Пяць прыступак да “Нябёсаў”

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Міжнародны Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы” адсвяткаваў свой першы юбілей: прайшоў у пяты раз. Чым жа адрознівалася сёлетняе свята ад ранейшых? Якім уяўляецца яго далейшае развіццё?

/i/content/pi/cult/730/15873/9.JPGЛетась фестываль стаў часткай праграмы супрацоўніцтва між Міністэрствам культуры нашай краіны і Беларускай праваслаўнай царквой. У паспяховасці мерапрыемства, скіраванага на развіццё традыцыйнага батлеечнага і лялечнага тэатра, пераконваюць факты. З кожным годам колькасць заявак узрастае, таму арганізатары могуць рабіць выбар. Сёлета з больш як 40 дасланых прапаноў былі вылучаны 15 конкурсных спектакляў, паказаных у Адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра. Паводле традыцыі, прайшла дабрачынная акцыя “Святло душы — дабрадзейнасць”. У трэці раз фестывальным паказам папярэднічаў метадычны семінар “Школа батлейкі”. А ў перапынках між спектаклямі, як заведзена, ладзіліся майстар-класы, прэзентацыі, гульнёвыя ды іншыя праекты, разлічаныя найперш на дзіцячую аўдыторыю.

Думкамі пра сёлетнюю праграму “Нябёсаў” падзяліліся члены журы, большасць з якіх назіраюць за фестывалем з моманту яго нараджэння.

Надзея Якаўлева, тэатразнаўца, мастак Свята-Елісавецінскага манастыра:

— За час свайго правядзення фестываль стаў больш ураўнаважаным у плане арганізацыі. Спектакляў стала менш, затое ў калектываў з’явілася болей часу, каб спакойна выставіць сцэнаграфію і антураж. Безумоўна, і самі паказы, і творчыя сустрэчы, семінары, майстар-класы, спрыяюць з’яўленню і новых спектакляў, і новых калектываў. Я і сама, усе гэтыя гады адпрацаваўшы ў журы, у наступны раз мару стаць удзельнікам. Знайшла цікавую п’есу Сімяона Полацкага, прызначаную для школьнага тэатра, пазнаёмілася з кіраўніком аднаго калектыву — і зразумела, што гэта можна зрабіць з дзецьмі, захоўваючы нават стараславянскую мову, якая стварае папраўдзе непаўторную атмасферу.

Кацярына Яроміна, тэатразнаўца:

— Гэты год аказаўся не самым вызначальным: раней, здаралася, мы бачылі куды большую разнастайнасць менавіта батлеечных спектакляў, дзеля якіх фестываль і задумваўся. Узровень узрос пераважна ў прафесійных калектываў: тут быў і тэатр ценяў, і нават аб’ектны тэатр. Ды толькі як гэта суадносіцца з папулярызацыяй мастацтва батлейкі? Але ўсе спектаклі былі добрымі, абуджалі, як і мае быць, самыя светлыя пачуцці.

Яна Агеенка, артыстка Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек:

/i/content/pi/cult/730/15873/10.jpg— Надзея, што айчынныя батлейшчыкі будуць развівацца больш актыўна, застаецца. Адным з прадвеснікаў гэтага бачыцца выступленне аматарскага вясковага тэатра сям’і Быцко: да жонкі з мужам, якія займаліся батлейкай і раней, далучыліся сёстры. Яны ўсё вырабляюць самі, не імітуюць нейкія знешнія прыкметы народнага мастацтва, а вывучаюць яго, пераймаюць лепшае. Невыпадкова журы адзначыла гэты калектыў асобным прызам “За адраджэнне і захаванне народных традыцый”. Добрай акцёрскай ігрой вылучаўся Закарпацкі акадэмічны абласны тэатр лялек. Увогуле, акцёрскае майстэрства ўдзельнікаў відавочна ўзрасло.

Дзіна Тыцко, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Не стамляюся паўтараць, што з кожным такім фестывалем мы становімся на прыступку бліжэй да нябёсаў. Калі актрыса і сястра міласэрнасці Людміла Ждановіч запалілася жаданнем праводзіць такі форум, многія не верылі, што гэта магчыма. Пасля яе смерці справу працягвае яе муж Аляксандр Ждановіч — артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Фестываль не страчвае свайго ўзроўню. Планку задаюць прафесіяналы, сярод іх з’явіліся свае лідары — тыя ж маскоўскія “Душагрэі”, якія сталі заўсёднікамі і сёлета атрымалі Гран-пры. Вельмі хочацца, каб беларускія аматарскія калектывы імкнуліся да іх дацягнуцца. Сёлета нашых удзельнікаў было не так многа, як звычайна. Пэўна, некаторыя проста не паспелі падрыхтаваць новыя работы, годныя гэтага фестывалю. Але я ўпэўнена, мы ўбачым іх праз год. Вылучаўся, зразумела, Сямейны тэатр Ларысы і Аляксандра Быцко з Брэстчыны. Яны даўно вядомыя тым, што адраджаюць вёску Стойлы, захоўваюць там памяць пра народнага майстра Мікалая Тарасюка, што займаўся драўлянай скульптурай. І прывезлі на фестываль “Калядкі на Палессі” — на мясцовай заходнепалескай гаворцы.

Сярод іншых цікавых работ адзначу таксама “Баваўняную казку” тэатра “Ліхтарык” з Таліна. На сцэне — мора клубкоў, з якіх і ўзнікае ўсё астатняе. Гэта так абуджае фантазію! Ці калектыў “Без завесы” з Санкт-Пецярбурга, які працаваў з маленечкімі выразанымі лялькамі, ствараючы, на мой погляд, “не зусім” тэатр ценяў. Дадам, што сёлета не было “выпадковых” спектакляў ці тых, якія выклікалі б прэтэнзіі з пункту гледжання духоўнасці. Намецілася і тэндэнцыя ўключаць гісторыю цара Ірада, без чаго не абыходзіцца батлейка, у кантэкст іншых міфалагічных гісторый і казак. Адным словам, фестываль жыве і развіваецца!

Фота Вадзіма ЯНЧУКА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"