Маленькі чалавек і вялікая пячатка

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі звярнуліся да “Мудрамера” Мікалая Матукоўскага. Класіка часоў перабудовы, якая калісьці абышла ледзь не ўсе тэатры краіны, аказалася вельмі актуальнай, асабліва пры цяперашняй сцэнічнай рэдакцыі.

/i/content/pi/cult/729/15856/12.jpgВынаходніцтва, што дазваляе вымяраць чалавечую дурасць (ці, у супрацьлегласць да яе, мудрасць), ужо даўно не сенсацыя. Усе адкрыта гавораць пра тэсты на ўзровень інтэлекту (IQ), у інтэрнэце можна знайсці безліч методык, каб праверыць магчымасці свайго шэрага рэчыва. А паводле п’есы недавучаны і таму недыпламаваны інжынер Мурашка прыносіць у Міністэрства ўзгадненняў апарат у выглядзе крэсла, сеўшы ў якое, чалавек адразу атрымлівае свой прысуд: геній ён ці закончаны дурань. Дык у чым навіна? У хуткасці і безапеляцыйнасці выніку? Бо шкала прыбора, разлічанага на мудрасць ад нуля да двухсот працэнтаў, мае толькі пяць градацый — геній, талент, норма, дурань і закончаны дурань.

Мастацкі кіраўнік тэатра, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў вельмі ўважліва і разам з тым смела прайшоўся па тэксце і максімальна наблізіў дзеянне да цяперашніх рэалій. На месца састарэлых з’яў прыйшлі сучасныя аналагі, з ліку наведвальнікаў міністра знікла дырэктар фабрыкі адзення і прыведзеныя ёй асістэнткі для дэманстрацыі распрацаваных мадэляў, замест “галасоў у тэлефоне” мы бачым відэазванкі на маніторах. Мелодыя глінкінскага “Слаўся”, закладзеная ў прыбор, каб уголас вітаць геніяльнасць, змянілася, у адпаведнасці з еўропацэнтрызмам і сусветнымі замахамі, на бетховенскую оду “Да радасці”. Памякчэла ацэнка намесніка міністра па пярэчаннях Папсуевай: у спектаклі гераіня атрымлівае 50 адсоткаў мудрасці — замест нуля, як было ў п’есе. Узбагаціўся характар вынаходніка Мурашкі: герой паўстае яшчэ і джэнтльменам, утойваючы ад прысутных вынікі тэсціравання Тамары Цімафееўны. Дадалася пачатковая бязмоўная сцэна рамантычнай сустрэчы міністра з сакратаркай. Але фінал спектакля, пазначанага, як і п’еса, жанрам сатырычнай камедыі, стаў трагічным: Мурашка памірае. Ля ног нябожчыка кладуцца кветкі, падораныя на спатканні ў пачатку спектакля, што, да ўсяго, “закальцоўвае” форму, прыдае ёй дадатковую завершанасць.

Усе гэтыя змены зрабілі яшчэ больш яскравай галоўную думку, праведзеную праз увесь спектакль і падкрэсленую намнога больш, чым у п’есе: неабходнасць самастойнасці ў прыняцці рашэнняў і ўласнай адказнасці за іх. Бюракратызм як адно з наступстваў залішняй цэнтралізаванасці і вытворчая інфантыльнасць аказваюцца знітаванымі прычынна-выніковай сувяззю.

На гэта працуе сцэнаграфія Юрыя Саламонава: вялізных памераў тэлефон (чорны, сталінскіх часоў, ён разам з іншымі дэталямі мінуўшчыны стварае гістарычную перспектыву), пячатка, каляндар з ручкай. Усе дэталі — працуюць. А прэс-пап’е, якім у былыя часы прамакалі чарніла, у тым ліку ад пастаўленых пячатак і штэмпеляў, ператвараецца ў качалку-арэлі. У такім атачэнні, бы на стале Гулівера, кожны з герояў успрымаецца маленькім чалавекам, адсылаючы да праблематыкі рускай літаратуры — ад Пушкіна і Гогаля да Зошчанкі і Булгакава. Спасылкай на творчасць апошняга выглядае і сметнік абапал апісанага сцэнічнага подыуму, што вымушае ўзгадаць крылаты выраз з “Сабачага сэрца”: “разруха ў галовах”. Героі ходзяць у гумовых ботах (мастак па касцюмах — Марына Алекна), быццам дзеянне адбываецца дзесьці на будоўлі — ці то проста будынку, ці то нейкай новай інстанцыі (усё ж асобнае Міністэрства ўзгадненняў, на шчасце, штосьці з галіны фантастыкі).

Спектакль вабіць яркімі акцёрскімі працамі. Самай свабоднай з усіх персанажаў паўстае Бабуля (Таццяна Мархель). І часцінку той свабоды, нязмушанасці, разумення непахісных законаў існавання ўсяго жывога яна хоча падарыць сваім нашчадкам, нават пасля сваёй смерці вызваліўшы іх ад залішніх клопатаў, чэргаў, нерваванняў. Роля, здавалася б, эпізадычная, маленькая — усяго на адну сцэну. Але адзнака “талент”, атрыманая гераіняй на мудрамерным апараце, — гэта і талент (больш за тое, геніяльнасць) самой актрысы.

Некаторыя дзеючыя асобы маюць па два выканальніцкія склады, з якіх асабіста я бачыла прэм’ерны. Рэжысёр не шкадуе сатырычных фарбаў, даводзячы іх згушчанасць (а разам з тым, і ўвесь спектакль) да мяжы абсурду. Нюра (Марыя Пятровіч) становіцца яркай пародыяй на растыражаваных у анекдотах і тэлесерыялах “сапраўдных бландынак”. Будучы Нобелеўскі лаўрэат Залівака (Уладзіслаў Ноздрын) — гэткім апантана вясёлым (калі не было б так сумна ад яго прапаноў) вар’ятам. Бо вера ў тое, што курка знясе яйка, ледзь толькі ёй скажуць “куд-куды”, — гэта, па сутнасці, даведзеная да абсурду рэчаіснасць, дзе многае робіцца “па загадзе”, а не зыходзячы з аб’ектыўных, непадпарадкаваных чалавеку прыродных заканамернасцяў.

Андрэй Дабравольскі, больш вядомы па кіназдымках, атрымаў, нарэшце, цэнтральную ролю, прычым без “дублёраў”. Міністр Вяршыла ў яго выкананні пададзены рознабакова і неадназначна. На адным баку чалавечых якасцей героя — шчырая любоў да маці. На другім полюсе — абыякавасць да сям’і з дзецьмі, на імёны якіх ён вось-вось забудзецца, службовыя раманы (адзін — рамантычна-сексуальны, другі — сяброўска-платанічны, скіраваны на вырашэнне вытворчых праблем). Гэтак жа хістаюцца шалі ў дзелавой сферы, дзе міністр то слухае свой розум і сэрца, то прытрымліваецца бязглуздых інструкцый.

Пры такім раскладзе Мурашка (Валянцін Салаўёў), які сімвалізуе карпатлівага творцу (у п’есе, як можна заўважыць, усе імёны “гаваркія”, сэнсавыя), становіцца не столькі антаганістам чыноўніка, колькі яго магчымым партнёрам. Стасункі, дзе адзін у палёце думак фантаніруе шалёнымі ідэямі, а другі займаецца іх удалым “прызямленнем”, укараненнем, продажам-распаўсюджваннем, з’яўляюцца адной з самых удалых мадэлей любой творчасці і вытворчасці, якой бы толькі не заміналі бюракратычныя перашкоды.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"