Адкрыццё існага

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Атрымаць уяўленне пра сённяшні стан рэстаўрацыйнай справы ў Нацыянальным мастацкім музеі, творчы патэнцыял і прафесійны ўзровень нашых спецыялістаў дазваляе разгорнутая на першым паверсе музея выстава

/i/content/pi/cult/730/15876/14.jpgНа ёй прадстаўлены жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Агулам — больш за 60 артэфактаў на розных этапах кансервацыі і рэстаўрацыі. Экспанаты дапоўнены інфармацыйнымі планшэтамі, што дазваляюць зразумець, у якім стане творы траплялі да рэстаўратараў і як ішла праца над імі.

Варта адзначыць і саму экспазіцыю — як густоўна пабудаваную і інфармацыйна насычаную. Асабліва наведванне выставы будзе карысным для студэнтаў мастацкіх навучальных устаноў, якія ў перспектыве хацелі б звязаць свой творчы лёс з высакароднай працай рэстаўратара культурных каштоўнасцяў.

За год праз рукі спецыялістаў Нацыянальнага мастацкага праходзіць недзе тры сотні прадметаў. Дзве трэці з іх вымагаюць кансервацыі, астатнія — уласна рэстаўрацыі. На выставе сярод іншага ёсць артэфакты, якія прынята называць “хранічна хворымі” з прычыны адпачатку закладзенага ў іх тэхналагічнага дэфекту ці развіцця дэструктыўных працэсаў, выкліканых кепскімі ўмовамі захоўвання і эксплуатацыі. Да іх у рэстаўратараў асаблівая ўвага.

Хаця рэстаўратары працуюць на падставе навуковых доследаў, творчая інтуіцыя і агульная дасведчанасць у гісторыі культуры таксама адбіваюцца на якасці працы. На выставе ёсць партрэт беларускага магната, які вярталі да жыцця расійскія рэстаўратары ў тыя часы, калі наша нацыянальная школа яшчэ толькі паўставала. Рэч у тым, што расійскі тып сярэдневяковага партрэта прадстаўнікоў кіруючага класа адрозніваецца ад беларускага па кампазіцыйнай структуры, па характары змешчаных на ім атрыбутаў улады і сацыяльнага статусу. Пры рэстаўрацыі расіяне, зразумела, зыходзілі са сваіх традыцый і ўяўленняў, і таму не заўважылі на пашкоджаным палатне выявы некаторых прадметаў. Няўцямныя фрагменты проста зафарбавалі. Сёння беларускія рэстаўратары выпраўляюць гэтую памылку.

Мяне вельмі ўразіла тое, што свой высокі прафесіяналізм нашы рэстаўратары выяўляюць ва ўмовах працы, не тое каб зусім спартанскіх, але далёкіх ад ідэальных. Ад тых, якія мусяць быць гарантаваныя высокім статусам Нацыянальнага мастацкага. Зрэшты, хочацца верыць, неўзабаве сітуацыя зменіцца. На нядаўняй прэс-канферэнцыі з нагоды 80-годдзя музея Беларусі намеснік гендырэктара Сяргей Вечар распавёў журналістам пра запланаванае ўжо ў наступным годзе стварэнне пад дахам галоўнай культурнай скарбніцы краіны рэстаўрацыйнага цэнтра нацыянальнага маштабу. Для гэтай мэты рэканструяваны будынак па вуліцы Кірава, неўзабаве мае з’явіцца і абсталяванне. А прафесіяналізму ў нашых рэстаўратараў, як сведчыць выстава, і так не бракуе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"