Надзвычай музычны перакладчык

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

У сераду, 6 лютага, беларуская грамадскасць развіталася з выдатным перакладчыкам Васілём Сёмухам. Дзякуючы гэтаму неверагоднаму чалавеку і высокакласнаму прафесіяналу, многія скарбы сусветнай літаратуры можна прачытаць па-беларуску. Васіль Сяргеевіч перакладаў з нямецкай, польскай, латышскай і многіх іншых моваў, яго словамі гаварылі з драматычных і музычных падмосткаў. Няма сумневу, ён увайшоў бы ў гісторыю нават у адной сваёй іпастасі — як бацька беларускага “Фаўста”. А быў жа яшчэ і пераклад Бібліі, і многае-многае іншае! Была ў яго жыцці і такая малавядомая для многіх старонка, як пераклад лібрэта да опер, над якімі спадар Сёмуха працаваў разам з кіраўніком “Беларускай капэлы” Віктарам Скарабагатавым. Аглядальнік “К” папрасіла заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь ўспомніць тыя моманты.

/i/content/pi/cult/731/15888/5.jpg— Васіль Сёмуха зрабіў неверагодна многа для нацыянальнага музычнага мастацтва! Нашае знаёмства пачалося з сумеснай працы над операй “Фаўст”. Я не памятаю, хто мне даў яго тэлефон, аднак пасля майго званка ён адразу прыехаў у тэатр і мы пачалі шчыраваць над лібрэта. Справа была няпростая, бо неабходна было выверыць рытмаарганізацыю не толькі тэксту Гётэ, але і музычнага твора князя Антонія Хенрыка Радзівіла. А там нюансаў было вельмі шмат — напрыклад, пасярод слова ўзнікала паўза. Цягам года мы працавалі практычна штодзённа. З Васілём Сяргеевічам было лёгка супрацоўнічаць, бо ён чалавек надзвычай музычны. Нават на здзіўленне, бо не з’яўляўся прафесійным музыкантам. Я меў прафесійныя зносіны са многімі літаратарамі і добра ведаю, што такім музычным чуццём мала хто валодае.

Васіль Сяргеевіч не толькі займаўся непасрэдна перакладам, але і глыбока даследаваў твор. Цяжка нават уявіць, колькі ён перакапаў літаратуры, датычнай “Фаўста”! Напрыклад, разнастайныя ўступныя артыкулы да твора, а таксама да клавіра і партытуры Радзівіла, якая пабачыла свет у 1835 годзе. Мы з ім глыбога занурыліся ў каментарыі, каб зразумець, што і калі было напісана Гётэ непасрэдна да трагедыі, калі была створана музыка. У выніку, прыйшлі да высновы, што Гётэ пагадзіўся з тым кірункам, які пранаваў яму Радзівіл, вывеўшы ў галоўныя героі не Фаўста, а Грэтхен, і сам напісаў да оперы князя лібрэта і нават дапісаў некаторыя фрагменты, якіх няма ў знакамітым творы.

Гётэ ўжо меў досвед працы ў тэатры, і таму цудоўна разумеў розніцу паміж драматычным творам і лібрэта, бо ў оперы драматургам з’яўляецца не паэт, а менавіта кампазітар. Безумоўна, без Васіля Сяргеевіча мы б не змаглі выдаць клавір оперы — па сутнасці, другое перавыданне “Фаўста” Радзівіла.

У той жа “фаўстаўскі” час з’явілася ідэя перакласці на беларускую мову самыя галоўныя вакальныя цыклы нямецкіх кампазітараў. Так, рускамоўныя варыянты ўжо існуюць, але калі іх выконваць у тым тэмпе, у якім напісана музыка, то абавязкова губляецца ці літара, ці нота. Як тлумачыў нам Васіль Сяргеевіч, тыя пераклады стваралі ў ХІХ стагоддзі, калі ў Расіі яшчэ не было досведу працы з тэкстамі для спеваў. А вось беларускамоўныя пераклады Сёмухі выдатна кладуцца на музыку і не выклікаюць у выканаўцаў аніякіх праблем.

Васіль Сёмуха настолькі прызвычаіўся працаваць з музыкантамі, што не трэба было яму доўга тлумачыць, чаму і навошта. Мы бачылі прафесіяналізм найвышэйшага ўзроўню, творчую занепакоенасць, прагу ўвесь час штосьці рабіць. У ліку яго перакладаў для нас — творы Генрыха Шутца і Іагана Себасцьяна Баха, лібрэта да оперы Станіслава Манюшкі “Латарэя”, ацалелыя фрагменты з оперы “Чужое багацце нікому не служыць” Яна Голанда. Менавіта Васіль Сяргеевіч падказаў нам звярнуцца да драматурга Сяргея Кавалёва, каб па захаванай сюжэтнай канве той стварыў паўнавартасную п’есу.

Існавала шмат перакладаў тэкстаў Міхала Клеафаса Агінскага, але яны былі нейкія няўклюдныя, не вельмі паэтычныя. Васіль Сёмуха сур’ёзна занурыўся ў французскую мову і зрабіў да юбілею кампазітара цудоўныя пераклады яго вершаў для выканання вакалістамі. У пецярбургскай Публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына мы натрапілі на 12 рамансаў і лібрэта да оперы “Маргер” ураджэнца Ліды Канстанціна Горскага. Опера зроблена па матывах аднайменнай паэмы Сыракомлі. Васіль Сяргеевіч пераклаў увесь гэты скарб. Цяпер мы прыводзім клавір у адпаведнасць з сучаснай нотаграфіяй, рыхтуем яго да выдання і спадзяёмся, што калісьці ўсё гэта ўвасобіцца ў спектакль. Балазе, сюжэт той оперы — папраўдзе галівудскі! Шкада толькі, што шаноўны спадар Васіль яе не пабачыць...

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота з асабістага архіва Віктара Скарабагатава