“Беларусь”... прыехала на фэст

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

У дзень адкрыцця Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” ў Палацы культуры лёгкай прамысловасці распачалася кніжная выстаўка, на якой сваю прадукцыю прадстаўляюць вядучыя выдавецтвы нашай краіны. Да гэтай падзеі адно з буйнейшых — “Беларусь” — выпусціла некалькі новых кніг. Пра іх і пра саму кніжную выстаўку распавядае дырэктар выдавецтва Аляксандр СТАЛЯРОЎ.

 /i/content/pi/cult/168/1587/Belarus28.jpg
— Выстаўка наладжана выдавецтвам “Беларусь” сумесна з “Віцебсккнігай”. Мы падрыхтавалі да фестывальнай падзеі два фотаальбомы: “Шагал і Віцебск” і “Віцебск”.... Шагалаўская тэма непарыўна звязана з Віцебскам, са “Славянскім базарам” і Днём горада.
Дарэчы, выдавецтва пазалетась атрымала шматлікія ўзнагароды за серыю альбомаў, прысвечаных помнікам гісторыі і культуры Беларусі.
Якраз у тую серыю ўваходзіла першае выданне фотаальбома “Шагал і Віцебск”. Выпускаючы новы варыянт кнігі, мы не сталі мяняць назву, напоўнілі выданне новым зместам. Першыя асобнікі з’явіліся ў продажы ў музеі Шагала, кніжны гандаль і бібліятэкі Віцебскай вобласці таксама атрымалі гэтую кнігу. Зрэшты, цікавасць да Марка Шагала, яго жыцця і творчай дзейнасці — вялікая.
Фестываль — адна з самых значных падзей у культурным жыцці нашай краіны. У Віцебску ў гэтыя дні пабывае шмат гасцей не толькі з Беларусі, а і са шматлікіх краін свету, многія з іх наведаюць і нашу выстаўку. Цікавасць выклічуць, безумоўна, кнігі, якія распавядаюць аб горадзе па-над Дзвіной, вядомых асобах, якія жылі і стваралі ў Віцебску, славутасцях гэтай зямлі.
Летась мы выдалі альбом “Юлій Пэн”, які карыстаўся і карыстаецца папулярнасцю сярод чытачоў, а гэты творца — адзін з заснавальнікаў знакамітай на ўвесь свет віцебскай мастацкай школы. Да наступнага “Славянскага базару” мы плануем выпусціць выданне, прысвечанае вучням Пэна — выбітным мастакам-авангардыстам, сярод якіх нямала выхадцаў з Беларусі. Сёлета на фестывалі з дапоўненым перавыданнем альбома ў новым афармленні могуць пазнаёміцца чытачы.
Прадстаўлена яшчэ адна цікавая кніга — “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, ілюстраваная малюнкамі вядомага мастака У.Басалыгі. Увагу наведвальнікаў выстаўкі павінен прыцягнуць таксама альбом “Аўгустоўскі канал”, выдадзены на англійскай, рускай, беларускай, польскай мовах.
Апроч вышэйназваных кніг, наведвальнікам выстаўкі будзе цікава пазнаёміцца з маляўнічым альбомам “Паазер’е. Краіна жыцця”, які распавядае аб прыродзе Віцебшчыны. Апроч таго, мы прэзентуем выданне “Полацк музейны”, прысвечанае цудоўнаму старажытнаму гораду гэтага краю. Сёлета “Беларусь” рыхтуе да выпуску таксама альбом аб Оршы, кнігу, прысвечаную 50-годдзю Наваполацка...
 /i/content/pi/cult/168/1587/Belarus28-1.jpg

На выстаўцы можна будзе пабачыць да дзесятка выданняў, прысвечаных Віцебску і Віцебскай зямлі. Тут будуць прадстаўлены кнігі, якія распавядаюць аб гісторыі Беларусі, у прыватнасці, два тамы выдання “Хто мы? Адкуль мы?”. Увагу наведвальнікаў прыцягнуць і такія выданні, як “Уладары княства Літоўскага”, “Статут Вялікага княства Літоўскага”. Практыка паказвае, што чытачам падобныя кнігі падабаюцца. Штогод папулярнасць іх узрастае. І наша выдавецтва імкнецца задаволіць чытацкую запатрабаванасць. Падымаем тыя пласты, якія не былі вядомы.
“Беларусь” выпускае кнігі на розных мовах. Выданні “Марк Шагал і Віцебск”, альбом “Аўгустоўскі канал” — гэта якраз тая літаратура, якая арыентавана на турыстаў. У нас выйшлі кнігі, якія прадстаўляюць флору і фауну Прыдзвінскага краю.
Вельмі папулярны альбом, гэта ўжо трэцяе выданне, “Пад небам Беларусі” Анатоля Клешчука.
Адзначу, што да Віцебска ў мяне асаблівае стаўленне: гэты горад — мая радзіма. Я шмат гадоў працаваў там у газетах, на тэлебачанні. Добра ведаю гэты горад, калі бываю ў ім, мяне не пакідае адчуванне таго, што творчы дух літаральна лунае ў яго паветры.
Як бачым, кніжныя лета і восень у Віцебску абяцаюць быць ураджайнымі на розныя прэзентацыі выдавецкіх праектаў. Кніжная ж выстаўка ў межах “Славянскага базару ў Віцебску” станецца, безумоўна, не апошняй у шэрагу розных імпрэз, выклікаючы зацікаўленасць у віцябчан і шматлікіх гасцей свята.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА