Ад рэтра-ліхтароў да старэйшых па доме

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Новы статус Асмалоўкі: што далей?
Не так даўно была апублікавана пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў у Цэнтральным раёне Мінска. Гэты дакумент, між іншага, вызначае зону рэгулявання забудовы, у якую ўвайшлі і кварталы паваенных дзвюхпавярховак, вядомыя сёння пад назвай Асмалоўка: у межах вуліц Багдановіча — Кісялёва — Куйбышава — Камуністычнай.

/i/content/pi/cult/730/15871/7.JPGПасля апублікавання пастановы ў сацыяльных сетках разгарнулася дыскусія аб далейшым лёсе гэтага адметнага раёна. Эксперты ў сферы архітэктуры і горадабудаўніцтва, а таксама гарадскія актывісты і проста неабыякавыя гараджане задаюцца пытаннямі: што азначае новы статус Асмалоўкі? Змест дакумента інтэрпрэтуюць па-рознаму.

Паводле пастановы, Асмалоўка ўваходзіць у зоны рэгулявання забудовы 4, 5 і 6-га рэжымаў, а будынкі на яе тэрыторыі валодаюць комплексам гісторыка-архітэктурных якасцяў. Тым не менш, у Сеціве часам можна сустрэць меркаванне, нібыта рэгламенты зоны рэгуляванай забудовы могуць быць змененыя, і ў такім выпадку магчыма нават руйнаванне старых камяніцаў. Каб праясніць гэты момант, мы звярнуліся па каментарый да намесніка начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Наталлі Хвір.

— У пастанове вызначаны адзнакі вышыннасці, якія нельга перавышаць у выпадку ўзвядзення новых будынкаў ці надбудовы існых, — патлумачыла спецыяліст. — Але таксама там прыводзіцца і спіс будынкаў (агулам іх 11), змяняць архітэктурнае рашэнне і вышыню якіх забараняецца. Зразумела, нават гаворкі аб іх зруйнаванні быць не можа.

Варта дадаць, што менавіта гэтыя 11 камяніц і вызначаюць архітэктурнае аблічча Асмалоўкі. З нядаўняга часу яны маюць афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі, і таму ўратаваныя ад знішчэння. Але толькі захаваць гэта, напэўна, замала…

Этапы плённай кампаніі

— Тыя пазітыўныя змены, якія адбываюцца сёння вакол Асмалоўкі — гэта вынік таго, што для абароны раёна ўтварылася ўплывовая каманда аўтарытэтных спецыялістаў, якія працуюць па самых розных кірунках, — кажа жыхар Асмалоўкі і адзін з ініцыятараў кампаніі па яе захаванні Андрэй Эзерын. — Тут можна вылучыць Таццяну Пятрову з моладзевага грамадскага аб’яднання “Гісторыка”, каардынатара грамадскай кампаніі “Горад для гараджан” Дзяніса Кобрусева, архітэктара Рамана Забелу і яшчэ многіх іншых. У абароне Асмалоўкі тым ці іншым чынам удзельнічалі каля 20 грамадскіх арганізацый, не кажучы пра фізічных асобаў. Справа, якой мы займаемся, вымагае ведання пэўных адміністратыўных працэдур, без якіх вынік не быў бы дасягнуты.

Першы канкрэтны крок у справе захавання Асмалоўкі быў зроблены ў 2016 годзе, калі МГА “Гісторыка” падрыхтавала дакументы для надання гэтым кварталам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. На той час такі статус Асмалоўка не атрымала — Рэспубліканская рада па ахове гісторыка-культурнай спадчыны адклала вынясенне вердыкту.

— Але кампанія за яе захаванне працягвалася, — кажа спадар Эзерын. — Яе вынікам было адхіленне ў 2017 годзе праекта дэтальнай планіроўкі, распрацаванага УП “Мінскграда”, які прадугледжваў руйнаванне гэтых кварталаў. Думаецца, дабіцца такога выніку ўдалося, у тым ліку, і дзякуючы таму, што пад петыцыяй супраць зносу Асмалоўкі падпісалася каля дзесяці тысяч грамадзян. Для адміністрацыі Цэнтральнага раёна такі vox populi быў немалаважным аргументам.

Між тым, захады актывістаў і простых жыхароў Асмалоўкі ў справе захавання раёна працягваліся. З дапамогай Інстытута біялогіі Акадэміі навук было зроблена важнае даследаванне зялёнага масіву — падлічаны расліны ў гэтых кварталах і вызначаны іх пазітыўны ўплыў на экалагічны стан горада.

— Мы таксама прыклалі намаганні, каб абвергнуць стэрэатып, нібы дамы Асмалоўкі — гэта “састарэлае жыллё”, — кажа Андрэй Эзерын. — Была зроблена экспертыза, для якой выбралі і даследавалі дзесяць будынкаў раёна — гэта 25 працэнтаў забудовы — і яна паказала, што стан дамоў здавальняючы.
Безумоўна, пэўныя праблемы ёсць, але ж трэба ўлічваць наступны фактар: гэтыя камяніцы не рамантавалі цягам 50 гадоў, увесь час спасылаючыся на тое, што яны вось-вось будуць зруйнаваныя. Аднак пасля нашай кампаніі 2017 года на Асмалоўку звярнулі ўвагу, і сюды пайшлі капіталаўкладанні. Напрыклад, адрамантавалі дахі прыкладна ў траціны будынкаў, а таксама цагляныя печы, якія за 70 гадоў пачалі развальвацца.

Што цікава, пэўная частка сродкаў на аднаўленне забудовы Асмалоўкі знайшлася дзякуючы сёлетнім Еўрапейскім гульням. У рамках падрыхтоўкі да іх беларускай сталіцы былі пафарбаваныя каля 60 працэнтаў дамоў раёна. Прычым, у адпаведнасці з рэкамендацыямі экспертаў, фарбавалі іх сілікатнымі фарбамі.

Пастанова аб зоне рэгулявання забудовы таксама надала абаронцам Асмалоўкі аптымізму. Бо, хаця эксперты схільныя па-рознаму яе інтэрпрэтаваць, усе пагаджаюцца з тым, што гэта — крок наперад.

— Пагатоў, далёка не штодзень з’яўляецца
падобны дакумент, які вызначае зону рэгулявання забудовы, — кажа Андрэй Эзерын. — Гэта знак, які паказвае патэнцыйным інвестарам і забудоўшчыкам, што з дадзенымі кварталамі трэба працаваць уважліва і акуратна. Наступны крок — дамагчыся, каб з карэкціроўкі генплана ў 2020 годзе была выключаная рэканструкцыя Асмалоўкі.

Назад у 1950-я

Андрэй Эзерын адзначыў таксама, што актывісты і жыхары раёна ад пачатку ставілі сабе за мэту стварыць з Асмалоўкі інфармацыйную прастору, якая будзе цікавая экспертам і творцам. Сёння гэта прыносіць багаты плён.

Не так даўно вядомы спецыяліст па ландшафтнай архітэктуры Андрэй Каравянскі падрыхтаваў праект, які ставіць перад сабой мэту аднавіць у Асмалоўцы гістарычны ландшафт пасляваеннага горада з рэканструкцыяй тагачаснага антуражу: ад дзвярных ручак і ліхтароў да агароджаў, лавачак і скульптур у стылістыцы 1950-х гадоў. Гэты праект падалі на разгляд у Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Рыхтуецца да выхаду чарговы нумар альманаха Мінскай урбаністычнай платформы “Городские тактики”, прысвечаны Асмалоўцы, што змесціць каля 20 тэкстаў, напісаных як журналістамі, так і навукоўцамі, якія пакажуць раён з нечаканых ракурсаў.

Жыхары Асмалоўкі высунулі і яшчэ адну цікавую ініцыятыву: там пачынае фарміравацца сістэма старэйшых па доме. Іх функцыі — вырашаць надзённыя пытанні з жыллёва-камунальнымі службамі. Таксама гэтыя людзі ўвойдуць у савет, які будзе вырашаць праблемы раёна, планаваць яго добраўпарадкаванне, пытанні арганізацыі святаў ды іншых мерапрыемстваў і гэтак далей. А іх сёлета ў Асмалоўцы плануецца як заўсёды багата. Гэта і штогадовыя красавіцкія суботнікі, і таксама ўжо традыцыйны фестываль раёна.

Адной з найбольш актуальных на сёння задач для Асмалоўкі застаецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Балазе, самі жыхары цудоўна разумеюць, што ад гэтага не ў апошнюю чаргу будзе залежыць далейшы лёс іх улюбёных мінскіх кварталаў.

Што чакае Трактарагорад?

Што менавіта працуе на карысць захавання Асмалоўкі — моцная супольнасць жыхароў і актывістаў, асаблівая атмасфера раёна, яго блізкасць да цэнтра горада? Пэўна, тут важная сукупнасць усіх складнікаў.

Асмалоўка — не адзіны ўчастак пасляваеннай забудовы ў Мінску, які захапляе сваёй адметнасцю. Напрыклад, жыхары пасёлка Трактарнага завода таксама на працягу апошніх гадоў імкнуцца абараніць ад разбурэння свой раён, які на сёння не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і не ўваходзіць у зону рэгулявання забудовы — хаця эксперты ў горадабудаўніцтве і архітэктуры прызнаюць яго вартасці.

Нягледзячы на збор подпісаў і падачу петыцый супраць зруйнавання, амаль цэлы квартал пасёлка — у межах вуліц Клумава — Шчарбакова — Чабатарова — у 2017 годзе быў знесены. Сёлета стала вядома, што гэтую тэрыторыю пачнуць забудоўваць жылымі сяміпавярхоўкамі ў адпаведнасці з праектам дэталёвай планіроўкі яшчэ 2008 года.

Якім будзе лёс астатніх кварталаў пасёлка Трактарнага завода і якія шляхі для яго захавання выберуць жыхары і актывісты? Прыклад Асмалоўкі сведчыць, што надзея на поспех ёсць — але гэта вымагае актыўных дзеянняў як па добраўпарадкаванні раёна, так і па змене яго прававога статусу.