Больш чым кнігі. Але яны — у аснове

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая ўжо ў 26-ты раз распачнецца ў наступную сераду, даўно зарэкамендавала сябе як падзея года ў свеце айчыннай літаратуры і выдавецкай дзейнасці, здатная ўразіць і маштабамі, і папулярнасцю, і размаітасцю праграмы — на любы густ і ўзрост. Тым не меней, сёлета кніжны фэст набудзе новы фармат — і яшчэ шырэйшы размах. Пра тое, як можна расшыфраваць яго дэвіз “Больш чым кнігі”, мы гутарым з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам КАРЛЮКЕВІЧАМ.

/i/content/pi/cult/730/15865/1.jpg— Пэўна, кожны, хто стане госцем або наведвальнікам выставы, сам яго для сябе расшыфруе, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — А калі гаварыць ад імя арганізатараў, то мы ўкладвалі ў гэты дэвіз самае простае разуменне: кніга — не толькі адвечная прастора чытання, а яшчэ і праява бязмежнага суіснавання ў асветніцкай атмасферы. Кніга — гэта і асалода спасціжэння духоўнасці. А таксама — прадмет мастацтва.

— Кніжны фэст, па традыцыі, ладзіцца бадай у самай вялікай выставачнай зале краіны. Аднак гэтым разам ён перасягне нават яе межы…

— Сапраўды, мяркуючы па праграме кірмашу, якую сёння можна знайсці на сайце Міністэрства інфармацыі, мерапрыемствы выставы пройдуць на розных пляцоўках, а не толькі ў межах стэндаў у Адміністрацыйным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14. Асобную праграму складзе шыкоўны гастрафэст з кулінарна-“кніжнымі” прысмакамі. Варта зазначыць, што актыўна спрычыніліся да кніжнага свята музеі, бібліятэкі, іншыя ўстановы Міністэрства культуры, якое з’яўляецца адным з заснавальнікаў выставы. У Купалаўскім музеі, напрыклад, пройдзе вечар “Янка Купала і Уолт Уітмен”. Дарэчы, “Мастацкая літаратура” акурат да кірмашу выпусціла кнігу вершаў амерыканскага класіка “Лісце травы” ў перакладзе на беларускую Янкі Сіпакова. Гэта ўжо другое яе выданне.

/i/content/pi/cult/730/15865/2.JPGА ў кінатэатрах сталіцы пройдуць кінафільмы, сцэнарыі якіх напісаны паводле твораў беларускіх пісьменнікаў — Васіля Быкава, Янкі Маўра, Яна Баршчэўскага…

— Значнае месца ў праграме выставы зойме прэзентацыя кніжных навінак мінулага года. Калі ў двух словах: якім ён быў для беларускага кнігадрукавання?

— Адкажу нават адным словам: плённым. Вельмі шмат цікавых кніг пабачыла свет. Статыстыка сведчыць, што і па назвах, і па тыражах ёсць невялікі зрух у лепшы бок. Усяго ў Беларусі летась выдадзена каля дзесяці тысяч найменняў кніг і брашур. Істотную частку займаюць выданні на беларускай мове. Радуюць вока кнігі для дзяцей. Увогуле, у галіне дзіцячай літаратуры ў нас працуе шмат адметных літаратараў. Можна называць дзясяткі імёнаў паэтаў і празаікаў, чые творы запатрабаваны школьнікамі, уваходзяць у праграмы для пазакласнага чытання.

— Ці паспяваеце вы адсочваць усе навінкі нашай літаратуры?

— Стараюся, хаця гэта і няпроста. На маім працоўным стале літаральна штодня з’яўляюцца сігнальныя экзэмпляры кніг беларускай паэзіі і прозы, часта з сімпатычнымі ілюстрацыямі беларускіх кніжных графікаў. Вось, толькі нядаўна пабачылі свет новыя творы Аляксея Якімовіча, Анатоля Зэкава, Галіны Пшонік, Алены Масла, Яны Явіч… Пералік, здаецца, можа быць бясконцым.

— Вы ўжо закранулі тэму перакладных выданняў. Ці можна казаць пра станоўчыя зрухі ў гэтай галіне?

— Так, перакладной літаратуры цяпер выдаецца даволі шмат. Вось, літаральна днямі “Мастацкая літаратура” парадавала адразу дзвюма навінкамі ў гэтым плане. Нават трыма, бо я ўжо згадваў пра перавыданне кнігі вершаў Уітмена. А яшчэ ў “Мастацкай” выйшаў альманах “Далягляды”. Некалі такі гадавік быў добрай традыцыяй, і выдатна, што цяпер яна аднавілася. У нас жа шмат хто з пісьменнікаў працуе ў галіне мастацкага перакладу, вось і будзе ім добрая пляцоўка для рэалізацыі многіх творчых задум і для сустрэч з шырокім чытачом.

/i/content/pi/cult/730/15865/3.JPGВыйшла і кніга класіка кітайскай паэзіі XX стагоддзя Ай Ціна ў перакладах лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Унікальны выпадак, пэўна, для ўсходнеславянскіх краін увогуле. Першая кніга Ай Ціна па-беларуску пабачыла свет у Мінску ў 2015 годзе — у серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая”. І вось у 2019 годзе — другая. Такой увагі да класікі кітайскай літаратуры, мабыць, няма ні ў Расіі, ні ва Украіне.

З перакладных кніг хацеў бы назваць і такі адмысловы праект, як выданне кнігі аднаго верша лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Рабіндраната Тагора “Мая залатая Бенгалія” на мовах свету”. Там разам сабраны тэксты на 50 мовах. Пэўна, увага да гэтага твора, які быў напісаны болей як 100 гадоў назад, невыпадковая. Верш “Мая залатая Бенгалія” з’яўляецца гімнам Бангладэш — краіны, народ якой настойліва змагаўся за права бенгальскай мовы быць дзяржаўнай. І міжнароднае свята Дзень роднай мовы нарадзілася менавіта як прызнанне правоў бенгальскага народа на свой моўны выбар.

Намаганні беларускіх выдаўцоў прадставіць на нашым рынку сусветныя кніжныя навінкі вельмі моцна праяўляюцца і ў дачыненні да дзіцячай літаратуры Скандынавіі. З’явілася цэлая каманда перакладчыкаў, якія добра ведаюць фінскую, шведскую мовы і знаходзяць для перакладу найбольш цікавыя творы пісьменнікаў гэтых краін, адрасаваныя юнаму чытачу.

— Зразумела, пашырэнню кантактаў паміж літаратурамі будзе спрыяць і традыцыйны для выставы Міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час”…

— Да ўдзелу ў гэтай пісьменніцкай сустрэчы, якая праводзіцца ўжо пяты год запар, сёлета збяруцца прадстаўнікі болей як 20 краін свету  — паэты, празаікі, літаратуразнаўцы, публіцысты з Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Таджыкістана, Літвы, Польшчы, Італіі, Славакіі, ЗША, Германіі… І што адметна — шмат хто з гасцей прывязе сапраўдныя падарункі для айчынных пісьменнікаў. Напрыклад, у розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі выйшлі своесаблівыя перакладныя анталогіі беларускай літаратуры. Па-балкарску пераўвасобіў творы нашых паэтаў і празаікаў народны паэт Кабардзіна-Балкарыі Саліх Гуртуеў. Падрыхтаваны ім зборнік так і называецца: “Мае беларускія госці”. Кнігу перакладаў з беларускай паэзіі выдаў народны паэт Чувашыі Валерый Тургай. Ён і “Санеты” Янкі Купалы на чувашскую мову пераўвасобіў. Дарэчы, пераклаў “Санеты” на сваю родную мову і чачэнскі паэт Адам Ахматукаеў.

З многімі новымі творчымі ініцыятывамі прыедзе ў Мінск на сімпозіум і калмыцкая пісьменніца Рыма Ханінава. Яе бацька — легендарны беларускі партызан Міхаіл Хонінаў. У гонар гэтай асобы — калмыцкага паэта і беларускага партызана, які перакладаў творы Янкі Купалы на калмыцкую мову (кніга выйшла яшчэ ў 1962 годзе) — у Беразіно на вуліцы, якая носіць імя Міхаіла Хонінава, у бліжэйшыя дні будзе ўсталяваная мемарыяльная дошка.

— Апрача замежных пісьменнікаў, на кірмаш скіруюцца і выдаўцы з многіх краін. Наколькі цікавы айчынным прафесіяналам будзе іх досвед ?

— І сапраўды, у замежных удзельнікаў кірмашу нашым выдавецтвам варта сяму-таму павучыцца. Яны ўмела выкарыстоўваюць пляцоўку выставы для вырашэння адукацыйных задач. Гэта тычыцца і праграм, якія будуць рэалізаваны на стэндах пасольстваў Італіі, ФРГ, Швецыі. Несумненна, на гэтыя пляцоўкі ёсць сэнс зазірнуць тым, хто цікавіцца замежнымі мовамі, хто сур’ёзна іх вывучае.

Хацеў бы звярнуць увагу і на тое, што вельмі прадстаўніча паказвае свае кніжныя навінкі на выставе Расійская Федэрацыя, якая сёлета з’яўляецца Цэнтральным экспанентам. Расіяне прэзентуюць болей як 500 кніг. Вельмі шмат гістарычнай, публіцыстычнай літаратуры. Шыкоўна прадстаўлена будзе выдавецтва “Молодая гвардия” — найперш серыяй “Жыццё знакамітых людзей”. З наведвальнікамі выставы сустрэнуцца яе аўтары — Павел Басінскі, Максім Макарычаў, Мікалай Далгаполаў, Вячаслаў Бандарэнка. Дарэчы, апошні — наш зямляк, тэлевізійны журналіст, які жыве і працуе ў Мінску. А сярод кніг Мікалая Далгаполава — і дакументальная аповесць пра беларускую партызанку, Героя Савецкага Саюза Надзею Траян.

— Гадоў 50 таму “ўладарамі дум” моладзі былі найперш пісьменнікі. Цяпер ініцыятыву перахапілі тыя “творчыя прафесіі”, пра якія мы нядаўна нават і не чулі: скажам, юцьюбер. Ці здатная літаратура вытрымліваць канкурэнцыю ў змаганні за месца ў свядомасці маладых?

— Калі б не змагалася мастацкая літаратура за свядомасць моладзі, то хіба ж з’яўляліся імёны новых аўтараў? Магу адразу па памяці назваць тых з іх, чые кнігі я прачытаў… нават не за апошні год, а літаральна за апошнія пару месяцаў. Гэта зборнікі паэзіі і прозы Юліі Алейчанка, Маргарыты Латышкевіч, Ніны Шчарбачэвіч, Кацярыны Захарэвіч.

— Многія бацькі імкнуцца змалку прышчапіць сваім дзецям любоў да кнігі. Зразумела, шлях да сэрца малечы ляжыць праз розныя адукацыйныя забаўкі. Ці ўлічвае гэта праграма сёлетняга фэсту? Ці параілі б вы прыходзіць туды цэлымі сем’ямі?

— Выстава і разлічана на тое, што бацькі павінны прыходзіць з дзецьмі — асабліва 9 і 10 лютага, у суботу і нядзелю. Зрэшты, насычаная выключна цікавымі мерапрыемствамі пляцоўка для самых юных аматараў кніг будзе працаваць усе дні. Нават асобна заявілася да ўдзелу ў выставе-кірмашы Прадстаўніцтва UNICEF у Беларусі. Многа цікавых мерапрыемстваў правядзе рэдакцыя часопіса “Вясёлка”. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі разам са сваёй камандай прадставіць гульні, звязаныя з чытаннем і кнігай, арганізуе шмат цікавых ініцыятыў ды творчых праектаў.

Дарэчы, прыемна, што ў выстаўцы актыўна ўдзельнічаюць выдавецтвы, якія працуюць і з разлікам на дзіцячага чытача, — “Народная асвета”, “Адукацыя і выхаванне”, “Пачатковая школа”.