брэнд! Тым не меней, унікальны ў маштабах краіны міжнародны пленэр, названы ў гонар язычніцкага бога агню, летась не адбыўся. Надта засмучацца не выпадае: ён перайшоў у фармат біенале і таму сёлета ўжо пройдзе. І гэтыя змены, пэўна, не адзіныя. Праблемы вялікай арт-імпрэзы ў не надта вялікім горадзе, несумненна, вартыя ўвагі.

/i/content/pi/cult/731/15890/7.JPGНапісанае застаецца

Свой 70-гадовы юбілей мастак вырашыў адзначыць напісаннем кнігі пра ўласную прафесію, якая ў яго мае дзве іпастасі: ён адначасова і творца, і настаўнік. Спадар Валерый — выдатны майстар мастацкай керамікі, які шмат і плённа працуе з моладдзю і дзецьмі. Кніга мае немудрагелістую назву “З досведу настаўніка керамікі” і разлічаная найперш на маладзейшых калегаў. Па словах аўтара, патрэба напісаць гэты дапаможнік прыйшла праз усведамленне, што за неадкладнымі справамі і штодзённым тлумам ён можа проста не паспець занатаваць у даступнай для іншых форме свой настаўніцкі досвед. Між тым, мастаку хацелася б, каб ягоная справа працягвалася і тады, калі ён сам будзе вымушаны адысці ад выкладчыцкай працы. Кніга спадара Валерыя можа дапамагчы маладым выкладчыкам керамікі зрабіць першыя крокі не навобмацак, а па пракладзенай дарозе. Сам аўтар характарызуе сваю кнігу так:

— У адным з апошніх нумароў “Культуры” ёсць інтэрв’ю з акварэлістам Вячаславам Паўлаўцом. Там ён, у прыватнасці, гаворыць, што нават калі б ягоны альбом-манаграфія не быў выдадзены, ён бы ўсё адно атрымаў задавальненне ад працы над ім. Магу сказаць тое самае. Я выказаўся, абагульніў свой досвед. І насамрэч лічу, што “напісанае застаецца”. Мая праграма, так бы мовіць, пайшла ў народ. Ужо чуў ад прафесіяналаў, што кнігу варта дапрацаваць, дапоўніць і выдаць нанова. Я, канешне, не супраць, але… Гэты наклад я рабіў сваім коштам, а на другі хай бы раскашэліліся зацікаўленыя арганізацыі і асобы. Ды і часу ў мяне цяпер няма вяртацца да гэтай кнігі, бо я ўжо заняты іншай — пра гісторыю пленэру “Арт-Жыжаль”.

За сябе і за таго хлопца

Міжволі ўзнікае пытанне: а якая ў гэтым патрэба? Гісторыя пленэру (ці сімпозіума, каму як падабаецца) досыць падрабязна занатавана ў афіцыйных паперах, буклетах, журналісцкіх публікацыях, нататках мастацтвазнаўцаў. Але спадар Валерый запэўнівае: шмат чаго ўсё адно застаецца “за кадрам”. І часам гэта вельмі важныя рэчы, без якіх немагчыма зразумець, чаму “Арт-Жыжаль” з’явіўся і чаму пражыў так доўга.

— Колькі аналагічных творчых фэстаў у Беларусі спрабавалі наладзіць — ды не надта атрымлівалася! — кажа ён. — Правядуць адзін — другі — і ўсё. Дарэчы, і ў Расіі падобная сітуацыя, хоць і грошай там болей.

Валерый Калтыгін даўно стаў заўсёднікам падобных мерапрыемстваў у Расіі. Зусім нядаўна ездзіў у Новасібірск на 14-ты Міжнародны сібірскі фестываль керамікі, дзе быў старшынёю журы. Маштаб мерапрыемства яго ўразіў. Арганізацыя такога фестывалю патрабуе значна большых высілкаў і сродкаў, чым “Арт-Жыжаль”.

/i/content/pi/cult/731/15890/8.JPG— Складаецца ўражанне, што фактычна ўвесь немалы горад працуе на гэты фэст, — кажа кераміст. — Але жыццяздольных культурніцкіх імпрэз фармату “Арт-Жыжалю” і ў суседзяў няшмат.

Як на маю думку, сакрэт поспеху сфармуляваць не так і складана. Рэч у тым, што нават пры наяўнасці адпаведных рэсурсаў усё залежыць ад крэатыўнай асобы, ад рызыканта, які гатовы браць на сябе адказнасць і спрактыкавана дзейнічаць у “няштатных сітуацыях”, што ў такой справе ўзнікаюць непазбежна. А гэткіх асобаў бракуе паўсюль.

— Кераміка ж — найцяжэйшы від мастацтва, — дадае “бацька” пленэру. — І людзі стамляюцца, і грошай бракуе, і вынікі могуць не задавальняць арганізатараў. Чапляецца адно за адно — і гіне справа.

У будучай кнізе будзе адлюстраваны і такі павучальны эпізод. Фактычна гісторыя “Арт-Жыжалю” пачалася ўвесну 2002 года. Але ў тым самым годзе правесці пленэр не атрымалася. Прычына адна — пачынаць падрыхтоўку трэба было раней, лепш за ўсё яшчэ з восені, калі акрэсліваюцца планы мерапрыемстваў на будучы год і прымаюцца рашэнні аб іх фінансаванні. Таму першы пленэр адбыўся толькі годам пазней. Трэба адзначыць, што ідэя была прыязна прынятая
мясцовай уладай — хаця дастасаваць “Арт-Жыжаль” да плану мерапрыемстваў аказалася няпроста.

— Як ты яго прыладкуеш да ўшанавання героя ці нейкай падзеі? — разважае Валерый Калтыгін. — Гэта ж не жывапіс, а кераміка — значыць, чыстае формаўтварэнне! Жывапісцам увогуле прасцей пленэр наладзіць. Прыехалі, выгрузіліся — і пішы краявіды. А ў нас усё звязана з матэрыяльнай базай. Яшчэ арганізатары замаўляюць нам пэўную тэматыку. Прыязджае кераміст, скажам, з Турцыі, і я мушу ставіць яго ў нейкія рамкі… Навошта яму гэта? Але даводзілася прымушаць іх упісвацца ў фармат.

Або пяць ці шэсць гадоў мы факусіраваліся на аздабленні аб’ектаў у Бабруйску, каб муніцыпальнае кіраўніцтва адчувала, што пленэр гораду патрэбны.

— Натуральна, былі размовы: “Валерый Аркадзьевіч, ну так, у сталіцы і за мяжою пленэр ведаюць, але Бабруйску з гэтага якая карысць?” — распавядае спадар Калтыгін. — Давайце аб’екты ў горадзе аздабляць. І мне ў дадатак да ўсіх арганізацыйных клопатаў трэба яшчэ зрабіць канцэпцыю той аздобы. Зразумела, бясплатна. Я даю заданне кожнаму мастаку, і той робіць сваю працу ў акрэсленых памерах і канструктыўных рамках. А мне ўсё гэта пракантраляваць. Часам перарабляць прымушаў. Добра, сваім беларусам я яшчэ неяк магу загадаць, каб рабілі, што трэба. А калі нейкія замежнікі? Але прымушаў, калі трэба, дык і перараблялі. Бегалі за мною: “Валерый Аркадзьевіч, паглядзіце, я правільна зрабіў?” Гэта што, мая праца? Шэсць гадоў так было, а потым я адмовіўся.

Тое, што пленэр мае статус міжнароднага, безумоўна, надае яму вагі. Але і стварае пэўныя праблемы: хаця б нават праз розную ментальнасць удзельнікаў.

— Уявіце, прыязджаюць керамісты з далёкага замежжа, якія ў сябе на радзіме мэтрамі лічацца, а я прымушаю іх у печку лезці! — кажа мастак. — А ім тая печка — да лямпачкі, раней яны да яе і блізка не падыходзілі. Бо дома прызвычаіліся да таго, што яны вылепілі, а нехта хай робіць абпал. Так што нашы ды з блізкага замежжа керамісты былі змушаныя “араць” за сябе і за таго хлопца.

Відаць, сітуацыя была б іншай, калі б на “Арт-Жыжалі” ўдзельнікі мелі больш дасканалую тэхнічную базу. Тады можна было б засяродзіцца на творчасці, а вытворчыя пытанні сталі б другаснымі.

— Мы прызвычаіліся ўвесь час рабіць нешта з нічога, — кажа суразмоўца. — Нашым жа замежным гасцям гэта бывае не зусім зразумела. Больш-менш маем у гэтым сэнсе паразуменне хіба з мастакамі з суседніх краін.

Прывабіць майстар-класам

Была ў арганізатараў пленэру ідэя прыцягнуць да “Арт-Жыжалю” ўвагу мастацкіх ВНУ Беларусі, а найперш — сталічных. За гэтым тоілася спадзяванне, што сталіца ў перспектыве возьме пленэр пад сваё крыло, і такім чынам шмат матэрыяльных і фінансавых праблем будзе вырашана. Прычым усе разумелі, што запрашэнне пачаткоўцаў паніжае якасць, разбаўляе ўзровень пленэру. Кожным разам на “Арт-Жыжаль” сталі прыязджаць чатыры — пяць студэнтаў — у тым ліку замежных. Некаторыя з іх ужо паспелі стаць мэтрамі ў сябе на радзіме.

— Але паколькі пленэр як быў, так і застаўся справай чыста бабруйскай, а не агульнабеларускай, можна сказаць, што такі адукацыйны фармат сябе ўжо вычарпаў, — кажа спадар Валерый.

Падаецца, пленэр стаў для горада чымсьці накшталт чамадана без ручкі, які і цягнуць цяжка, і кідаць крыўдна. Гэта, безумоўна, брэнд, але на ягонае абслугоўванне сродкі знаходзіць усё цяжэй, а прыбытку відавочнага няма. Можна зразумець незадавальненне Валерыя Калтыгіна сітуацыяй, калі пленэр не тое каб гібее, але і не развіваецца. Але трэба браць пад увагу і пазіцыю бабруйскай улады, якая хацела б адаптаваць “Арт-Жыжаль”, народжаны ў іншым часе, да сённяшніх сацыяльна-эканамічных рэалій. А на тое, што працэс ідзе замаруджана, ёсць аб’ектыўныя прычыны.

Зрэшты, самае важнае, што ён — ідзе. Вось і ў горадзе “Арт-Жыжаля” плануецца стварыць Цэнтр керамікі. Прычым ягоную канцэпцыю распрацоўвае менавіта Валерый Калтыгін. Размясціцца ён мае ў былым Доме афіцэраў, апошнім кватарантам якога быў філіял Беларускага эканамічнага ўніверсітэта. Спадару Валерыю прапанавалі на выбар тры варыянты, але дасведчаныя людзі яму параілі засяродзіцца на гэтым. Цэнтр горада, вялікі двор, няма суседзяў. Новая ўстанова будзе мець залы пастаяннай і зменнай экспазіцый, лекцыйную аўдыторыю, майстэрні.

— Пакуль вырашаецца пытанне юрыдычнага абгрунтавання, — кажа ён. — Альбо мы будзем да кагосьці дапасаваныя, альбо станем самастойнай юрыдычнай асобай.

Начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама Вадзім Шчэрбіч, які часта кантактуе па гэтым пытанні са спадаром Валерыем, разважае мудра:

— Калі ты працуеш з прафесіяналам — а Валерый Аркадзьевіч, безумоўна, прафесіянал — ты пастаянна маеш нейкія нязручнасці. Але гэта значна лепей, чым камфортнае суіснаванне з абыякавым дылетантам, ад якога не ведаеш, чаго чакаць.

Вадзім Шчэрбіч упэўнены, што імпэт і талент Валерыя Калтыгіна яшчэ паслужаць гораду і кране. І сапраўды, хочацца спадзявацца, што ідэі “Арт-Жыжаля” спазнаюць далейшае развіццё — шмат у чым дзякуючы апантанасці яго стваральніка і здольнасцю браць на сябе адказнасць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"