Кніга як жывы факт

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Звыш 430 экспанентаў, 35 краінаў, каля 400 самых розных акцый і мерапрыемстваў. Усё гэта — пра XXVI Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, што адкрылася ў павільёне “БелЭкспа” на праспекце Пераможцаў у сераду, 6 лютага, а завершыцца толькі заўтра.

/i/content/pi/cult/731/15886/3.JPGЗнайдзі сваё

Урачыстая цырымонія адкрыцця форуму распачалася з таго, што намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Уладзімір Жаўняк агучыў прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам выставы.

“На працягу многіх гадоў гэты форум з’яўляецца значнай культурнай падзеяй у жыцці Беларусі, збіраючы вядомых публіцыстаў, пісьменнікаў і выдаўцоў з усяго свету, умацоўваючы прафесійныя і дзелавыя сувязі паміж імі, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы. — Кнігавыданне па-ранейшаму застаецца візітнай карткай нашай краіны, звязвае яе багатае гістарычнае мінулае і імкненне сучаснікаў да захавання і ўзбагачэння культурнай спадчыны папярэдніх пакаленняў”.

Прэзідэнт у сваім прывітальным слове выказаў перакананне, што гэта мерапрыемства будзе садзейнічаць папулярызацыі кнігі як асновы адукацыі і духоўнага развіцця, пошуку новых ідэй і ўзаемавыгадных кантактаў у гуманітарнай сферы.

Асабіста, разам з іншымі прадстаўнічымі асобамі, павітаў удзельнікаў форуму міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч.

— Мы ўдзячныя ўсім, хто сёння ставіцца да кнігі, як гаварыў Максім Горкі, як да жывога факта, — сказаў Алесь Карлюкевіч. — А наведвальнікам выставы я жадаю знайсці сваю кнігу.

Сакрэты майстроў

Пажаданне міністра было пачутае адразу: я штораз бачыў, як нехта з наведвальнікаў набываў упадабаныя кнігі або проста гартаў старонкі новых выданняў, узіраючыся ў ілюстрацыі ды тэксты. Найбольш цікаўныя заўзятары “акупавалі” цэнтральны стэнд, на якім быў выстаўлены стылізаваны друкарскі станок XVI стагоддзя і калекцыя з фондаў Уладзіміра Ліхадзедава — паштоўкі і фатаграфіі канца XIX — пачатку XX стагоддзя, кнігі і іншыя рарытэтныя экспанаты, прысвечаныя Году малой радзімы.

Тут жа можна было ўбачыць арыгінал — так, так, не макет, а арыгінал! — “Малой падарожнай кніжыцы” Францыска Скарыны 1522 года выдання. А яшчэ многія госці выставы са здзіўленнем разглядалі рарытэтныя беларускія азбукі, прадстаўленыя ў экспазіцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што мела назву “Беларускі буквар: чатыры стагоддзі гісторыі”.

На стэндзе Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі я разгаварыўся з Аленай Гурэцкай, народным майстрам, якая праводзіла для наведвальнікаў майстар-клас і навучала ўсіх ахвотных сакрэтам пляцення вырабаў з лазы. Акрамя таго, тут жа можна было пагартаць і набыць новую кнігу Алены Васільеўны пад назвай “Лозоплетение”.

Да слова, у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” заснавана цэлая серыя кніг “Энцыклапедыя народнага майстра”. Акрамя “Лозоплетения”, у ёй выйшлі кнігі “Фантазии из кожи”, “Саломапляценне”, “Пасланні ад продкаў: пра што расказвае беларускі арнамент”.

Акрамя таго, тут жа, на стэндзе выдавецтва, можна было пагартаць яшчэ цэлы шэраг новых кніг культуразнаўчай тэматыкі. Напрыклад, мяне вельмі зацікавіў альбом работ Вітольда Бялыніцкага-Бірулі “Я ходил по родной белорусской земле. Я был счастлив…”, а таксама ілюстраванае энцыклапедычнае выданне “Музеі Беларусі”. Дзіва што: у згаданай кнізе расказваецца амаль пра 200 беларускіх музеяў і іх філіялаў, прыводзяцца звесткі пра гісторыю стварэння той або іншай установы, яе фонды і асноўныя экспазіцыі, падаецца кантактная інфармацыя. Выданне кнігі было прымеркаванае да Года малой радзімы.

Тут варта дадаць, што сёлетняя кніжная выстава перасягнула межы будынка на праспекце Пераможцаў, і “выйшла” ў народ. Так, у рамках кніжнага форуму, у Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя новых кніг выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, у Палацы мастацтваў адкрылася выстава кніжнай графікі беларускіх мастакоў, у кнігарні “КнігаПоліс” адбылася творчая сустрэча з удзелам аднаго са складальнікаў “Дзіцячага атласа Беларусі”, выдадзенага выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, Дзмітрыем Пятровічам. Таксама прайшлі шэраг мерапрыемстваў і ў іншых месцах беларускай сталіцы.

Цікавасць не змяншаецца

А на стэндзе “Тэхналогіі” я разгаварыўся з кіраўніком выдавецтва Зміцерам Санько, запытаўшы ў яго, наколькі паспяхова ідзе сёння праца ў галіне выдання літаратуры культуразнаўчай тэматыкі.

— На мой погляд, вялікая падзея ў культурным жыцці усёй краіны - нядаўні выхад кнігі “Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі” Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава, — сказаў Зміцер Санько. — Першыя 3 тысячы паасобнікаў разышліся за тры тыдні, а з агульнага накладу ў 6 тысяч экзэмпляраў на сённяшні дзень засталося толькі пару соцень.

Шырокі розгалас, па словах выдаўца, атрымала і кніга Уладзіміра Лякіна “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона” — за год наклад разышоўся цалкам, а таксама нарыс Язэпа Лёсіка “Літва-Беларусь: гістарычныя выведы”. Вельмі цікавымі для чытачоў сталіся кнігі “Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны” і “Мікратапаніміка Івацэвіччыны”, падрыхтаваныя спецыялістам у галіне лакальнай этналогіі Алесем Зайкам.

Цікавасць да літаратуры на роднай мове сапраўды не змяншаецца. “Мастацкая літаратура”, “Беларускі кнігазбор”, Выдавецкі дом “Звязда”, “Галіяфы” ды шэраг іншых выдавецтваў — як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці, — прадставілі на сваіх стэндах цэлы россып беларускамоўных кніжных навінак, здатных зацікавіць любога чытача.

Напрыклад, на стэндзе “Мастацкай літаратуры” ў дзень адкрыцця выставы можна было паўдзельнічаць у прэзентацыі кніг серыі “100 вершаў”, выдадзеных да Года малой радзімы: “Зямля бацькоў, зямля святая. Зборнік вершаў пра малую Радзіму…”, Яўгеніі Янішчыц “Кахання сад і ластаўка вясны”, Генадзя Бураўкіна “Ніці лёсу”, Пімена Панчанкі “Сэрца маё”, Міхася Стральцова “Я зноўку тут”. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў, на мой погляд, выклікала кніга Яўгеніі Янішчыц, святкаванне 70-годдзя з дня нараджэння якой адбылося летась не толькі ў Мінску, але і ў Пінскім раёне, на радзіме паэткі.

А крыху пазней тут жа, на стэндзе “Мастацкай літаратуры”, адбылася прэзентацыя кніг кітайскай паэзіі — зборнікаў вершаў “Гімн святлу” класіка кітайскай літаратуры Ай Ціна і “Метафара белага снегу” сучаснага кітайскага паэта Ван Цзянчжаа.

Асабліва шмат было на выставе дзіцячых кніг, чые яркія вокладкі першымі кідаліся ў вочы практычна на ўсіх стэндах. Скажам, на стэндзе Пасольства Швецыі я набыў чарговую кніжку пра Пэтсана і яго няўрымслівага сябра — коціка Фіндуса, перакладзеную на беларускую мову. А пазней я пабываў на прэзентацыі выдання “Эла і Сябры — 2” Цімы Парвелы, якую пераклала з фінскай на беларускую перакладчыца Алена Казлова.

Калі сыходзіў з адміністрацыйнага будынка на праспекце Пераможцаў, сустрэў адразу некалькіх сваімі знаёмых: усе яны спяшаліся, каб як мага хутчэй патрапіць на выставу. Так што, нягледзячы на інтэрнэт, гаджэты і іншыя найноўшыя тэхналогіі, цікавасць да папяровай кнігі, — прынамсі, у мінчан і гасцей беларускай сталіцы, — не знікае, а, на мой погляд, толькі павялічваецца: павільён кірмашу ў дзень адкрыцця літаральна віраваў ад тысяч наведвальнікаў самага рознага веку — ад малога да сталага.

Дарэчы, як было заяўлена падчас адкрыцця выставы, Мінскі кніжны форум штогод усталёўвае рэкорды наведвальнасці. Скажам, летась на кірмаш прыйшло каля 60 тысяч чалавек. Цікава, колькі аматараў выдавецкіх навінак завітае сюды сёлета?

Калі газета здавалася ў друк, у сталічным Палацы мастацтваў журы рыхтавалася абвясціць вынікі нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". Пра іх мы паведамім у наступным нумары.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"