Пераможцы вядомы, але інтрыга застаецца

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

24 студзеня ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу па вылучэнні лепшых у сферы культуры за 2018 год. Кампетэнтным журы пад старшынствам першага намесніка міністра культуры Наталлі Карчэўскай ацэньвалася не толькі практыка дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі, а і старанна выбіраўся “Чалавек года ў сферы культуры”. Калі ж улічыць, што па кожным раздзеле меліся яшчэ і намінацыі, можна ўявіць ступень напружанасці пасяджэння журы. Пераможцы вызначаны, але лепшыя з лепшыхбудуць названы падчас выніковай калегіі Міністэрства культуры. А пакуль гаворка — пра намінантаў.

Для ўдзелу ў намінацыі “Найлепшы выканаўчы камітэт абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі” былі пададзены заяўкі ад Гомельскага, Магілёўскага і Мінскага аблвыканкамаў. На званне “самага культурнага” райвыканкама прэтэндуюць пяць: Асіповіцкі, Бярозаўскі, Дзяржынскі, Іванаўскі, Кіраўскі. Немалая канкурэнцыя і ў сельскай намінацыі: там супернічаюць паміж сабой Бердаўскі (Лідчына), Васілішкаўскі (Шчучыншчына), Дзярэчынскі (Зэльвеншчына), Улукоўскі (Гомельскі раён) сельвыканкамы.

Чарговы раздзел конкурсу — “Горад культуры”. У намінацыі “Найлепшы абласны цэнтр” заяўлены Гомель і Магілёў. Крытэрыі ацэнкі для ўсіх намінантаў раздзелу: выкананне асноўных фінансава-эканамічных паказчыкаў развіцця арганізацый культуры, колькасць і мастацкі ўзровень мерапрыемстваў, рэалізацыя наватарскіх праектаў, стан матэрыяльнай базы, ахова і эфектыўнасць выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, узровень добраўпарадкавання і эстэтызацыі населенага пункта.

Найлепшым горадам абласнога падпарадкавання жадае называцца Жодзіна (Мінская вобласць). Раённага — Тураў, Капыль, Крычаў, Навагрудак, Глыбокае. Пасёлкам гарадскога тыпу — Карэлічы, Зэльва, Краснаполле, найлепшым аграгарадком — Крошын (Баранавіччына), Парахонск (Піншчына), Дудзічы (Калінкавіччына), Чырвоны Бераг (Жлобіншчына), Александрыя (Шклоўшчына), Пагародна (Воранаўшчына), Ракаў (Валожыншчына), Блізніца (Шаркаўшчына), Дабрамыслі (Лёзненшчына).

Цяпер гаворка пра “Чалавека года ў сферы культуры”. У намінацыі “Клубная дзейнасць” на гэтае званне прэтэндуюць галоўны рэжысёр Палаца мастацтваў Бабруйска Анатоль Брычонак, загадчык Грынкаўскага сектара культуры і адпачынку Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марыя Самалевіч, дырэктар Мірскага СДК Баранавіцкай раённай клубнай сістэмы Ларыса Давят, дырэктар Бацвіноўскага культурна-спартыўнага цэнтра Чачэрскага РДК Ірына Нікішова, намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах ЦК “Віцебск” Марына Раманоўская, галоўны рэжысёр аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-адпачынкавай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Наталля Маісеева.

Прэтэндэнты на званне “Чалавек года” ў намінацыі “Бібліятэчная дзейнасць”: дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна Марына Рафеева, дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева Алена Капыток. У намінацыі “Музейная дзейнасць”: загадчык экспазіцыйнага аддзела Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава Алена Рысь, дырэктар Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музея Кацярына Варабей, дырэктар Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі Людміла Шымбалёва, дырэктар Кармянскага раённага мемарыяльнага музея імя Панцеляймона Лепяшынскага Ала Балыш, старшы навуковы супрацоўнік Музея бітвы за Днепр (Лоеў) Ксенія Сямашка.

Для ўдзелу ў конкурсе ў намінацыі “Народная творчасць” пададзена шэсць заявак. Гэта — кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву РБ народнага ансамбля “Брыз” Столінскай ДШМ Фёдар Вайцяхоўскі, кіраўнік народнага тэатра-батлейкі Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка Андрэй Рэцікаў, кіраўнік народнага ансмабля “Верас” Буда-Кашалёўскага РДК Аляксандр Новікаў, хормайстар народнага хору “Зараніца” Лельчыцкага РЦК Уладзімір Ляўкоўскі, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага РЦК Алена Шчэліна, настаўнік Клецкай ДШМ Крысціна Цыганкова.

Намінацыя “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” прадстаўлена наступнымі майстрамі: загадчык Германавіцкага дома ганчара (Шаркаўшчынскі раён) Сяргей Рымдзёнак, разьбяр і метадыст-майстар Добрушскага раённага цэнтра рамёстваў Валерый Мінкоў, народны майстар выцінанкі Нараўлянскага раённага цэнтра рамёстваў Юлія Каўрус, майстар па вышыўцы аддзела рамёстваў Слонімскага РЦК Алена Міхед, народны майстар па саломкапляценні, малодшы навуковы супрацоўнік РДР цэнтралізаванай клубнай сістэмы Горацкага раёна Алена Зушчык.

Пры абмеркаванні персаналій высветлілася, што ў лік намінантаў трапіла шмат таленавітых асоб, але згодна з палажэннем конкурсу званне можа атрымаць толькі адзін чалавек. Міністэрства культуры будзе рэкамендаваць мясцовым уладам маральна і матэрыяльна прастымуляваць астатніх намінантаў.

Падчас выніковай калегіі будуць названы пераможцы і ў шматлікіх іншых намінацыях конкурсу.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"