У памяць пра даследчыка мінуўшчыны

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

5 лютага перастала біцца сэрца знакамітага беларускага гісторыка Міхаіла Паўлавіча Касцюка. Пражыўшы 78 гадоў, ураджэнец вёскі Масцішча Навагрудскага раёна пакінуў па сабе годную памяць. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар, аўтар 246 публікацый ягоных заслуг і рэгалій не пералічыць.

/i/content/pi/cult/731/15889/6.jpgМіхаіл Касцюк быў датычны да арганізацыі навуковых даследаванняў у розных якасцях. У 1988 — 1999 гадах ён займаў пасаду дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі. За гэты адрэзак часу былі актыўна падлучаныя механізмы народнай дыпламатыі, наладжаны кантакты з падобнымі навуковымі ўстановамі іншых краін.

Але самая галоўная заслуга дырэктара заключаецца ў тым, што інстытут удала перабудаваўся ў адпаведнасці з новымі рэаліямі. Палепшылася ў колькасных і якасных адносінах друкаваная прадукцыя, у якой усё часцей сталі прасочвацца зняцце праблемных комплексаў і канцэптуальныя прарывы. Пры падрыхтоўцы фундаментальных прац дырэктар інстытута часта выступаў і як адзін з галоўных аўтараў, і як рэдактар. У якасці прыкладу можна назваць “Нарысы гісторыі Беларусі”.

У наступны перыяд, калі навуковец узначальваў адзін з аддзелаў інстытута, былі падрыхтаваны такія фундаментальныя працы, як шасцітомная “Гісторыя Беларусі”, “Беларусы ў Сібіры”, “Гісторыя Мінска”, “Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах 1946 — 2006 гг. ” ды многія іншыя.

Міхаіл Касцюк пастаянна прапагандаваў гістарычныя веды ў электронных і друкаваных СМІ. Ён пастаянна ўдзельнічаў у стварэнні дакументальных тэлефільмаў па гісторыі Беларусі, якія выходзілі на цэнтральных каналах.

Сёння можна адназначна сцвярджаць, што выбітны навукоўца здолеў сфарміраваць уласную школу. У яе ўваходзяць 2 дактары і 19 кандыдатаў гістарычных навук, а таксама аспіранты. Хочацца верыць, яны працягнуць шлях выбітнага вучонага, уладальніка медаля Францыска Скарыны.

А мы, калегі, будзем заўсёды захоўваць пра яго светлую памяць.

Міхаіл СТРАЛЕЦ,
доктар гістарычных навук, прафесар