Арыентавацца па “Ліхтары”

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

“К” ужо неаднаразова распавядала пра фестываль “Горад і кнігі”, што кожную вясну ладзіцца ў Мінску, збіраючы на адной пляцоўцы ўсіх, хто нейкім чынам працуе з тэмай літаратуры. Сёлета 19 — 21 красавіка ён адбудзецца ўжо ў пяты раз. А калі шмат прафесіяналаў раз за разам аб’ядноўваюцца ў адным праекце, заўжды з’яўляюцца новыя задумы. Як, напрыклад, “Ліхтар”. Яго куратар — літаратурны аглядальнік і даследчыца дзіцячага чытання Наталля МЯДЗВЕДЗЬ — распавядае, чаму роздумы над пытаннем “Што чытаць?” могуць прывесці ўлюбёных у кнігі людзей да стварэння кніжнай прэміі і дапамагчы бясплатнаму папаўненню фондаў беларускіх бібліятэк.

/i/content/pi/cult/729/15862/21.JPG— Наша асноўная фестывальная задача — звярнуць увагу гараджан на тое, што адбываецца ў Мінску вакол кніг, аб’яднаць усіх, каму гэта цікава, — тлумачыць Наталля Мядзведзь. — Але пры гэтым узнікае пытанне: вакол якіх кніг варта аб’ядноўваць? Нам захацелася выказацца на гэты конт. Тыя сусветныя кніжныя фестывалі, на якія мы арыентуемся — у Лейпцыгу, Эдынбургу, Лос-Анджэлесе — маюць свае прэміі. У нас магчымасці заснаваць прэмію не было, таму што на гэта патрэбны бюджэт, а сам фестываль робіцца сіламі валанцёраў. Затое ў нас ёсць аднадумцы — людзі, якія шмат чытаюць і разбіраюцца ў дзіцячай і падлеткавай літаратуры. Да іх мы звярнуліся з прапановай стварыць экспертную раду, каб рэкамендаваць лепшае дзецям і іх бацькам.

Такім чынам, арганізатары фестывалю сабралі каманду з розных прафесіяналаў кніжнай галіны, дамовіліся з двума дзясяткамі выдавецтваў пра тое, каб атрымліваць ад іх усе навінкі і чытаць ледзь не па кнізе ў дзень, абмяркоўваць іх ды складаць рэкамендацыйныя спісы. Спачатку лепшых выданняў для дзяцей і падлеткаў за кожны сезон — зіму, вясну, лета, восень. Затым лепшых з лепшых за цэлы год. Толькі не каляндарны, а ад фестывалю да фестывалю. І ўсё атрымалася.

У склад экспертнай рады, акрамя самой Наталлі, увайшлі арганізатары праекта “ЗаЧтение” і фестывалю “Горад і кнігі” Вольга Воўк і Вікторыя Каралёва, заснавальнік кніжнай крамы і бібліятэкі Кацярына Аверкава, пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак, рэдактар і культуролаг Ліна Казакова, бібліятэкар Марына Петрашкевіч, настаўніца, даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец. Так і з’явіўся “Ліхтар”.

“Нашымі партнёрамі сталі каля 20 выдавецтваў”

— Калі мы заручыліся падтрымкай экспертнай рады, то звярнуліся па дапамогу да выдавецтваў, бо для таго, каб ажыццявіць задуманае, патрэбны ж самі кнігі, — працягвае Наталля. — Але асаблівасць беларускага кніжнага рынку ў тым, што яго львіную долю складаюць прывазныя выданні. Непасрэдна ў Беларусі выпускаецца не так шмат літаратуры, і яна цалкам не задавальняе патрэбы чытачоў. Большасць кніг усё ж друкуецца ў Расіі і прывозіцца да нас адтуль. Амаль усе расійскія выдавецтвы, куды мы звярталіся, рэагавалі імгненна: “Канешне, мы вас падтрымаем!” А вось з некаторымі беларускімі ўсё яшчэ вядзём перамовы — не ўпэўнілі мы іх, што справа таго вартая, што яна дапаможа прыцягнуць увагу бацькоў і дзяцей да іх кніжнай прадукцыі.

Але ўсё ж рух у гэтым кірунку ў нашай краіне ёсць, і ён мне падабаецца. Бо, па-першае, у Беларусі з’яўляюцца новыя і менавіта дзіцячыя выдавецтвы. Напрыклад, гіганцкім прарывам лічу стварэнне выдавецтва “Коска”. Пакуль яно арыентаванае выключна на перакладную шведскую літаратуру, але гэта ж сусветны эталон. Па-другое, у нас з’яўляецца шмат краўдфандынгавых літаратурных праектаў, адрасаваных менавіта бацькам з дзецьмі. У выніку нашымі партнёрамі пакуль сталі каля 20 выдавецтваў Беларусі і Расіі — па меры выхаду новых кніг яна нам адразу ж дасылаюць іх электронныя версіі.

“Верым, што класіку ўсе ведаюць”

/i/content/pi/cult/729/15862/22.JPG— У нас ёсць толькі адно абмежаванне — працуем з першымі выданнямі, а перавыданні да нас ужо не трапляюць, — зазначае Наталля. — Мы верым, што класіку ўсе ведаюць, прыцягваць увагу да яе не так актуальна, а вось да новых назваў і імён аўтараў хацелася б. Як толькі запускаюцца анонсы кніг і выдаўцы распаўсюджваюць матэрыялы для прэсы, мы атрымліваем рукапісы. Як каардынатар я перадаю іх астатнім экспертам.

Кніг вельмі шмат і ўсе яны розныя. Напрыклад, у першым сезоне “Ліхтара” мы адзначылі каля 50 кніг, якія лічым лепшымі за 2018 год. То бок у кожным сезоне іх было дзесьці па 20 — 30. І гэта кніжкі-карцінкі: ты чытаеш іх за пяць хвілін, яшчэ хвілін пяць фармулюеш свае ўражанні — і ўсё, бо для спрактыкаванага вока шмат што адразу становіцца зразумелым. А вось падлеткавую кнігу хутка не прачытаеш. Сотню такіх за год
адолець — справа не з простых.

Але мы чытаем, абменьваемся меркаваннямі. Галасаванне ў нас адкрытае. Напрыканцы сезона кожны эксперт рыхтуе свой спіс лепшых кніг з невялікімі анатацыямі — чым яго тая ці іншая кніга прыцягнула. Потым ўсе спісы складаюцца разам — і мы глядзім, каму аддалі найбольшую колькасць галасоў. Пераможцы вызначаюцца для некалькіх узроставых катэгорый — ад 0 да 6, ад 6 да 12, ад 12 гадоў і ад 16. Кожныя тры — чатыры месяцы публікуем усё гэта на сайце кніжнага фэсту. Ну і вяршкі вяршкоў адразу адпраўляюцца ў вынікі года — іх мы прадстаўляем менавіта на самім фестывалі “Горад і кнігі”.

“Падарункавы камплект перадаём адной з бібліятэк”

— Мала таго, што выдавецтвы нас падтрымліваюць цягам года, да вясновага фестывалю яны нам дораць па два асобнікі тых кніг, якія мы называем лепшымі, — распавядае Наталля. — Адзін адпраўляецца ў нашу мабільную бібліятэку — яе можа наведаць кожны ахвотны падчас фестывалю на яго пляцоўцы. Напрыклад, летась мне даводзілася назіраць, як дзеці падыходзілі туды — і проста з нуля прачытвалі па некалькі кніг не адрываючыся. Вакол шмат іншых забаў — тэатры, кірмашы, гульні — а малы сядзіць і чытае… На жаль, пакуль мы не маем магчымасці выдаваць гэтыя кнігі па-за фестывалем. Можа, штосьці прыдумаем.

Другі экзэмпляр ідзе ў падарункавы камплект, які мы перадаём адной з беларускіх бібліятэк — той, якая цягам года добра сябе праявіла, працуючы з той жа літаратурай, што і мы. То бок можна выбраць з нашых сезонных спісаў любую кнігу і правесці прысвечаную ёй імпрэзу. Мы за ўсім гэтым сочым. Першы такі камплект атрымала ад нас Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Валянціна Таўлая ў Баранавічах. Мы яе вельмі любім, шмат гадоў з ёй супрацоўнічаем. Ведаеце, часам можна прачытаць штосьці пра невялікія еўрапейскія гарады, дзе ёсць
нейкае горадаўтваральнае месца, якое аб’ядноўвае жыхароў і пераўтварае горад у тое, што цяпер модна называць кам'юніці. Вось бібліятэка ў Баранавічах — менавіта такое месца, яго наведваюць самыя розныя катэгорыі гараджан. І там з кнігай працуюць так, як многім мінскім бібліятэкам яшчэ варта павучыцца.

Сёлета конкурс працягваецца. Мы зноў падрыхтуем чарговы камплект, каб падарыць яго адной з бібліятэк. Уявіце — паўсотні новых кніг трапляюць у фонд і ўжо на наступны дзень пачынаюць выдавацца чытачам. Шыкоўныя энцыклапедыі, кніжкі-карцінкі — яны ж не танныя, не кожная бібліятэка зможа сама іх закупіць. Гэта той момант, праз які асабіста я хвалявалася, пачынаючы праект, бо дасылаць прэсе кнігі на рэцэнзіі — нармальная практыка, а вось дарыць проста так гатовае не кожнае выдавецтва. Але нашы партнёры пагаджаюцца. Вельмі файна, што з абранымі “Ліхтаром” кнігамі працягваецца работа, яны адпраўляюцца да тых чытачоў, да якіх маглі б не дайсці і якім яны патрэбныя.

Мы б вельмі хацелі, каб на нашы спісы арыентаваліся аддзелы камплектацыі. Ведаем, што бібліятэкары за “Ліхтаром” сочаць. Мне як куратару бачыцца, што наш фестывальны спецпраект ужо ў адным кроку ад таго, каб стаць паўнавартаснай літаратурнай прэміяй — калі мы знойдзем фінансавую падтрымку і зможам падтрымаць аўтараў не толькі словам. Пэўную рэпутацыю для гэтага мы сабе ўжо зарабілі. Магчыма, у хуткім часе па нашым прыкладзе знойдуцца іншыя апантаныя людзі, якія будуць таксама ацэньваць і дарослую літаратуру.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"