Французы на ўкраінскім вяселлі

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

17 лютага ў Мінску можна будзе пабачыць пераможцу Першага Усеўкраінскага фестывалю-прэміі “ГРА” ў намінацыі “Найлепшы драматычны спектакль” — пастаноўку “Вій. Докудрама” Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі.

/i/content/pi/cult/730/15869/5.JPGПераасэнсаваннем вядомага гогалеўскага сюжэта занялася добра вядомая беларусам — дзякуючы пастаноўцы сталічнага Маладзёжнага тэатра “Саша, вынесі смецце” — сучасны ўкраінскі драматург Наталля Варажбіт. Аўтар захоўвае містычнасць арыгінала, але гісторыю пра Панначку прачытвае на свой манер. Яна выпраўляе ў глухую вёску Палтаўскай вобласці двух замежнікаў, якіх да
падарожжа падштурхоўвае знаёмства ў Facebook. На звычайным украінскім вяселлі французы адчуюць, што сучасная рэальнасць куды вусцішнейшая за незямных пачвар.

Рэжысёрам знакавай работы з’яўляецца заслужаны артыст Украіны Андрэй Бакіраў. Яго спектаклі неаднаразова станавіліся лаўрэатамі фестываляў і прэмій на радзіме, а таксама ў Беларусі, Расіі і іншых краінах СНД. Як зазначыў мастацтвазнаўца Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі, шукаючы новыя падыходы да фальклорнай тэматыкі, “дэміург Бакіраў стварае ўкраінскі космас з новай этнаграфічнасцю, сакральнасцю, экспрэсіяй”. У “Вій. Докудрама” рэжысёру ўдалося паказаць абсурд сучаснай украінскай рэчаіснасці праз прызму еўрапейскага светапогляду.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"