Бясконцы тур па Радзіме

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

У аўторак, 22 студзеня, у офісе Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі прайшла прэс-канферэнцыя яго мастацкага кіраўніка — знакамітага маэстра Міхаіла Фінберга.

/i/content/pi/cult/729/15850/5.JPGМінулы творчы год для калектыву быў, як заўсёды, насычаны. Граў ён як на найбуйнейшых фестывалях і святах, так і ў сельскіх клубах. Сталіца, абласныя і раённыя цэнтры, самая што ні ёсць глыбінка — канцэрты ладзіліся паўсюдна. Як адзначыў маэстра Фінберг, за час свайго існавання аркестр выступіў, мабыць, ва ўсіх населеных пунктах Беларусі, дзе ёсць залы, здольныя прыняць такі калектыў — нават хай сабе і ў моцна ўсечаным выглядзе. А 2018 год у жыцці аркестра быў адмыслова прысвечаны малым паселішчам.

І такая праца для калектыву — штогадовая норма. Па сутнасці, ён ужо не адзін дзясятак гадоў доўжыць свой бясконцы тур па вялікай і малой радзіме.

2019-ты пачаўся традыцыйным праектам “Мінскі джаз”. Услед за ім прайшло ўжо XIX свята музыкі “Заслаўе — 2019”. У старадаўнім горадзе калектыў паказаў праграму “Вялікая акадэмія”, якая ўваходзіць у яго серыю музычна-асветніцкіх акцый “Гiстарычныя канцэрты ў старажытных цэнтрах Беларусi”, і даў тры канцэрты — струнных і духавых інструментаў і вакальнага дуэта; джазавай музыкі “Неба і зоркі”.

А літаральна сёння калектыў двойчы выступіць у Мазыры для працаўнікоў ААТ “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод” у рамках святкавання 44-й гадавіны атрымання першага палескага бензіну.

Сярод далейшых планаў на гэты год — паказ новых канцэртных праграм у Оршы і Мар’інай Горцы ў памяць пра Уладзіміра Караткевіча і Ігара Лучанка, святкаванне 90-гадовага юбілею Яўгена Глебава, 150-годдзя з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў беларускай прафесійнай музыкі Мікалая Чуркіна, 185-годдзя гісторыка і літаратуразнаўцы Аляксандра Ельскага, 200-годдзя Станіслава Манюшкі і Фларыяна Мiладоўскага...

На стадыі падрыхтоўкі — праграма, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прэм’ера якой адбудзецца ў Маладзечне на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі. Мае намер аркестр выступіць у Пінску — культурнай сталіцы Беларусі гэтага года, і Брэсце — культурнай сталіцы СНД — 2019.

А вось у магчымым праекце, звязаным з 50-годдзем ВІА “Песняры”, аркестр, хутчэй за ўсё, удзелу не возьме. Міхаіл Якаўлевіч распавёў, што ў яго была размова з кіраўніцтвам цяперашняга Беларускага дзяржаўнага ансамбля, падчас якой прагучала прапанова аб сумесным праекце. Аднак у выніку згоды дасягнута не было. Маэстра лічыць цяперашніх музыкантаў легендарнага калектыву людзьмі таленавітымі, але перакананы, што ім трэба развівацца менавіта самім.

У размове з журналістамі дырыжор закрануў і пытанне, якое хвалюе яго ўжо шмат гадоў — стан сучаснай айчыннай папулярнай музыкі. Спадар Фінберг вельмі крытычна ставіцца да “кнопкавай вытворчасці”, калі з дапамогай камп’ютарных праграм музычны твор можна стварыць за дзень, а то і за некалькі гадзін, не выкарыстоўваючы “жывыя” інструменты. На жаль, у выніку атрымліваюцца безжыццёвыя аднадзёнкі. Адсюль і вытокі цяперашняга крызісу, які ахапіў беларускую поп-музыку, калі яркія, запамінальныя, здатныя жыць не адзін год рэчы з’яўляюцца вельмі рэдка. Як мала цяпер і аркестраў, здольных паводле свайго прафесіяналізму канкурыраваць з гадаванцамі Фінберга. Дырыжор у сваіх выказваннях быў даволі рэзкім і прынцыповым, не хаваючы сваю пазіцыю за дыпламатычнымі эўфемізмамі і адстойваючы вышыню прафесійнай планкі.

Закрануў маэстра і іншую праблему: ужо каторы год існуюць цяжкасці з выбарам беларускага ўдзельніка на Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”. Цяперашнія прэтэндэнты, на яго думку, таксама не адпавядаюць тым высокім крытэрыям, якіх вымагае спаборніцтва. У той самы час, Міхаіл Якаўлевіч перакананы: таленты ў краіне ёсць. Яму не раз даводзілася чуць цікавых маладых спевакоў і спявачак, але па нейкіх прычынах у лік патэнцыйных суіскальнікаў прызоў “Славянскага базару” яны не трапляюць.

Але завяршыў размову з журналістамі Міхаіл Фінберг усё ж на ноце аптымістычнай, паабяцаўшы, што ў будучыні ад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі трэба чакаць яшчэ мноства прыемных творчых сюрпрызаў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"