Рэвізія праведзена ўдала

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Адна з самых чаканых для мяне кніжных навінак мінулага года — манаграфія “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча” вядомага гісторыка-архівіста і пастаяннага аўтара “К” Змітра Дразда. Прымеркаваная да 210-годдзя класіка, кніга змяшчае новыя і малавядомыя факты з яго біяграфіі.

/i/content/pi/cult/730/15878/DSC_0461_opt.jpegКаму адрасавана гэта кніга? Аматарам лёгкага чытва, якія не маюць звычкі абцяжарваць памяць датамі і імёнамі, не жадаюць сачыць за тым, як даследчык пляце сваё павуцінне, загортваючы ў кокан адно стагоддзе за другім, катэгарычна забаронена браць яе ў рукі. Як і людзям без пачуцця гумару, як і тым, хто ставіцца да аўтарытэтаў мінулага бы да недатыкальных божышчаў.

Тым, хто даўно і надзейна выбудаваў свой гістарычны канструкт, дзе кожны паверх лагічна ўвязаны з іншым, дзе кожная гістарычная асоба, як матыль у выставачнай рамцы, мае свой “інвентарны нумар”, напісаны з адваротнага боку, кніга пагражае бы подзьмух свежага паветра картачнаму дамку. І вось чаму.

Работы шаноўных папярэднікаў-марцінкевічазнаўцаў гісторык падвяргае суворай рэвізіі. Ён паслядоўна, крок за крокам, удакладняе або абвяргае “энцыклапедычныя”, здавалася б, звесткі — або нават адкрывае зусім невядомыя старонкі гісторыі роду Марцінкевічаў. І робіць гэта па-майстэрску.

Асаблівую цікавасць уяўляюць аўтарскія адступленні ад заяўленай тэмы. Яны дазваляюць адчуць подых тых часоў, у якія жылі не толькі продкі Марцінкевіча, але і нашы з вамі продкі. А гэта і катастрафічная для ВКЛ вайна 1654 — 1667 гадоў, і час апошняга караля Рэчы Паспалітай Абедзвух Нацый Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Згадваецца, прыкладам, адзін з самых запамінальных эпізодаў Барскай канфедэрацыі на тэрыторыі ВКЛ — бітва пад Стваловічамі. Прапануецца даволі нечаканая трактоўка тых вядомых падзей — з акцэнтам на ролю ў іх аднаго са шматлікіх сваякоў нашага класіка, стваловіцкага пробашча Валерыяна Дзюрдзевіча.

І менавіта такі падыход стварае, як мне падаецца, кнігу новага тыпу, дзе постаць пратаганіста пададзеная ў шырокім гістарычным кантэксце. Хацелася б мець падобныя выданні, прысвечаныя і іншым выбітным дзеячам беларускай мінуўшчыны.

Гэтая манаграфія з’яўляецца не проста падборкай цікавых фактаў, новых ці малавядомых. Гэта своесаблівае падсумаванне ўсіх ведаў пра Дуніна-Марцінкевіча, назапашаных як папярэднікамі, так і самім аўтарам, які пяць гадоў дзень за днём правёў у архівах Беларусі, Літвы, Расіі, карпатліва збіраючы і пераправяраючы неверагодны па аб’ёму масіў інфармацыі. Таму, яе можна назваць бухгалтарскай кнігай удала праведзенай рэвізіі.

Зрэшты, аўтар наўрад ці будзе супраць, калі нехта іншы правядзе сваю рэвізію і праз колькі гадоў выдасць “Новыя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча”, дзе на падставе выяўленых ім дакументаў давядзе, напрыклад, што гэты род заўсёды карыстаўся прыдомкам “Дунін-”. Бо Зміцер Дрозд наважыўся аспрэчыць нават гэтае: ён даводзіць, што першы ў родзе Дунін-Марцінкевіч — сам Вінцэнт.

Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык-архівіст