Шчамялёў, які ён ёсць

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Не раз я прыводзіў да Шчамялёва шматлікіх “знакавых” і “нязнакавых” асоб. Былі сярод іх выдаўцы, мастацкія крытыкі і мецэнаты. Неяк у майстэрню я запрасіў Ігара Лучанка, які неўзабаве стаў адным з герояў карціны “Працаўнікі муз”. Яшчэ адным яго героем меўся стаць і народны артыст СССР Мікалай Яроменка, які патрапіў у шчамялёўскае “валадарства” таксама з маёй падачы — увесну 2000 года.

/i/content/pi/cult/730/15884/22.JPGУ сяброўскай гутарцы за круглым сталом мы ўтрох правялі амаль цэлы дзень. Леанід Дзмітрыевіч настолькі натхніўся яркімі ўспамінамі акцёра пра яго няпростую біяграфію, што загарэўся напісаць партрэт — дакладней, карціну-партрэт. Не паспеў... Літаральна праз пару месяцаў Мікалай Мікалаевіч памёр ад другога інфаркту.

Таксама не паспеў ён напісаць з натуры і партрэт Уладзіміра Мулявіна: адкладваў да лепшых часоў. Але ўсё ж пасля настойлівай просьбы Людмілы Крушынскай гэтае палатно з’явілася — праз паўгода пасля сыходу Песняра.

Пасланні вершамі і прозай

Між іншым, Шчамялёў — адзін з нямногіх, хто ведае маю сціплую паэзію і лічыць яе (можа — незаслужана) вартай. І ў кожным зручным выпадку пра гэта кажа. Ды і ў сваіх аўтографах на
падораных мне кнігах і альбомах амаль заўсёды піша: “Барысу Крэпаку, майму цудоўнаму сябру, паэту і мастацтвазнаўцу...”

Вершатворчасцю я вельмі захапляўся яшчэ са школьных гадоў. Пісаў для сябе, хаця зрэдку і друкаваўся ў ленінградскай “Смене” і некаторых беларускіх СМІ. Цыкл вершаў розных гадоў прысвяціў свайму сябру, а вялікую паэму “Ад Нёмана да Нёмана” (пра паход Напалеона 1812 года) падарыў яму ў дзень нараджэння 5 лютага 2002 года.

Эпісталярная спадчына ў жыцці Леаніда практычна адсутнічае: ён ніколі не любіў пісаць лістоў. Таму ў яго сямейным архіве іх проста няма, акрамя перапіскі з каханай Святланай. Тым каштоўней той адзіны ліст, які ён напісаў мне з Мінска ў Есентукі 25 сакавіка 1986 года: “Дарагі Бора! Прыемна, вельмі прыемна атрымаць ліст менавіта ад цябе. Сапраўды, шмат гадоў мы ведаем адзін аднаго. І той жыццёвы ўнутраны стрыжань, які нас аб’ядноўвае, дае нам права быць сябрамі-аднадумцамі. Чакаю цябе ў Мінску. Хачу, каб ты, менавіта ты глядзеў мае новыя работы, і вельмі хацеў бы, каб яны табе спадабаліся. Каб ты мог натхнёна пісаць і пісаць пра мастакоў, і пра мой жывапіс таксама, і наогул пра складаныя творчыя працэсы, якія адбываюцца сёння. Акрамя цябе, я не ведаю нікога, хто б так актыўна і, галоўнае, прафесійна пісаў пра выяўленчае мастацтва ў Беларусі”.

Вядома, такі доўгі шлях нашай дружбы меў не толькі адны “пазітывы”. Што тут казаць — адбываліся паміж намі і нейкія сваркі, і непаразуменні, і неразуменні адзін аднаго. Усё было... Але непрыемныя моманты і ўспамінаць не хочацца: няхай яны застануцца ў цемрыве забыцця.

Творчы працэс паводле Майстра

/i/content/pi/cult/730/15884/21.JPGАле вось што тычыцца творчых спрэчак з ім — то гэта адно задавальненне. Ён заўсёды ў курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў свеце, і асабліва ў свеце культуры. І хоць мой візаві часта здаецца перадузятым, ацэнкі яго вельмі дакладныя, а галоўнае — ён горача адгукаецца на ўсё новае, што адбываецца ў выяўленчым мастацтве. У гэтым сэнсе ў яго беспамылковы густ. Унутраная чуйка.

Ён любіць паказваць свае работы не толькі тым людзям, творчасць якіх шануе. Любіць паказваць і немастакам, калі адчувае, што гэта ім цікава. Ім, непрафесіяналам, Шчамялёў асабліва давярае. Па іх рэакцыі на яго карціны ён можа вызначыць, што ў яго атрымалася, а што — не.

Няма патрэбы паўтараць, што мастацтва Шчамялёва эмацыйнае, і аўра яго вельмі станоўчая. Аднак сам Леанід Дзмітрыевіч у жыцці — чалавек вонкава спакойны. На першы погляд, часта ён знаходзіцца ў адным і тым жа роўным стане. Я даўно заўважыў, што вялікія мастакі, музыканты, акцёры і рэжысёры, як правіла, устойлівыя ў сваіх эмацыйных праявах — глядзяць на свет шырока, спакойна і ясна. Глядзяць унутраным зрокам, як і належыць пасіянарыям.

І ў характары Шчамялёва, і ў яго жывапісе не знойдзеш дробязных марных пачуццяў, спрэс адсутнічае там агрэсіўнасць і гвалт над духам. А гэта, пагадзіцеся, — прыкмета інтэлігентнасці.

Ён — інтэлігент у вышэйшым разуменні гэтага слова. І не толькі з пункту гледжання ведаў. Адны веды не робяць чалавека інтэлігентным. Мала быць эрудытам, трэба валодаць здольнасцю думаць і суперажываць. Трэба мець яшчэ і маральнае пачуццё. Усё гэта ў майго сябра ёсць, таму што ён заўсёды ставіць духоўныя пошукі вышэй за матэрыяльныя патрэбы. Ён умее падзяліць чужы боль, умее слухаць і аднадумцаў, і апанентаў. І не вітае тых, хто слухае толькі сябе, не звяртаючы ўвагі на довады суразмоўцы.

Так, ён умее спрачацца, але не імкнецца як мага балюча “ўкусіць”. Умее згаджацца без ліслівасці, умее быць велікадушным і справядлівым. Бясстрашны, самаіранічны, дасціпны, памяркоўны да чужых меркаванняў — нават калі гэтыя меркаванні супярэчаць ягоным. Часам можа выбухнуць — калі давядуць. Можа рэзка абурыцца на чыёсьці нахабства, беспардоннасць і хлусню...

На працягу свайго доўгага творчага жыцця Шчамялёў не раз казаў: мастак творыць таму, што не можа інакш. Для яго гэта настолькі ж натуральна і непазбежна, як для качкі плаваць, а для вады — цячы пад ухіл. Пры ўсім тым, у сваёй працы ён, вядома ж, зыходзіў з пэўных установак, арыентаваўся на пэўныя ўзоры, спавядаў пэўныя ідэалы — але заўсёды меў уласны погляд на прыроду, сэнс і прызначэнне мастацтва.

Ён лічыць, што твор, пазбаўлены агульначалавечага інтарэсу, не перажыве свой век. Але ні ў жыцці, ні ў мастацтве агульначалавечага не існуе ў чыстым выглядзе: яно адліваецца ў форме канкрэтна-гістарычнай, нацыянальнай, заяўляе пра сябе на мове дадзенай эпохі. І ў гэтым выпадку можа выступаць у вопратцы надзённага. Толькі ад таленту мастака залежыць, ці адкрые ён агульначалавечае ў вокамгненным. Бо і “Дон Кіхот” быў творам “на злобу дня”: Сервантэс пісаў яго ў піку моднай пошасці — усеагульнаму захапленню рыцарскімі раманамі.

Тое ж — і ў жывапісе, і ў скульптуры, і ў графіцы, і ў манументальным мастацтве. Ад рэчаіснасці, ад паўсядзённага жыцця — праз асобу мастака і яго ўяўленне — да новай, мастацкай рэчаіснасці. Такія этапы творчага працэсу згодна са Шчамялёвым.

У фармаце “бліц”

Не раз мне даводзілася задаваць Шчамялёву пытанні. Сярод пачутых адказаў былі і такія.

— Як нараджаюцца твае палотны?

— Іншы раз гэта хутка знойдзеная кампазіцыя або нейкае сугучча фарбаў, часам — дэталі, выпадкова ўбачаныя ў жыцці. Тады і прыслухоўваешся, чакаеш, думаеш: што і чаму цябе захапіла? Паступова крышталізуецца задума, пачынае гучаць музыка колеру, рытмы, лініі. Некаторыя рэчы напісаныя “нагбом”, адразу. Іншыя доўга стаяць незавершанымі, пакуль не адкрыецца таямнічая прычына, якая выклікала іх нараджэнне. Многія задумы спеюць у альбоме, дзе я ўвесь час раблю замалёўкі...

— Што для цябе разуменне шчасця?

— Радзіма, дом, сям’я.

— Які момант у тваім жыцці самы радасны?

— Дзень Перамогі.

— А самы горкі?

— Пачатак вайны.

— Які ў цябе любімы паэт, пісьменнік, кампазітар?

— Якуб Колас з яго “Новай зямлёй”, Уладзімір Караткевіч, Сяргей Ясенін, Пётр Чайкоўскі, Уладзімір Мулявін.

— Найбольш прывабны для цябе герой рамана?

— Марцін Ідэн Джэка Лондана.

— У чым, на твой погляд, найбольш поўна выявіўся геній прыроды?

— У прыгажосці Жанчыны.

— Што для цябе сямейнае шчасце?

— Узаемаразуменне.

— Ці верыш у сяброўства?

— Веру. Доказ — мы з табой.

— Тваё стаўленне да ўдзелу ў палітычным жыцці краіны?

— Кожны павінен займацца сваёй справай.

— Кім ты марыў стаць у дзяцінстве?

— Акрабатам.

— У чым, на твой погляд, нацыянальная ідэя Беларусі?

— Самастойнасць, незалежнасць, захаванне нацыянальных святынь: ад культуры і мовы да карэнных знакаў. Але галоўнае — заставацца беларусам.

З той далёкай вясёлай пары мы з Лёнем пастарэлі. Калі я пішу гэтыя радкі, яму ўжо 96 гадоў, а мне амаль 79. Сур’ёзныя лічбы! Але хочацца думаць, што ў нашых узаемаадносінах нічога не змянілася. Хіба што мы сталі за гэты час крыху мудрэй, спакайней, больш спагадлівымі да недахопаў адзін аднаго і больш стрыманымі ў адносінах да жыццёвых негатываў ды іх носьбітаў.

Але мне ўсё здаецца, нібы мы па-ранейшаму такія ж маладыя, прыгожыя і гарэзлівыя, як і тады, у блаславёныя 1960-я, калі мы ўпершыню сустрэліся ў выставачнай зале на Ленінскім праспекце.

І што яшчэ дзіўна — за ўвесь той час я ні разу (таксама, як і ён) не адчуў сур’ёзную розніцу ва ўзросце, якая складае ні многа ні мала — 17 гадкоў! У гэтым таксама ёсць свая асаблівая ўнікальнасць, духоўная еднасць, якую ніякім алгарытмам не вымераць...

Лёс Шчамялёва — лёс пачэсны і баявы. На розных этапах жыцця ён спазнаў, што такое чалавечая несправядлівасць, здрада, зайздрасць калегаў, хітрасць “сяброў” — але выстаяў насуперак усяму. Выстаяў, не “здрабнеў” і не матляў па розных дарогах. Ці не таму ён так высока цэніць любоў гледачоў?

Пранізлівы вецер сучаснасці з маладых гадоў арганічна ўляцеў у яго жывапіс, у кожнае палатно. Шчамялёў апеў рамантыку, апеў светлую праўду, спасцігальную адно з баямі. Нават у карцінах пра вайну мастак перш за ўсё пасылае нам святло любові і надзеі. Ён перажыў, вытрываў гэтую страшную Вялікую Айчынную, прайшоў са зброяй у руках па Расіі, Украіне і роднай Беларусі, ледзь унікнуў вернай згубы ў жорсткім баі пад Калінкавічамі падчас яго вызвалення. Значыць, лёс яго аберагаў. І ў знак падзякі за гэта вось ужо шмат гадоў ён дорыць нам чароўныя жывапісныя вянкі, якія, я дакладна ведаю, ніколі не завянуць...

Барыс КРЭПАК

Фота з асабістага 
архіва аўтара