Не кажу ўжо пра бясплатную рэкламу, якую забяспечыў Нацыянальнаму мастацкаму музею краіны адзін толькі прыезд у Мінск знакамітага расійскага музыканта. Дзясяткі рэпартажаў з месца падзеі ў самых розных СМІ не прымусілі сябе чакаць.
Розгаласу ў СМІ дадала і прэс-канферэнцыя, якую артыст даў перад дзясяткам фота- і відэакамер у тым жа НММ з нагоды адкрыцця выставы “Татэмы зімагораў”. Прычым тэмы для размовы з журналістамі выбіраліся розныя, а сам музыкант імкнуўся адказваць на ўсе пытанні максімальна шчыра і адкрыта. Вось толькі некалькі выказванняў музыканта, якія часткова ілюструюць палітру закранутых тэм:
— Зімагоры — людзі, якія апусціліся па сацыяльнай лесвіцы на самае дно, і мне гэта падаецца вельмі падобным да ладу жыцця групы “Аквариум”.
— Калі я пачну лічыць сябе сапраўдным мастаком, дык мне тады простая дарога ў вар’ятню.
— Боба Дылана я вызнаваў сваім галоўным настаўнікам і раней, і сёння.
— “Аквариум” ніколі не раскручваўся — яго тапталі нагамі, як пустазелле, але ад гэтага ён толькі мацнеў.
Асабіста для мяне было важным пачуць меркаванне Грабеншчыкова пра тэкст песні “Город золотой”, які ў арыгінале пачынаецца словамі “Над небом голубым есть город золотой” (а не “под”, як спявае БГ).
— У мяне свая трактоўка тэксту песні, — адказаў музыкант. — Неяк у Парыжы мы ажно да 4-й раніцы спрачаліся з аўтарам верша Анры Валахонскім. Паводле яго, гэтая песня пра рай, які на нябёсах, а я мяркую, што, як казаў Хрыстос, “Царства Божае ўнутры вас ёсць”. Значыць, трэба спяваць “пад нябёсамі”.
Што да нечаканага творчага амплуа знакамітага музыканта… БГ прызнаўся, што бярэ ў рукі пэндзаль яшчэ з 1970-х гадоў. А для натхнення яму трэба толькі палатно і папера.
— Я “шчырую” над карцінамі, звычайна калі прыходжу дадому, а гэта значыць — з 2 да 6 раніцы, пакуль не стамлюся канчаткова, — распавёў ён. — І гэта не хобі: я наогул не ведаю, што такое хобі. Я калі нечым займаюся, дык аддаюся гэтаму поўнасцю. А продаж палотнаў дазваляе мне потым укладаць грошы ў новыя запісы “Аквариума”.
Але, шчыра кажучы, самі гэтыя карціны наўрад ці будуць цікавыя знаўцам жывапісу. Скажам, палатно “Прыгоды фіялетавых аблокаў” нагадала мне малюнкі, якія амаль штодня робіць мая трохгадовая дачка Уля. А “Паланенне І. В. Сталіна ірландскім народным героем Фер Дыядам” — гэта постмадэрнісцкі сцёб, які можа выклікаць у гледача хіба што ўсмешку.
З іншага боку, перад палотнамі “Дзверы ў пераўтварэнне” або “Не ўсё дарэмна” можна і пастаяць адну — дзве хвіліны, уважліва іх разглядаючы ды разважаючы над тымі сэнсамі, якія туды ўкладваў аўтар.
Як бы там ні было, а піяр-акцыя, зладжаная БГ і НММ у рэчышчы агрэсіўнага маркетынгу, прыцягнула да сябе ўвагу шматлікіх людзей. Паболей бы падобных ініцыятыў ад музейных устаноў Беларусі — глядзіш, чэргі б туды выстройваліся не толькі падчас “Ночы музеяў”.