“Зорны час” тэатра Арміі

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Не так даўно Драматычнаму тэатру Беларускай Арміі было прысвоена званне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. За гады свайго існавання ён выпусціў 18 спектакляў. На пачатку афішу фарміравала ваенная драма, але ў далейшым тэатр паступова пашыраў свой рэпертуар камедыямі, вадэвілямі, казкамі. 2 лютага гледача запрашаюць на чарговую прэм’еру — камедыі “Зорны час” паводле папулярнай п’есы “Пазычце тэнара” амерыканскага драматурга Кена Людвіга.

— Галоўнаму рэжысёру Ігару Фільчанкаву прыйшоўся даспадобы твор драматурга, чыё імя ва ўсім свеце асацыіруецца з моцнай сучаснай камедыяй, — тлумачыць гэты выбар загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Алена Давыдава. — “Зорны час” некалькі дзесяцігоддзяў з поспехам ішоў на знакамітых пляцоўках свету, пачынаючы ад Брадвею. Чаму б мінчанам не пабачыць айчыннае ўвасабленне вядомага твору? Дарэчы, не так даўно ў Мінску на гастролях быў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа са сваёй версіяй п’есы. Так што заўзятары тэатра змогуць параўнаць віцебскі і сталічны варыянты.

Камедыя распавядае гісторыю маладога спевака Макса. Воляй лёсу яму выпадае шанец падмяніць у оперы “Атэла” знакамітага тэнара, які нечакана знікае перад самым пачаткам выступлення.

— Са сцэны павінна гучаць шмат арый, — працягвае загадчык літаратурнай часткі. — Нашыя акцёры ўмеюць добра спяваць, аднак у дадзеным выпадку мы вырашылі скарыстацца запісамі сапраўдных оперных галасоў.

У апошні тыдзень у тэатры няспынна ішлі рэпетыцыі, акцёры адшліфоўвалі свае ролі да дасканаласці. Спадарыня Давыдава распавяла, што рэжысёр значна перапрацаваў арыгінальны твор, каб атрымаўся лаканічны, дынамічны спектакль у духу тэатра Арміі. На ідэю будзе працаваць і рухомая сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"