Брама “Сумы”

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Мастак ставіць касету ў магнітафон, але стужку “зажоўвае”. Гукі музыкі запавольваюцца і змаўкаюць. Анджэй Струміла дастае касету з цэнтра — і цярпліва пачынае раскручваць плёнку. Разабраўшыся, вяртае касету ў магнітафон — і музыка зноў запаўняе пакой. Менавіта так заканчваецца дакументальная стужка Андрэя Куцілы Summa, натхняючы на рух наперад і дорачы адчуванне крохкасці і прыгажосці кожнага імгнення. Фільм-пераможца Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме IDFA на мінулым тыдні прэзентавалі кінематаграфічнай публіцы ў Мінску.

/i/content/pi/cult/729/15858/15.JPGНагадаю, што “Сума” была прызнана найлепшай карцінай на фестывалі ў конкурсе фільмаў сярэдняй працягласці. У яе цэнтры — постаць польскага мастака беларускага паходжання Анджэя Струмілы, з якім рэжысёра пазнаёміла мастацтвазнаўца і ў далейшым суаўтарка сцэнарыя Таццяна Бембель.

Але гледачу варта адкінуць усе знаёмыя патэрны “кіно пра мастака”: лінейны аповед, шчырыя маналогі… Стужка Андрэя Куцілы пабудавана зусім іншым чынам. У ёй энергетычным цэнтрам становіцца дом Анджэя Струмілы на Падляшшы: ад яго сузірання, нібыта ад кінутага ў ваду каменя, разыходяцца колы сэнсаў. Мастак як стваральнік свайго сусвету і як сам сусвет, да якога цягнецца іншы чалавек. Ды ў палон якога трапляем і мы, гледачы, дзякуючы таленту рэжысёра і яго смеласці адсякаць залішняе.

Пан Анджэй нарадзіўся ў Вільні. Яго дзед — у Мінску. Мастак, якога ў Польшчы клічуць “Леанарда”, вучань легендарнага Уладзіслава Страмінскага, жыхар Вялікага Княства Літоўскага, як ён называе сябе сам, мае безліч гісторый для расповеду. І пра
падарожжа на Усход, і пра выставы па ўсім свеце, і пра кнігу “Сума”. Але іх у фільме мы не пачуем. Мастак паўстае пераважна ў “чысціні” свайго быцця. І гэтым карціна цікавая.

Фільм распачынаецца, калі мы бачым героя ў сваім доме сам насам з сабою. Пан Анджэй гатуе сняданак, прымае ўрача, выводзіць са стайні коняў… Яму ўжо 91 год: ёсць што абмеркаваць з доктарам. Карціна некалькімі кадрамі схоплівае будні і настрой самотнага чалавека (аператар — сам Андрэй Куціла). Але многае змяняецца, калі да знанага майстра з каменнага горада N прыязджае беларуская мастачка Марыя. Дзяўчына перапісваецца з мастаком ужо працяглы час. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, яны сябруюць. І яе з’яўленне, яе цікавасць да свету майстра, асалода ад прабывання ў яго высакародным доме напаўняюць прастору святлом. Гераіня нібы высвечвае незвычайнасць гаспадара дома і яго атачэння. Марыя становіцца правадніком у свет маэстра як чалавека і мастака.

/i/content/pi/cult/729/15858/16.JPGАдбываецца гэта праз самыя “неабавязковыя” размовы сяброў і маўклівыя сузіранні. Дом пана Анджэя стаіць у месцы пасялення заходнебалцкіх плямёнаў — яцвягаў. Пра гэта нагадвае невялікі парк камянёў на двары хутара. А яшчэ там ёсць старая лістоўніца, якой болей за сто гадоў  — і яна ўжо памірае. А таксама — стайня з прыгожымі канямі, якіх ледзь не абагаўляе Марыя. Яна выдатная вершніца, добра ладзіць з жывёламі, ведае кожную па імені. Ды яшчэ на самым пачатку візіту прызнаецца, што бачыла коней мастака ў сваім мінскім сне. Прызнаюць Марыю і сабака з коткай, што жывуць у доме.

Атачае сядзібу прыгожая рэчка Чарна Ханьча. Маша ў сенцах робіць накіды, пакуль мастак купаецца. Па вяртанні ў дом пан Анджэй дае ёй ненавязлівыя парады. На сняданак яны п’юць гарбату, увечары Марыя рыхтуе карпа…

Кадр за кадрам разам з вытанчанай Марыяй мы аказваемся зацягнутыя ў медытатыўную прастору спакою і роздуму. “Сума” становіцца брамай у свет цішыні, прыродных гукаў і адлюстравання промняў сонца на вокнах (гукарэжысёр — Арцём Бусел). Ды неўзабаве павольная плынь стужкі стварае глебу для экзістэнцыйных пытанняў: а які свет ты пакідаеш у сваім жыцці? Што значыць прыгожа жыць? І што ёсць мастацтва?

Праз штодзённасць паўстае цывілізацыя майстра, якую ён абірае для жыцця. Гарбата з мёдам, коні, музыка на аўдыёкасеце, лісты на паперы, парк старажытных камянёў… Урэшце, сам дом, у якім хочацца думаць і з якога не хочацца з’язджаць.

Неаднаразова сумеснае быццё маладой Марыі і сталага Анджэя перарываюць тэлефанаванні мужа мастачкі. Ён кліча яе дадому, у заморскія краі, на мора, але Маша застаецца непахіснай. “Мне трэба тут пабыць. Ты мне такога не распавядзеш”, — тлумачыць яна прычыну затрымкі. Тэлефанаванні паўтараюцца раз за разам, але Марыя застаецца ў гэтай прасторы.

Праз пэўны час разам з дзяўчынай мы адчыняем невялікія дзверцы і трапляем у “святая святых” маэстра — ягоную галерэю. Нарэшце перад намі раскрываецца светапогляд мастака. Яго карціны поўныя болю, складаных пытанняў быцця, рэлігійных матываў. У стужцы невыпадкова з’яўляюцца і могілкі.

Фільм, поўны эмацыйных паўтонаў, тонка падводзіць да пытання сыходу, небыцця. І гэты матыў, які не мае дакладнага ўвасаблення, цудоўна адчуваецца гледачом. Анджэй Струміла — прадстаўнік вялікай культуры і цывілізацыі, да якой мае прагу Марыя, адчуваючы яе каштоўнасць, хай часам і апасродкавана. Ці стане Маша яе спадкаеміцай?

Пакінуўшы па-за ўвагай іншыя лініі жыцця мастака, Андрэй Куціла выяўляе галоўнае — радасць і боль, самоту быцця кожнага чалавека. Што, урэшце, мае кожны з нас, як не кароткачасовую раскошу пабыць з Іншым? І як блякне твар пана Анджэя, калі яго сяброўку ўсё ж такі забірае на машыне муж.

Што застаецца яшчэ ў гэтай — ці ў любой іншай сітуацыі — як не паставіць касету з музыкай? Невялічкая недарэчнасць (вяртаемся да пачатку артыкула). Але плёнка разблытваецца — і музыка працягваецца. Як і жыццё.

Любоў, сяброўства, гісторыя, мастацтва… Кожны вольны скласці гэту суму рэчаў па-свойму.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"