Прыехаць на печы ў Разгуляй

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Беларуская гнілая зіма — з’ява яшчэ тая. Ліхаманкавыя змены тэмпературнага рэжыму, туманы і пастаянная соль на абутку аптымізму не дадаюць. Моцныя маразы — таксама. Таму трывайце, людзі, хутка 8 Сакавіка, а там, глядзіш, і лета! Тым не менш, на адрас рэдакцыі працягваюць паступаць “навіны” пра навагоднія святкаванні. З-за хранічнага дэфіцыту газетнай плошчы згадаю толькі геаграфію допісаў і характэрныя асаблівасці мерапрыемстваў.

/i/content/pi/cult/729/15860/19.JPGЗа гэтыя дні ў Палацы культуры Ліды праведзена 18 комплексных праграм для ўсёй сям’і. Усе яны былі дабрачыннымі. А на Каляды ў Лідзе прайшоў справаздачны канцэрт лепшых творчых калектываў Палаца культуры.

Кушлянскі (Смаргонскі раён) сельскі клуб прапанаваў забаўляльную праграму для людзей сталага ўзросту.

Карэліцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці падрыхтаваў калядны дзіцячы баль. А ў Жухавіцкім (таксама Карэліччына) доме культуры арганізавалі танцавальнае шоу “Трымай рытм”. Бібліятэкары раёна таксама не спалі ў шапку. Як паведаміла метадыст Карэліцкай райбібліятэкі Наталля Казарэз, з пачатку года ў раёне стартавала бібліятэчная акцыя “Калядны марафон чытання”.

Дзяржыншчына трымае слова і апошнім часам не пакідае “К” без навін. У ролі калядоўшчыкаў тут выступілі вучні нядзельнай школы Свята-Пакроўскай царквы, выхаванцы Станькаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, народны ансамбль народнай песні “Вярба” Дварышчанскага цэнтра культуры, артысты Чэрнікаўскага і Чаркаскага ДК, лепшыя калектывы Дзяржынскага ГДК: народны ансамбль народнай песні “Карагод”, заслужаны аматарскі калектыў “Спадчына”, узорная студыя эстраднай песні “Задорынка”.

У аграгарадку Круцілавічы (Дзятлаўскі раён) узнавілі абрад “Шчадроўская варажба” ў рамках этнапраекта “Народнаму скарбу — век векаваць”. Падрыхтавалі мерапрыемства творчыя супрацоўнікі Данілавіцкага ДК.

Пад стары Новы год у вёсцы Багатырская быў наладжаны арт-уікэнд “Калядны разгуляй”. Як піша рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч, акцыя ладзіцца трэці год запар. Сёлета сабралася дзесяць калядных гуртоў з Полаччыны, каб паспаборнічаць у майстэрстве шчадравання (каманда з Заазер’я прыехала на санях у выглядзе печы). Фальклорны гурт “Варган” Полацкага дзяржуніверсітэта прадэманстраваў сваё каляднае выступленне ў якасці майстар-класа.

Загадчык сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскага раёна Карына Ошва піша: “З першага месяца новага года работнікі бібліобуса прапанавалі чытачам кнігі, набытыя па іх замовах. Гэта не толькі дэтэктывы, але і класіка, сучасная праблемная проза. Шмат новых кніг — і для дзяцей”.

Яшчэ адзін факт з насычанага творчага жыцця аўтабібліятэкі. Але гэтым разам — са Шчучынскага раёна. Работнік гэтай перасоўнай установы Ірына Яцкевіч, піша нам бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Марына Кудрыцкая, сумесна з работнікамі Ражанкоўскага дома культуры здзейснілі вандроўку па сацыяльна-культурным маршруце і наведалі вёскі Патока, Дзякаўцы, Падбобра. Кожны з чытачоў атрымаў падарунак: паштоўкі і календары.

Малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава распавяла, што кіраўнік клуба майстроў народнай творчасці “Багач” Галіна Савеня сабрала гэтых рамеснікаў, каб парадаваць іх выступленнем “Батлейкі”.

У Аршанскім гарадскім цэнтры культуры “Перамога” адбылося абласное свята тэатраў мод “Модны дывертысмент”. Першае нарадзілася ў 2017 годзе. У конкурсе бралі ўдзел 22 народныя, узорныя калектывы: студыі касцюма, мод, аб’яднанні мадэлявання і канструявання адзення ўстаноў культуры і мастацтваў, устаноў адукацыі.

Мастацкі кіраўнік Палаца культуры Бабруйска Наталля Шулікова распавядае, што ўладальнікам Гран-пры Міжнароднага фестывалю творчасці ў польскім Жывецы стала канцэртная група Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — узорнага тэатра песні “Шына-най”.

Талачын адсвяткаваў летась 585-годдзе з часу першай згадкі горада ў пісьмовых крыніцах. Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Талачынскай ЦБС Ірына Труханёнак піша пра ўрачыстасці з гэтай нагоды, пра ўклад уладальніка мястэчка Льва Сапегі ў яго развіццё, пра іншых слаўных землякоў: Веру Вярбу, Алеся Петрашкевіча, Міхася Зарэцкага, Міхаіла Савіцкага, Валерыя Славука…

Палачанка Яўгенія Барысёнак распавядае пра зямлячку Таццяну Кужалёву — паэтку, спявачку, якая загадчыцай Вароніцкага сельскага клуба працуе тут вось ужо 22 гады, спявае ў ансамблі “Харашуха”, піша вершы. Але і арганізатар яна — цудоўны. Змагла ў свой час накіраваць калектыў клуба на стваральную працу. Так яно і ёсць. Да прыкладу, чарговую перамогу прынёс установе тэатр мініяцюр Вароніцкага СК, які заняў першае месца ў раённым конкурсе, што ладзіўся ў Полацкім ГДК.

І на заканчэнне — навіна з Гродзенскага раёна. Справа ў тым, што 20 студзеня ў аграгарадку Індура адкрыўся музей “Лялька ў карагодзе жыцця”. Спачатку было свята лялькі. На чацвёрты год Індурскі цэнтр культуры ўсё ж вырашыў адкрыць незвычайны музей, бо на той момант экспазіцыя налічвала 300 прадметаў. Асаблівасць яе яшчэ і ў тым, што лялькі — рознага прызначэння, тэхніка выканання і час стварэння таксама адрозніваюцца, што дае магчымасць прасачыць эвалюцыю кожнай. Унікальнасць музея і ў тым, што да яго стварэння мог спрычыніцца любы ахвотны. А экскурсія распавядае пра тое, што спачатку лялька служыла пасярэднікам паміж светамі і была безаблічнай. Лічылася, што яна абараняе ад злых сіл. Менавіта такая гасцёўня сустракае наведвальнікаў музея. Крыху далей — традыцыйная беларуская лялька, з саломы, дрэва, тканіны. Чым болей любілі яе дзеці, тым болей станавілася яна падобнай да чалавека. Напісала пра гэта галоўны бібліятэкар па інфармацыйна-бібліяграфічнай рабоце Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Вольга Гулеўская.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"