“Я пакаяўся перад Мулявіным”

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

За пачатак адліку вялікай, слаўнай і ў чымсьці драматычнай гісторыі “Песняроў”, прынята браць 1 верасня 1969-га, калі калектыў “Лявоны”, атрымаў права называцца вакальна-інструментальным ансамблем. А ўжо годам пазней ён быў перайменаваны ў “Песняры”. Гэта значыць, у першы дзень сёлетняй восені наша краіна — ды і, упэўнены, як мінімум уся постсавецкая прастора — адзначыць залаты юбілей легенды! Натуральна, “К” не магла абмінуць увагай будучую падзею. Гэтай гутаркай мы адкрываем серыю інтэрв’ю з музыкантамі, якія пісалі і працягваюць пісаць хроніку славутага ансамбля. І першым суразмоўцам стаў артыст, які быў сярод тых, хто стаяў ля вытокаў “Песняроў” — Уладзіслаў МІСЕВІЧ.

/i/content/pi/cult/729/15854/9.JPG— Зусім нядаўна выйшла ваша кніга “Песняры”: я раман з працягам пішу”. І працаваць над ёй вам дапамагаў былы галоўны рэдактар нашай газеты Сяргей Трафілаў. Дарэчы тут будзе ўспомніць і аб тым, што журналіст, першы намеснік дырэктара РВУ “Культура і мастацтва” Людміла Крушынская з’яўляецца аўтарам самага першага бестсэлера пра Песняра “Уладзімір Мулявін. Нота лёсу”...

— ...які ўжо вытрымаў дапоўненае перавыданне пад назвай “Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі”. Так, літаратуры пра “Песняроў” хапае. Напрыклад, мемуары Леаніда Барткевіча “Песняры” і Вольга” — як бы да іх хто ні ставіўся. Або кніга Марыны Мулявінай і Вольгі Брылон “Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недамоўленае...” Мая выйшла ў расійскім выдавецтве, у Екацярынбургу, беларускія чытачы могуць набыць яе пакуль толькі па пошце, але перамовы з нашымі гандлёвымі арганізацыямі наконт яе продажу ўжо ідуць.

— А што вас падштурхнула да яе стварэння?

— Дакладней, не што, а хто. Гэта мае блізкія сябры — маскоўскі кампазітар, піяніст і адначасова прадпрымальнік Юрый Кунец, музыкант “Беларускіх песняроў” Алік Кацікаў, “крамлёўскі доктар” Валодзя Смольнікаў. Яны несупынна мяне даймалі (асабліва ў лазні, калі я ім усялякія байкі распавядаў): маўляў, напішы ды напішы. І аднойчы даціснулі. Да таго часу я ўжо быў добра знаёмы з Сярожам Трафiлавым. Звярнуўся да яго па дапамогу, і ён выступіў у ролі літаратурнага рэдактара. Я застаўся вельмі задаволеным супрацоўніцтвам: выявілася, што гэта не проста адораны газетчык, а чалавек, які валодае сапраўднымі пісьменніцкімi навыкамі. Чатыры гады мы працавалі над кнігай — і, здаецца, атрымалася. Ужо ёсць рэцэнзіі — даволі хвалебныя і, што вельмі важна, напісаныя прафесіяналамі.

— Не з адных жа толькі баек складаецца кніга?

— Не, не, не! Проста яна напісана лёгкай ды іранічнай мовай, да чаго мы і імкнуліся. Ёсць нават трохі моцных слоўцаў — сябры ў курсе, што я магу сабе часам такое дазволіць у гутарцы. Ёсць трошкі маёй біяграфіі: пра тое, як я граў у аркестрах Арэнбургскай сувораўскай і Арэнбургскай вышэйшай лётнай вучэльняў, як служыў у Беларускай ваеннай акрузе, як у Мiнску ў Доме афіцэраў пазнаёміўся з Валодзем Мулявіным, як з ім працаваў у філармоніі — і як з музычна недавучаных, па шчырасці, людзей узнік знакаміты ансамбль, які
прайшоў праз усё маё жыццё. А без баек, натуральна, нельга было абысціся!

— Але нейкія таямніцы вы так і не раскрылі?

— Вядома. Ёсць таямніцы, якія сыдуць у магілу разам са мной. Гэта тычыцца, напэўна, у першую чаргу адносін з некаторымі “песнярамі”, якіх я называю шкоднікамі — пасля таго, што яны зрабілі з памяццю пра ансамбль. Кніга гэтая — не пляцоўка для высвятленняў адносінаў і не поле для дыскусій. У кагосьці з былых маіх калег свая праўда, у мяне — свая. І корпацца ў бруднай бялізне ды дзяліцца пікантнымі падрабязнасцямі — гэта не мая справа, я не Андрэй Малахаў. Ды і які я змагар за чысціню нораваў: на мяне таксама, калі задацца мэтай, кампрамат можна знайсці. Хай лепш чытачы даведаюцца з кнігі, дапусцім, пра тое, як з таленавітага, але спачатку “сырога” Толі Кашапарава нарадзіўся надзвычайны спявак, які валодае фантастычным голасам. А пра маё бачанне некаторых яго чалавечых якасцяў я прамаўчу.

— Што, і тыя міфы, якія склаліся вакол “Песняроў”, вы разбураць не сталі?

— Кшталту таго, што “бітлы” намі захапляліся? Я так скажу: не выключана, што асобныя міфы мелі пад сабой падставу. Пэўныя ніткі паміж “Песнярамі” і ўдзельнікамі The Beatles праз нейкія трэція рукі цягнуліся. Аднак ніякай абсалютна дакладнай інфармацыі пра тое, што хтосьці з гэтай чацвёркі згадваў у якім-небудзь кантэксце назву нашага ансамбля, не існуе. Што ёсць дакладна? Карыкатурны аповед Лёні Барткевіча пра яго сустрэчу з Джорджам Харысанам. Карыкатурны, але прыгожы. Думаю, што нічога, акрамя як “Хэлоў!”, яны тады адзін аднаму не сказалі.

— Скажыце шчыра: а як вы сёння ставіцеся да таго, што ансамбль рабіў паўстагоддзя таму? Як бы вы непрадузята адрэцэнзавалі творчасць “Песняроў”?

— Ох... Я тут нядаўна пераслухоўваў нашы старыя запісы і лічу, што мацней аранжыроўшчыкаў, чым у “Песнярах”, у Саюзе не было — такую высокую планку мы задалі і сабе, і іншым. Ды і ў параўнанні з некаторымі вядомымі заходнімі музыкантамі, якія выкарыстоўвалі тыя ж інструменты, што і мы, “Песняры” нярэдка выйгравалі. Праграма “Абрадавыя песні” — гэта наогул нешта! Неймаверная вакальная складанасць. А буйныя формы? Хто, акрамя нас, зрабіў у Саюзе столькі маштабных твораў? Імкненне ўвесь час рухацца наперад, рэвалюцыйнасць — вось што было характэрна для “Песняроў” у іх лепшыя гады.

Не ведаю, наколькі беларускі музычны фальклор унікальны ў сусветным маштабе, але мы настолькі яго “ўзаралі”, аддаўшы яму нашы маладыя жыцці, што дзякуючы нам ён лічыўся ледзь не галоўным ва ўсім Саюзе. І латыш, і грузін, і узбек маглі нешта праспяваць па-беларуску. Дзіўна! Да ўсяго, “Песняры” не толькі адкрылі беларускую паэзію для жыхароў іншых рэспублік СССР — яны і для саміх беларусаў яе адкрылі! І што ў выніку? Сёння шалёнай цікавасці ў сярэдняга і старэйшага пакалення людзей да спадчыны ансамбля я не назіраю. Пра моладзь наогул няма чаго казаць.

— А як жа збітыя словы, што “Песняры” — гэта наш гонар, наша гісторыя?

— Вы ўжо прабачце, але не адчуваю я ў побыце, што з’яўляюся гонарам і гісторыяй! Па сутнасці, мы і былі тымі The Beatles для СССР і асабліва Беларусі. А колькі засталося беларускіх “бітлоў” першага склікання? Я ды Лёня Тышко, што жыве ў Ізраілі. І якiя ўвага ды павага на Захадзе да Пола Макартні і Рынга Стара? Хіба маем мы тут падобнае? Крыўдна? Ды не хацеў бы я скардзіцца на кожным куце! Пагатоў, нехта скажа: маўляў, чаго яму яшчэ трэба? Вунь, жыве сабе, ходзіць, канцэрты дае — значыць, пэўна не галодны...

— А на сябе “аб’ектыўку” зможаце скласці?

— Ты мяне сваімі пытаннямі ўсё ў тупік спрабуеш загнаць... На нейкім этапе мая музычная роля ў калектыве была больш важкая, на іншым — менш. Граў так, як належыць. Спяваў мала, але “праходзіў” у публікі лепш за ўсіх. Шмат займаўся адміністрацыйнымі справамі. У “Песнярах” ніколі не быў галоўным хуліганам: у маладосці таксама сваволіў, але меру ведаў.

— Якія гады працы ў ансамблі для вас былі самымі прадуктыўнымі і цікавымі?

— Ды ўсе! Напружвала, калі адбывалася нематываваная ратацыя. Усе гэтыя прыходы-сыходы: Ткачэнка, Палiвода, Барткевіч...

— А хто яшчэ, на ваш погляд, з музыкантаў “Песняроў” сыграў важную ролю ў гісторыі ВІА? Вядома, калі не браць у разлік Уладзіміра Георгіевіча.

— Больш правільна было б разбіць яе на гады і для гэтых адрэзкаў называць
нейкія прозвішчы. Але калі ўжо агулам… Пра маю сціплую асобу я ўжо сказаў. Валерый Яшкін, хоць гэта і не мой любімы персанаж. Шурык Дзямешка. Лёня Тышко. Валера Мулявін. Валянцін Бадзьяраў — хаця і ён складаны чалавек. Лёня Барткевіч. Толя Кашапараў. Вова Ткачэнка. Бора Бярнштэйн — таксама складаны чалавек, але яркі музыкант, які мала ў “Песнярах” прапрацаваў. Ігар Палiвода, скрупулёзны і далікатны — усё ноты для нас пісаў. Дзямешка нават неяк паслаў яго, сказаўшы, што па “кручках” не грае. Валера Дайнека. Ігар Пеня. Валодзя Бяляеў — няпросты хлопец, які шмат зрабіў. Саша Растопчын. Алег Моўчан — ён у вельмі крытычнай сітуацыі сябе праявіў з найлепшага боку. Алік Кацікаў. Алег Аверын.

— Як бы вы хацелі, каб было адзначана 50-годдзе “Песняроў”?

— Найскладанейшае пытанне. Вось глядзі, год ужо пачаўся, а ніхто, па-мойму, яшчэ не чухаецца адносна таго, як будзе праходзіць юбілей. Для нас, “Беларускіх песняроў”, цяжкасці заключаюцца ў тым, што нам трэба будзе падладжвацца пад дзяржансамбль — і па даце, і па праграме. А калі мы на гастролях за мяжой будзем — дык што, нам усё кідаць і вяртацца ў Мінск? Лёгка сказаць. Пакуль ведаю толькі адно: у Маскве юбілей адзначаць, захады па яго арганізацыі ўжо робяцца. Свята там дакладна атрымаецца.

З нагоды святаў, дарэчы. У верасні мы далі два канцэрты ў Іванаве ў рамках Дня беларускага пісьменства, куды нас запрасіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. І былі здзіўленыя, што ў Беларусі могуць выдатна праводзіць маштабныя святы — не толькі адзін “Славянскі базар”. Я без усякай іроніі гэта кажу, бо ёсць з чым параўноўваць. Мы выступалі на падобным мерапрыемстве ў Расіі — на Дні славянскага пісьменства і культуры. Дык наша было арганізавана не горш. Можа, і з юбілеем гэтак жа выйдзе. Будзем спадзявацца.

— Як думаеце, ці прысвояць старой “песняроўскай” гвардыі званні народных артыстаў Беларусі?

— Моцна сумняваюся. Хаця на дзесяцігоддзе мне, Тышко, Дзямешку, Кашапараву і Барткевічу далі “заслужаных”, а Мулявіну — так, “народнага”.

— А для вас гэта важна?

— Чаго какетнічаць — прыемна было б.

— Уладзіслаў Людвігавіч, ці ёсць у вас жаданне пагаварыць з Мулявіным?

— Пагавару, нікуды не падзенуся... У кнізе я распавядаю пра тое, як у мяне ўжо “адбыўся” кантакт з Валодзем. Расчуліў ён мяне вельмі моцна. А я пакаяўся перад ім…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"