Праз сіта рэгламенту

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

У апошні дзень 2018 года было зацверджана чарговае рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. 228 юных дараванняў і 9 творчых калектываў атрымалі стыпендыі, прэміі, матэрыяльную дапамогу. У адпаведнасці з палажэннем аб заахвочваннях на падтрымку дзяржавы могуць разлічваць прадстаўнікі многіх творчых кірункаў. Але да прэтэндэнтаў на ўзнагароды фонду вызначаны жорсткія крытэрыі, якія тычацца творчага спаборніцтва і самога прэтэндэнта. Па гэтай прычыне некаторыя таленавітыя юнакі не могуць прэтэндаваць на ўзнагароду фонду. Каб змяніць сітуацыю, Міністэрства культуры сумесна з саветам фонду вядзе сур’ёзную працу па распрацоўцы праекта Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб унясенні змяненняў у палажэнне аб заахвочваннях.

/i/content/pi/cult/730/15870/6.JPGРэальнасць супраць зарэгламентаванасці

Штогод у спецыяльны фонд з усёй краіны злятаюцца сотні заявак, у кожнай з якіх — гісторыя перамог і дасягненняў творчых і амбіцыйных прадстаўнікоў новага пакалення. Здавалася б, усё прасцей простага: калі юнак перамог у рэспубліканскіх ці міжнародных конкурсах, то яго ўстанова адукацыі ці працадаўца (фонд падтрымлівае моладзь да 31 года) на працягу месяца можа падаваць дакументы. Аднак загвоздка хаваецца ў вызначэнні ўзроўню спаборніцтва. Пакет дакументаў будзе прыняты, калі конкурс, у якім адзначыўся прэтэндэнт, адпавядае пэўным крытэрыям, у тым ліку — наяўнасці не менш за два туры, этапы ці іншыя адборачныя працэдуры.

— Наяўнасць этапаў звычайна дэманструе конкурсны рэгламент мерапрыемства, — тлумачыць першапачатковае з’яўленне гэтай фармулёўкі ў палажэнні старшыня савета фонду Кацярына Дулава. — Бываюць прэзентацыйныя падзеі — напрыклад, выстава, па заканчэнні якой усім удзельнікам уручаюць дыпломы. Займець такі дыплом для маладога мастака, канешне, прэстыжна. Ён дапаможа, напрыклад, пры паступленні ў адпаведны творчы саюз. Але функцыя нашага фонду ў іншым: адзначыць тых, хто стаў найлепшым сярод лепшых. Наяўнасць этапаў у творчым спаборніцтве гаворыць пра большую колькасць канкурэнтаў, і тым самым павышаецца каштоўнасць перамогі.

Пасыл зразумелы. Аднак жыццё ўносіць свае карэкціроўкі. Пра некаторыя міністру культуры Беларусі Юрыю Бондару летась распавялі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў падчас сустрэчы “без гальштукаў”. У прыватнасці, дызайнеры гаварылі, што большасць аўтарытэтных міжнародных конкурсаў па іх профілі не ладзяць туры, а калі і бываюць этапы, то першы з іх — завочны. Таму беларускія пераможцы застаюцца па-за магчымасцю прэтэндаваць на падтрымку фонду.

Празрыстасць межаў

Савету фонду гэтыя праблемы вядомыя. Па словах Кацярыны Дулавай, спрэчны сёння пункт з’явіўся ў палажэнні цалкам лагічна, бо арыентавалася яно на сістэму музычных конкурсаў.

— Яшчэ ў савецкі час была цудоўна распрацаваная стройная сістэма гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных музычных конкурсаў, якія ахоплівалі ўсе ўзроставыя групы — ад малодшых школьнікаў да дарослых. Той цалкам зразумелы алгарытм пераняла і незалежная Беларусь, — працягвае старшыня савета фонду. — У гэтай сістэме музыканты адчуваюць сябе досыць свабодна. Аднак на заахвочванне ад дзяржавы маюць права прэтэндаваць і тыя, хто мае творчыя дасягненні ў галіне тэатральнага, харэаграфічнага, выяўленчага, эстраднага, цыркавога, дэкаратыўна-прыкладнога, кіна- і фотамастацтва, народнай творчасці, дызайну, архітэктуры, мастацкай літаратуры, журналістыкі, радыё і тэлебачання, крытыкі і мастацтвазнаўства. У гэтых сферах такой выбудаванай сістэмы тураў, патрабаванняў да праграмы і складу журы, па сутнасці, няма. І не ўлічваць гэтага мы не можам.

Растлумачым сітуацыю на простым прыкладзе. Многія кінарэжысёры мараць трапіць на Канскі кінафестываль. Аднак нават запаветная “Пальмавая галіна” не дапаможа падаць дакументы ў фонд: у Канскім кінафестывалі няма этапаў, прэтэндэнтам на ўдзел у афіцыйнай праграме можа стаць любая кінакарціна, якая адпавядае папярэднім умовам.

Зрэшты, не абмінулі праблемы нават музычную сферу. Конкурсы хораў або аркестраў збіраюць тысячы ўдзельнікаў. Таму, як правіла, на публіку ладзіцца толькі фінальны тур, а вось першы праводзіцца завочна. І гэта ізноў не зусім упісваецца ў рэгламент таго палажэння, з якім фонд цяпер працуе.

— Пазбаўляць з-за гэтага моладзь магчымасці мець падтрымку няправільна, — упэўнена Кацярына Дулава. — Таму разам з Міністэрствам культуры мы працуем над карэкціроўкай нормаў палажэння.

Адмовіць нельга заахвоціць

Падкрэслім, зместавыя карэкціроўкі не паўплываюць на дбайнасць, з якой фонд адбірае тых, хто варты высокай узнагароды. Двухступеневы алгарытм застанецца. На першым этапе прапановы разглядае экспертна-мастацкая камісія, куды ўваходзяць кваліфікаваныя спецыялісты, якія добра ведаюць пра творчыя спаборніцтвы і могуць аўтарытэтна заявіць: “Так, гэтая перамога сапраўды заслугоўвае ўвагі”.

Спецыялісты рупліва працуюць, правяраючы ўсю датычную заяўленага конкурсу дакументацыю: склад журы, перыядычнасць правядзення, колькасць уручаных узнагарод. Бо бывае і так, што калектыў прывёз першае месца з міжнароднага спаборніцтва, аднак хутка высвятляецца, што ў сваёй намінацыі ён спаборнічаў сам з сабою.

— У іншага прэтэндэнта ў дакументах адзначана, што на конкурсе прысуджаецца пяць узнагарод. Адкрывае камісія дакументы — а сёлета ўручылі ў некалькі разоў больш прызоў. Арганізатары творчага спаборніцтва неадказна аднесліся да свайго ж рэгламенту, парушылі яго. Ці можа фонд Кіраўніка дзяржавы падтрымліваць такія хадайніцтвы? — задаецца пытаннем Кацярына Дулава.

Як распавяла суразмоўца, у канчатковым варыянце ў савет фонду трапляе спіс з 500 — 600 адсартаваных заявак. Насупраць кожнай з іх у адпаведнай графе выведзена: “рэкамендаваны для заахвочвання” (з указаннем магчымай узнагароды) ці “не рэкамендаваны”. І пасля гэтага ўжо выбітныя дзеячы беларускай культуры два разы на год самым дбайным чынам разглядаюць кожную кандыдатуру. Бывае, што рашэнне па кандыдатуры суіскальніка заахвочвання фонду змяняецца на супрацьлеглае.

Матэрыяльны эквівалент перамогі

Памер падтрымкі фонду можа быць розным. Стыпендыі фонду прысуджаюцца тэрмінам да аднаго каляндарнага года навучэнцам, студэнтам, аспірантам, ад’юнктам, дактарантам — пераможцам рэспубліканскіх мастацка-вытворчых спаборніцтваў, якія заваявалі Гран-пры, першае, другое ці трэцяе месца. У залежнасці ад узросту, яна складае 3, 4 ці 5 базавых велічынь у месяц. Выпускнікі навучальных устаноў адукацыі могуць прэтэндаваць на званне дыпламанта і прэмію ў памеры 15 — 25 базавых велічынь (калектывы — 45 — 55 базавых велічынь). Існуе заахвочвальная прэмія за творчыя дасягненні, якая дазваляе атрымаць 15 базавых велічынь (і 30 — для калектываў).

Самая высокая ўзнагарода — гранд-прэмія. Сёлета такіх шчасліўцаў было 12. Лаўрэату ўручаецца пасведчанне, нагрудны знак і неблагія грошы — каля палутара тысяч рублёў.

Ёсць яшчэ адна форма заахвочвання, параметры якой разумеюць не ўсе — матэрыяльная дапамога. Пасля абвяшчэння вынікаў да старшыні фонду часам звяртаюцца абураныя бацькі: маўляў, маё дзіця атрымала дыплом першай ступені на значным конкурсе, але ў фінальны спіс не трапіла, а вы ўзнагародзілі пераможцу куды менш пачэснага спаборніцтва.

— Але гэтая форма, па сваёй сутнасці, з’яўляецца спосабам сацыяльнай падтрымкі дзяцей, якія знаходзяцца ў няпростых жыццёвых умовах, — тлумачыць Кацярына Дулава. — Напрыклад, выхадцаў з няпоўных сем’яў або сірот, якія, нягледзячы на абставіны, прагнуць творчасці. Яны могуць разлічваць на дапамогу ў памеры 10 базавых велічынь.

Усе вышэй пералічаныя прэміі прызначаюцца за атрыманыя перамогі. Аднак у палажэнні фонду ёсць яшчэ адно заахвочванне, якое карыстаецца куды меншай папулярнасцю: грант. Ён выдаткоўваецца для падтрымкі будучага праекта, на стажыроўку маладога спецыяліста, на стварэнне ўмоў для выяўлення, творчага росту і заахвочвання таленавітай моладзі.

— Часам кіраўнікі ўстаноў спрабуюць выкарыстаць гэтую форму для паляпшэння матэрыяльнай базы ўстаноў: пачынаюць дасылаць спісы на набыццё сталоў, крэслаў, штор, — засмучаецца Кацярына Мікалаеўна. — Але гэты пункт накіраваны на іншыя мэты: ён дае магчымасць рэалізаваць творчую ідэю.

У 2018 годзе былі выдзелены чатыры гранты. Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў набудзе асвятляльнае абсталяванне для ўласных тэатральных пастановак. У Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя Аляксея Глебава з’явіцца спецыяльны станок для дрэваапрацоўкі, які дапаможа выйсці на новы ўзровень у вывучэнні промыслаў. Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў патрэбна спецыяльная тэхніка для правядзення выстаў з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій. А Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі зможа рэалізаваць творчы праект “Музычная спадчына Радзімы”, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Яўгена Глебава і Году малой радзімы. Духавы аркестр і салісты Акадэміі музыкі ў верасні правядуць серыю канцэртаў на адкрытых пляцоўках у гарадах Беларусі.

Падтрымка на шляху творчага росту

Кацярына Дулава ўпэўнена, што досвед удзелу ў конкурсах вельмі важны для творчага росту моладзі. Прынамсі, дзеля нейкага запасу трываласці. Хтосьці катэгарычна гэты фактар не прымае, іншы, наадварот, перабольшвае. І часта за такімі мэтанакіраванымі дзецьмі стаяць бацькі, гатовыя да канца высветляць, чаму фондам прынята адмоўнае рашэнне. Маўляў, мы ж вашым крытэрыям адпавядаем!

— Ім даводзіцца цярпліва тлумачыць, што калі б гэта было так проста, ужо даўно існавала б праграма, куды закладвалі б патрэбную інфармацыю і механічна прызначалі б узнагароды. У свеце праводзяцца тысячы спаборніцтваў, і толькі прафесіянал, паглядзеўшы на рэгламент, патрабаванні конкурсу, пабудову праграмы, склад журы і ўдзельнікаў, можа кампетэнтна сказаць: “Так, гэта спаборніцтва, перамога ў якім заслугоўвае ўзнагароды фонду”, — падкрэслівае старшыня савета фонду. — Мы спадзяёмся, што кожны наш лаўрэат, які прайшоў праз сапраўды сур’ёзнае сіта адбору, абавязкова праславіць краіну ў абраным ім відзе мастацтва. Гэта трэба ўсведамляць.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"