Скрыня бы ліфт між сусветамі

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр працягвае палітыку кардынальнай змены рэпертуару, запрашаючы на пастаноўку не толькі айчынных, але і замежных рэжысёраў. “Гатэль двух сусветаў” паводле аднайменнай п’есы сучаснага французска-бельгійскага пісьменніка і драматурга Эрыка-Эманюэля Шміта паставіў Гіртс Эціс з Латвіі.

/i/content/pi/cult/730/15874/11.jpgТэма балансавання свядомасці на мяжы жыцця і смерці апошнім часам не раз трапляе ў цэнтр увагі творцаў. У тым ліку, і ў Беларусі: нагадаю аднаактовы балет “Зала чакання” з музыкай Алега Хадоскі, пастаўлены ў 2012-м Юліяй Дзятко і Канстанцінам Кузняцовым у якасці “эксперыменту” на Малой сцэне нашага Вялікага тэатра. Дый згаданая п’еса Шміта для мінчукоў не ў навіну: пэўны час таму свой спектакль паводле яе прывозіў Рускі драматычны тэатр Літвы — у пастаноўцы Сігітаса Рачкіса. Дзеянне там разгортвалася запаволена, было шмат таямнічасці, недаказанасці. Але колькі рэжысёраў — столькі і версій. У нашай прэм’еры ўсё атрымалася іначай.

Сцэнаграфія Вольгі Грыцаевай пазбаўлена ліфту — хаця, здавалася б, тэкст п’есы яго вымагае. Замест гэтага — вялізная скрыня, што вылучаецца сваімі памерамі сярод безлічы маленькіх шуфлядак. Менавіта праз яе адбываецца пераход у іншы свет, калі ні сам герой, ні яго атачэнне, уключаючы гледачоў, не ведае, куды рушыць загадкавая канструкцыя — да жыцця або да смерці. Герой хаваецца ў скрыні — і безвынікова знікае. Усё гэта нагадвае візуалізацыю знакамітай фразы “сыграть в ящик”, дзе апошняе слова ў нашых мастацкіх рэаліях асацыюецца яшчэ і з рускай рулеткай.

У спектаклі ўдала выкарыстоўваюцца святло і сцэнічнае задымленне, якія ствараюць неабходныя інфернальныя відэаэфекты. Дый постаць Доктара (Ганна Лавухіна) успрымаецца своеасаблівай праекцыяй на Мефістофеля. Але рэжысёр імкнецца надаць дзеянню як мага больш сувязяў з рэальнасцю, ён старанна “тлумачыць” тое, што ў п’есе свядома застаецца за дужкамі.

Гіртс Эціс адмаўляецца і ад прапанаванай аўтарам інтрыгі ў пачатку спектакля, і ад адкрытага фіналу. Гледачы разам з Жульенам (Андрэй Гладкі) не павінны самастойна спрабаваць вызначыць месца дзеяння — яны адразу атрымліваюць не проста падказку, а адназначны адказ. Паводле гукаў, якія чуюцца ў поўнай цемры, мы разумеем: адбылася жудасная аўтамабільная аварыя. Таму героі калі яшчэ не на тым свеце, дык вось-вось там будуць. Ці, можа, ачуняюць?

Але і ў гэтых пытаннях спектакль дакладна расстаўляе ўсе акцэнты. Публіцы па дарозе дадому не трэба дасачыняць магчымыя новыя расстанні ці сустрэчы закаханых: ці пазнаюць яны адзін аднаго хаця б пасля смерці? Бо тут усё адназначна — і цалкам зразумела. Лора (Вольга Давыдава-Роік) застаецца жыць. А Жульен з замашкамі Дон Жуана, сустрэўшы нарэшце сваё першае і адзінае каханне, памірае (прабачце за спойлер). Можа, так яно больш шчымліва, чым з адкрытым фіналам? Ці нават парадаксальна, бо жанравае азначэнне, дадзенае спектаклю, — метафізічная камедыя.

Вядома, такая назва не больш чым прынада для публікі. Бо якая гэта камедыя — са смяротным зыходам? Дый у час самога спектакля смяяцца, шчыра кажучы, няма дзе. Гэта хутчэй прыпавесць — пра тое, як трэба цаніць жыццё, не марнаваць яго дарма, адкладаючы самае важнае на потым. Але ж ці спрыяе гэтаму залішняя “прыземленасць” аповеду, якую абірае рэжысёр?

У запрошаных пастаноўшчыкаў часта бывае свой падыход да выбару артыстаў. Так адбылося і на гэты раз. Нечаканымі аказаліся Канстанцін Міхаленка ў абліччы Прэзідэнта Дэльбека, Таццяна Новік у ролі прыбіральшчыцы Мары, і асабліва малады Аляксей Шутаў, загрыміраваны ў даволі сталага паводле ролі Мага Раджапура. Ды ўсё ж акцёрскія працы яшчэ патрабуюць далейшага ўдакладнення — і, хочацца верыць, будуць удасканальвацца з кожным чарговым паказам спектакля.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"