Так, смешна, але…

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Звычайна я разглядаю спектакль, зыходзячы з правілаў гульні, закладзеных рэжысёрам. Пагадзіцеся, які б не быў у аснове літаратурны матэрыял, глядач будзе ўспрымаць яго ключавыя моманты праз трактоўку пастаноўшчыка. У выпадку з “Ураджаем” купалаўскага гэты падыход развальваецца, бы тыя ненадзейныя скрыні для яблыкаў: п’еса Паўла Пражко ўпарта вывальваецца з рамак літаральнага прачытання тэксту.

/i/content/pi/cult/730/15881/18.JPGГісторыя Паўла Пражко адначасова і фантастычная, і тыповая для айчыннага тэатральнага працэсу: п’есы аднаго з самых выбітных прадстаўнікоў новай драмы атрымліваюць вышэйшыя тэатральныя ўзнагароды ў суседніх краінах, з зайздросным пастаянствам узнікаюць у замежных тэатрах, аднак на радзіме так і не трапляюць у рэпертуар дзяржаўных калектываў. Таму крок, зроблены купалаўцамі, можна лічыць прарывам: вядомага беларускага драматурга афыцыйна заўважылі.

Падагравала цікаўнасць да прэм’еры на Камернай сцэне і прозвішча Дзмітрыя Цішко: ад маладога рэжысёра чакалі смелага прачытання сучаснай драматургіі. Выпускнік Мікалая Пінігіна (ён, дарэчы, вучыўся на адным курсе разам з ужо вядомымі Віталём Краўчанкам і Аленай Ганум) пайшоў больш звыклым шляхам.

Спадар Цішко ўжо набіў руку на камедыйным жанры: як вядома, ён быў адным з рэжысёраў яскрава-іранічнага “Рэвізора”. Вось і прытчу Пражко ён прачытаў як карыкатуру на цяперашняе пакаленне. “Якая тупая сучасная моладзь!” — пасля чарговага гэгу на сцэне ўздыхнула за маёй спінай дама ў гадах. Не дзіўна, што гэты быў адзін з самых распаўсюджаных каментарыяў пасля спектакля, бо як яшчэ можна ўспрымаць чацвёрку ёлупняў, якія малатком умеюць біць толькі па пальцах, раз за разам уганяюць цвік у адну і тую ж дзірку (што, відавочна, не дапаможа ўтрымаць адарваную дошчачку на месцы), і не могуць нават сабраць яблыкі ў адну кучу?

Я бачыла другі акцёрскі склад. Марта Голубева, Таццяна Дзянісава, Дзмітрый Тумас, Андрэй Дробыш шчыра выконвалі пастаўленыя задачы, прытрымліваліся малюнку мізансцэн, “хахмілі”, куражыліся, а бліжэй да фіналу пачалі “накручваць жарсці”, усё больш экзальтавана рэагуючы на падзеі. Хутка дзеянне на сцэне пачало нагадваць стандартныя маладзёжныя серыялы на расійскіх тэлеканалах, часам з пазнавальнымі інтанацыямі накшталт “Ну, Валера!” З аднаго боку, не прычапіцца: смешна ж. Аднак ці сапраўды “Ураджай” — усяго толькі набор скетчаў пра тое, якая бездапаможная сёння моладзь?

Хіпстарскія героі і няшныя гераіні спадара Цішко — ці такія ўжо яны недалёкія? Адзін жа ўзяў у сад малаток з цвікамі на выпадак магчымага рамонту, другі адшукаў у інтэрнэце выяву яблыкаў і вычытаў, як іх патрэбна збіраць, каб тыя не згнілі назаўтра. Прага да атрымання ведаў ёсць! Толькі няма разумення, як гэта правільна прыкласці да справы.

Тэкст Пражко глыбейшы за бяздонную скрыню ў руках яго юнакоў. Ён пра кінутае пакаленне, якое прагне досведу, але не можа яго атрымаць. Нават на павярхоўным узроўні: няма ў гэтым садзе тых вопытных, хто распавядзе, як рабілася раней, каб было ад чаго адштурхнуцца ў новых абставінах. Няма каму давесці рэчы, якія калісьці былі базавымі для чалавека (хаця б накшталт таго, што на сельгаспрацы ў кароткіх шорціках не ходзяць, бо абавязкова паранішся). А калі браць шырэй, то тыя, каму сёння 25+ ці нават 35+ атрымалі ў спадчыну новы свет, да якога не прыкласці шкалу вымярэння іх бацькоў. І бездапаможнасць тут карэлюецца не з інфантыльнасцю, а з немагчымасцю атрымаць неабходныя навыкі.

Чаму так фанацеюць ад Пражко ва ўсім свеце? Ён не ідзе за агульна прынятымі правіламі, якой павінна быць драматургія, а кіруецца асабістым адчуваннем, гаворыць пра тое, што закранула яго ў паўсядзённасці (а сучасны беларускі тэатр гэта часцяком неяк сарамліва не прымячае). Таму і ў спектаклі хацелася пабачыць не толькі дэманстрацыю нямогласці сённяшняга пакалення, а падставу для разваг, чаму так адбываецца.

Шыкоўна, што імя Пражко з’явілася ў афішы нацыянальнага тэатра. Можа, гэты факт адкрые дарогу яго п’есам у рэпертуар іншых беларускіх афіш, каб глядач займеў магчымасць параўнаць і адчуць касмічную глыбіню ўспрымання айчынным драматургам нашага часу.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"