Эканомія на 114 тысячах м2

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

Нацыянальная бібліятэка Беларусі — аб’ект своеасаблівы і шматфункцыянальны. Прычым адна з гэтых функцый — іміджавая. Адпаведна, эканомія энергарэсурсаў тут павінна быць непрыкметнай для вока наведвальніка-чытача або турыста, але пры гэтым заўважнай для бюджэту ўстановы. Зрэшты, намеснік дырэктара бібліятэкі па эканоміцы і эксплуатацыі будынка Станіслаў Каспяровіч запэўніў карэспандэнта “К”, што вырашыць гэтую дылему не так і складана. Балазе сучасныя тэхналогіі дазваляюць эканоміць зусім не за кошт інтарэсаў спажыўца. Асабліва пры максімальна рацыянальным іх выкарыстанні і ўменні ўлічваць самыя розныя фактары — у тым ліку чалавечы.

 /i/content/pi/cult/170/1588/Nacyjanalka.jpg
Каштоўныя дробязі
Дарэчы, шмат якія фактары энергазберажэння былі прадугледжаны яшчэ праекціроўшчыкамі “дыямента”. Прыкладам, вокны чытальных залаў выходзяць на ўсход і поўдзень — адпаведна, сонейка зазірае туды значна часцей, чым у іншыя часткі будынка. Дробязь, здавалася б, але...
Тут дробязей не бывае — не тых памераў аб’ект. Таму любая рацыяналізацыя можа прынесці прыстойны ў плане абсалютнай сумы эканамічны эфект.
Напрыклад, свяцільнікі аварыйнага выхаду, у якіх люмінесцэнтныя лямпы плануецца замяніць на святлодыёдныя. Замест 11 ват яны спажываюць усяго пяць. Здавалася б, драбніца, але... Свяцільнікаў у “нацыяналцы” — каля тысячы.
— Уявіце сабе: плошча бібліятэкі — 114 тысяч квадратных метраў, — кажа Станіслаў Каспяровіч. — Гэта прыкладна як дваццаць дзевяціпавярховак! Цэлы мікрараён!
Прычым, адзначым, вельмі неаднародны па сваёй структуры. Таму для чытальных залаў патрэбна адно асвятленне, а, скажам, для службовых калідораў — зусім іншае. Адпаведна, адзіным “ноў-хаў” эканоміі на ўсю бібліятэку не абыдзешся — іх трэба вынаходзіць у кожным канкрэтным выпадку.
Кнігасховішчы стылабата — вялізныя памяшканні, спрэс застаўленыя стэлажамі. Заходзячы ў адно з іх, каб выканаць замову чытача, работнік бібліятэкі не павінен уключаць святло на ўсёй яго плошчы, бо кожная з залаў падзелена на сегменты, і асвятліць можна толькі тыя яе часткі, якія патрэбна. Сістэма, да таго ж, забяспечана датчыкам часу, і праз пару-тройку хвілін лямпачка гасне сама.
Дарэчы, для розных сегментаў памяшкання гэты адрэзак часу розны: яго вызначае адлегласць ад уключальніка да таго ці іншага стэлажа. Таму сітуацыя, калі бібліятэкар не паспявае знайсці патрэбную кнігу за адведзены яму “светлавы час”, узнікаць не павінна. І паколькі новае абсталяванне спрашчае жыццё, работнікі бібліятэкі прызвычаіліся да яго хутка — як і належыць прызвычайвацца да ўсяго добрага.
Чакаецца, што яшчэ большага эфекту эканоміі — прыкладна на 15% — удасца дасягнуць пасля замены рэле часу датчыкамі руху, здатнымі асвятляць толькі тыя сегменты, дзе ў дадзены момант знаходзяцца людзі. Іх эксперыментальнае ўкараненне неўзабаве пачнецца ў адной з залаў фондасховішча, ды і на лесвічных пляцоўках яны спатрэбяцца.
Загадчык аддзела абслугоўвання электратэхнічнага абсталявання і ліфтаў Андрэй Сугака распавёў і яшчэ пра адну з “дробязей”, якую бібліятэка з часам мае ўкараніць:
— Для відэаназірання патрэбна нямала святла, але калі паставіць пражэктары інфрачырвонага выпраменьвання, якія вызначаюцца сваёй эканамічнасцю, камеры будуць “бачыць” у гэтым спектральным дыяпазоне і без поўнага асвятлення.
— Аднак гэтая “цацка”, напэўна, нямала каштуе? — не ўстрымаецеся вы ад пытання.
Так, але яна акупляецца, — тут жа парыруе спецыяліст.

Рэнтабельнасць беражлівасці
Сапраўды, укараненне больш сучаснага абсталявання (якое з’яўляецца найважнейшым рэзервам эканоміі) каштуе нятанна. Адсюль і парадаксальная выснова: эканомія патрабуе затрат.
Дык ці вартая аўчынка вырабу — або, дакладней, ашчаджаных кілават? Як запэўніў мяне Станіслаў Каспяровіч, кожны крок у справе энергазберажэння дбайна пралічваецца.
І вынікі досыць красамоўныя. Напрыклад: устанавіўшы сёлета першыя 50 энергазберагальных лямпаў, бібліятэка толькі за паўгоддзе зэканоміла мільён рублёў. Калі будуць заменены ўсе запланаваныя на гэты год 400 лямпаў, эканамічны эффект узрасце ў адпаведнай прагрэсіі.
— Адзначу, што “эканомныя” лямпы мы купляем не за бюджэтныя грошы, а за сродкі, атрыманыя дзякуючы нашым платным паслугам, — кажа намеснік дырэктара. — Як і настольныя лямпы, што таксама з’яўляюцца ў чытальных залах: калі наведвальнікаў няшмат, навошта асвятляць плошчу ў 500 квадратных метраў?
Замена лямп напальвання на энергазберагальныя акупляецца цягам трох-чатырох месяцаў. Да таго ж, служаць яны ў цэлым болей, ды і святлоперадача ў іх лепшая. Але, вядома, рэнтабельнасць некаторых інавацый не настолькі хуткая. І тым не менш...

Пульт кіравання бібліятэкай
Праводзячы своеасаблівую экскурсію па службовых памяшканнях бібліятэкі, Андрэй Сугака звяртае маю ўвагу на тое, што звыклых уключальнікаў у калідорах не пабачыш.
Асвятленне запальваецца з цэнтралізаванага дыспетчарскага пульта, і гэтая акалічнасць дазваляе не толькі прадухіліць “чалавечы фактар” (хто з насхаця б раз у жыцці не забываўся выключыць святло?), але і аператыўна рэагаваць на ўсе праблемныя сітуацыі.
На экранах сваіх манітораў дыспетчары, якія дзяжураць тут кругласутачна, могуць бачыць усю бібліятэку. Адзін з камп’ютэраў “кіруе” і падсветкай, якая штовечар упрыгожвае горад.
— Для яе спатрэбілася больш за 4 тысяч свяцільнікаў, — распавядае Андрэй Сугака. — Здавалася б, гэта неверагодна дорага. Але насамрэч — зусім не. Святлодыёдныя лямпачкі патрабуюць усяго па 3 Вт, а гэта, у выніку, зусім небагата.
Таму светлавая рэклама прыносіць бібліятэцы куды больш грошай, чым іх патрабуе шыкоўная вечаровая ілюмінацыя.
Вядома, аўтаматычнае рэгуляванне і дыспетчарызацыя цеплаэнергетычных працэсаў зусім не здатныя нівеліраваць той самы “чалавечы фактар”. Таму ва ўсіх структурных падраздзяленнях бібліятэкі прызначаны “адказныя за эканомію”, а для заахвочвання дасягненняў у гэтай галіне распрацавана адмысловая сістэма прэміравання.

Сабекошт цяпла
Пра тое, што калісьці наступяць халады, цяпер, у разгар лета, думаць асабліва не хочацца. Але спецыялісты бібліятэкі актыўна “рыхтуюць сані” ўжо сёння. А ўласная кацельня нават паспела атрымаць пашпарт гатоўнасці да ацяпляльнага перыяду — чацвёрты па ліку ва ўсім горадзе!
Дарэчы, сабекошт цяпла, якое яна выпрацоўвае, у чатыры разы таннейшы, чым цяпло гарадскіх цепласетак. Але гэта зусім не значыць, што яго не трэба ашчаджаць. Таму тэмпературны графік вытрымліваецца няўхільна, а падача гарачай вады ў выхадныя і святочныя дні абмежавана. На кожнай батарэі ёсць адмысловыя датчыкі, а ў некаторых памяшканнях на радыятары ўсталяваны тэрмазаломкі.
— Бывае, што ў пакоі ёсць і іншыя крыніцы ацяплення — тыя ж камп’ютэры, — распавядае загадчык аддзела абслугоўвання цеплатэхнічнага і сантэхнічнага абсталявання Аляксандр Лапко. — І вось, калі там дасягаецца патрэбная тэмпература, клапан аўтаматычна перакрываецца.
А батарэй, дарэчы, у бібліятэцы шмат. Калі б нейкі дзівак надумаў выкласці іх у адну лінію, яе даўжыня склала б 25 км. І яшчэ 50 км сродкаў ацяплення, уманціраваных у падлогу залаў і іншых вялікіх памяшканняў, дзе радыятары ўсталёўваць неэфектыўна.
Распавядаючы пра няпросты, але рацыянальны спосаб функцыянавання аднаго з індывідуальных цеплавых пунктаў НББ, Аляксандр Лапко адзначыў, што, нягледзячы на аўтаматызацыю, кіраваць ім пры патрэбе можна і ў ручным рэжыме. Ды і на выпадак глабальнага збою прадугледжаны запасны варыянт: будынак можа ацяпляцца і ад гарадскіх сетак. Вядома, такіх “форсмажораў” пакуль не здаралася. Будзем спадзявацца, не ўзнікне і надалей.
Абсталяванне ў бібліятэцы, здавалася б новае, але... усё ж, не зусім. Яго двухгадовы гарантыйны тэрмін прамінуў, а тое-сёе ўжо вымагае замены. Пэўныя мерапрыемствы па ліквідацыі недахопаў і наладцы сістэм цеплазабеспячэння яшчэ належыць правесці да наступлення ацяпляльнага сезона.

* * *

Усяго ў выніку розных захадаў — як вынаходлівых, так і звыклых (уцяпленнем падваконнікаў займаюцца не толькі ў сельскіх бібліятэках, але і ў галоўнай “скарбніцы ведаў”) — у мінулым годзе ўдалося зэканоміць 4 мільёны 282 тысячы рублёў. І, як было адзначана ў рашэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэзервы тут яшчэ не вычарпаны.
Зважаючы на творчы (адначасова і прагматычны) падыход да справы з боку кіраўніцтва і тэхперсаналу бібліятэкі, у гэта верыцца.

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА