Дзверы да схаваных скарбаў

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Гэтым годам Дзень беларускай навукі, які прыпадае на 27 студзеня — святочны ўдвая. Галоўная даследчая ўстанова краіны — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі — адзначае сёлета сваё 90-годдзе. Саракагадовы юбілей неўзабаве справіць і бадай недаацэнены шырокай публікай айчынны музей — старажытнай беларускай культуры. І сапраўды, не так проста знайсці тыя дзверы, якія вядуць да ягоных скарбаў! Таму кіраўніцтва ўстановы спадзяецца, што гэты асаблівы год стане для яе папраўдзе прарыўным. У маі 1979 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрыўся Музей старадаўняй беларускай культуры. Яго з’яўленне было цалкам лагічным: на працягу многіх дзесяцігоддзяў супрацоўнікі колішняга Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ладзілі па ўсёй рэспубліцы экспедыцыі, збіраючы ўнікальныя ўзоры айчыннага мастацтва, рамёстваў і этнаграфіі. Гэтыя калекцыі і акумуляваў новы музей, які хутка стаў значным навукова-даследчым цэнтрам.

/i/content/pi/cult/729/15848/1.JPGТрэці дырэктар

Кабінет дырэктара ўстановы Барыса Лазукі — быццам музей у мініяцюры: тут ёсць і “рэстаўрацыйны” куточак (гаспадар плануе сваімі рукамі аднавіць крэсла з музейных фондаў), і шматлікія скрыні з прадметамі, якія, магчыма, увойдуць у музейныя спісы, і стосы зборнікаў навуковых канферэнцый, дакладаў, неабходных у працы кніг, і разводдзі дакументаў, што рэгулююць дзейнасць установы і вызначаюць яе далейшае развіццё.

На самым прыкметным месцы дырэктарскага стала — два альбомы распрацовак мастацкай і архітэктурна-дызайнерскай канцэпцыі экспазіцыі. Менавіта з гэтымі фаліянтамі Барыс Андрэевіч звязвае самыя галоўныя надзеі года.

За 40 гадоў існавання ўстановы змянілася ўсяго тры яе кіраўнікі. Цяпер музей узначальвае Барыс Лазука. Аддаючы належнае дасягненням папярэднікаў, ён не стамляецца нагадваць, што музейны арганізм мусіць эвалюцыянаваць. Адсюль і неабходнасць маштабнай рэканструкцыі ўстановы. У гэтых пачынах дырэктара падтрымлівае старшыня Прэзідыума НАН РБ Уладзімір Гусакоў, які таксама настойвае, што самавіты музей павінен займець адметнае аблічча, новае дыханне і выкарыстоўваць у сваёй працы сучасныя падыходы.

Барыс Лазука — натура энергічная. За некалькі хвілін на шляху да кабінета суразмоўца паспеў правесці міні-экскурсію на падуладнай яму тэрыторыі і падзяліцца планамі чаканай рэканструкцыі. Мяркую, такім і павінен быць прафесіянал, у абавязкі якога ўваходзяць не толькі навуковыя даследаванні (дарэчы, не так даўно з друку выйшла яго чарговая кніга “У засені замкаў і палацаў”), але яшчэ і шматлікія гаспадарчыя пытанні: ад замены лямпачак і ўсталявання бойлеру да планавання бюджэту.

/i/content/pi/cult/729/15848/2.JPGУ падпарадкаванні майго візаві немалыя плошчы: экспазіцыйныя складаюць больш за тысячу квадратных метраў, чатырыста з якіх выдаткавана пад фонд выратаваных рэчаў з зоны адсялення пасля Чарнобыльскай катастрофы на АЭС, 600 м2 фондасховішча, маецца рэстаўрацыйная лабараторыя, шматлікія службовыя памяшканні.

— Рамонт — гэта балючая для нас тэма, — адгукаецца на маё пытанне дырэктар. — Мы імкнёмся кожны год штосьці рабіць, каб падтрымліваць памяшканні ў належным стане. Не так даўно вось паставілі новыя вокны ў лесвічных пралётах, адрамантавалі лесвіцу, па якой наведвальнікі ўздымаюцца з вуліцы, замянілі парэнчы, аднавілі прыступкі. Апошнія тры гады паступова прыводзілі да ладу фондасховішча. Аднак вырашыць усе праблемы сваімі сіламі было немагчыма.

Уваход, каса, падсветка

Цяпер Музей старажытнай беларускай культуры не мае выразнага ўваходу, які б дапамог наведвальніку зарыентавацца, дзе заканчваюцца памяшканні Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а дзе пачынаецца ўласна музей. Праект дазваляе вырашыць праблему і прапаноўвае варыянт, як размясціць у холе ўласны гардэроб, зрабіць туалет для наведвальнікаў, паставіць сувенірны кіёск, пакой з копіямі і рэканструкцыямі гістарычных і народных касцюмаў для фотасесій, інфармацыйную сэнсарную панэль, дзе можна будзе болей даведацца пра калекцыі музея, этапы яго стварэння, пра супрацоўнікаў, якія для публікі звычайна знаходзяцца ў ценю.

Таксама спадар Лазука плануе паставіць касу, каб мець магчымасць увесці платныя экскурсійныя паслугі. Пакуль жа дэ-юрэ музей не мае магчымасці прадаваць уваходныя білеты ці праводзіць якія-небудзь платныя мерапрыемствы.

Для экспанатаў ва ўсіх залах Барыс Андрэевіч плануе займець новае выставачнае абсталяванне з кропкавай падсветкай, паставіць інфакіёскі. Фармальна магчымасці прадстаўлення арыгіналаў захаваюцца, а сям-там нават павялічацца за кошт канструктыўных асаблівасцей. Скажам, у поўным аб’ёме застанецца археалагічная калекцыя і блок народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дадаткова з’явяцца дыярамы з жыхарамі пэўных эпох у адмысловых касцюмах, інсталяцыі, якія стануць “жывымі” замалёўкамі калядаў і такога важнага вясельнага абраду, як павязванне наміткі. Музей мае шыкоўную калекцыю арыгінальных народных касцюмаў — больш за сотню. Перапланіроўка дазволіць выставіць удвая больш камплектаў, чым ён можа дазволіць сабе сёння.

/i/content/pi/cult/729/15848/3.JPG— За савецкім часам ад музейшчыкаў патрабавалі, каб гісторыя да 1917 года была паказаная ў адмоўным свеце: маўляў, да рэвалюцыі панавала галеча і прыгнячэнне. У айчынных музеях побытавыя рэчы ў асноўным распавядалі пра сялянства, а больш заможныя пласты амаль не закраналіся, — нагадвае дырэктар. — Добра, што падыходы змяніліся. Побач з хатнімі рэчамі вяскоўцаў мы збіраемся паказаць рэканструкцыю залы палаца XVIII стагоддзя і гарадской кватэры ХІХ стагоддзя. Патрэбны досвед у аднаўленні ў мяне ёсць — я з’яўляюся адным з аўтараў Музея гісторыі слуцкіх паясоў. Дарэчы, новыя вітрыны дазволяць і нам нарэшце выставіць два арыгінальныя слуцкія паясы, што маюцца ў фондах (адзін ужо рэстаўраваны, другі ж чакае сваёй чаргі).

Наведвальнікі змогуць пабачыць нават рэканструкцыю касцюма XVIII стагоддзя. Спадар Лазука ведае спецыяліста, які мае выкрайкі гэтай эпохі і можа па тых лякалах у дэталях аднавіць усё. Гэта вельмі дарэчы, бо на сёння ў фондах музея захоўваюцца невялікія дэталі падобных строяў. У праекце залы прадстаўлена кафлявая печка-грубка. З ёй таксама давядзецца павазіцца, бо з арыгінальных элементаў у наяўнасці толькі чыгунныя дзверцы і некалькі кафлін, якія патрэбна будзе скапіраваць і паўтарыць у патрэбнай колькасці.

/i/content/pi/cult/729/15848/4.JPGУ беларускім пасольстве ў Лондане дырэктар пабачыў адметнае люстра, якое хоча паўтарыць для новага інтэр’ера, як і крышталёвы посуд Урэцкай і Налібокскай мануфактур XVIII годдзя. Па якасную копію можна звярнуцца на шклозавод “Нёман”, дзе дзейнічае ўнікальная вытворчасць гутнага шкла.

Заснавальнікі Музея старажытнай беларускай культуры вялікую ўвагу надавалі збору і захаванню сакральных прадметаў. Гэта была надзвычай важная праца, бо ў часы ваяўнічага атэізму знікалі цэлыя пласты нацыянальнага мастацтва. Дзякуючы іх намаганням, ва ўстанове сфарміраваўся найбуйнейшы збор іканапісу, які дэманструе станаўленне і развіццё беларускай нацыянальнай школы сакральнага жывапісу. Праўда, па меркаванні спадара Лазукі, да гэтага калекцыя была прадстаўленая публіцы досыць хаатычна. Зараз жа зала будзе падзеленая на экспазіцыйныя аб’ёмы, каб кожная прастора дазваляла зразумець асаблівасці кожнай з трох канфесій: праваслаўнай, рыма-каталіцкай і ўніяцкай. Інтэр’еры будуць стылізаваны пад храмы, а экспанаты выстаўлены так, каб захаваць храналагічны прынцып і дэманстраваць эвалюцыю сакральнага мастацтва.

Фінансы затрымліваюцца

Праект абсалютна новай экспазіцыі на цяперашніх плошчах быў завершаны ў канцы снежня. На сённяшні момант музейшчыкі маюць усе неабходныя дакументы для таго, каб увасобіць задуму ў жыццё. У дырэктара на руках ёсць каштарысы і неабходныя разлікі, падрыхтаваныя спецыялістамі. Наперадзе — правядзенне некалькіх тэндараў, бо неабходна не толькі падабраць выканаўцаў агульнабудаўнічых работ, але абнавіць пажарную і ахоўную сігналізацыі, вырашыць надзённае пытанне з вентыляцыяй і кандыцыяніраваннем: у прыстасаваных памяшканнях пры сённяшнім аснашчэнні не заўсёды ўдаецца падтрымліваць падтрымліваць належны тэмпературны і вільготнастны рэжым.

— У каштарысе на правядзенне ўсіх неабходных работ для ажыццяўлення нашай канцэпцыі фігуруе сума каля 1 мільёна 600 тысяч рублёў. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук даў станоўчую рэзалюцыю, — распавядае спадар Лазука і з сумам дадае: — Цяпер спрабуем знайсці агульную мову з эканамічным упраўленнем НАН. Ледзь не штодня вымушаны весці перамовы і даказваць неабходнасць кожнага з прыведзеных у каштарысе пунктаў.

Першапачаткова планавалася, што ўсе работы будуць завершаны ў снежні 2019 года. Адкладванне пачатку фінансавання адсоўвае і дату ўрачыстага адкрыцця абноўленай экспазіцыі. Спадар Лазука з уласцівым яму аптымізмам спакойна ставіцца да верагоднасці выйсці за межы юбілейнага тэрміну. Галоўнае — распачаць рэканструкцыю, неабходнасць якой даўно наспела. Бо выключны па сваіх скарбах музей ад пачатку існуе ў непрыстасаваных памяшканнях.

Пад яго 40 гадоў таму адышлі колішняя кавярня, інстытуцкі хол, гаспадарчыя пакоі накшталт памяшкання для апрацоўкі гародніны і гэтак далей. У гэтых умовах 15 супрацоўнікаў умудраюцца не толькі папаўняць фонды, пашыраць выставачныя калекцыі, ладзіць запамінальныя выставы, праводзіць навуковыя даследаванні, але і вынаходзіць унікальныя рэстаўрацыйныя метады. Прыкладам, колькі гадоў таму музейныя рэстаўратары рызыкнулі расслаіць фарбавыя слаі іконы. Захаваўшы асноўную выяву, яны адкрылі і перанеслі на шкло схаваныя пад верхнім слоем яшчэ два маляваныя сюжэты.

На развітанне спадар Лазука завярае: колькі б ні цягнулася рэканструкцыя музея, на гэты час установа не спыніць сваю выставачную дзейнасць. Усе асноўныя фонды будуць прадстаўленыя ў зале, дзе сёння месціцца чарнобыльская экспазіцыя. “Цесна сядзець — ды добра глядзець”, — шуткуе дырэктар.

А вось пасля рамонту наступіць час для змены яшчэ адной стратэгіі: каб не губляцца на фоне добра раскручаных калег, музею неабходна будзе перагледзець свае погляды на прасоўванне. Тады не давядзецца ў чарговы раз чуць ад уражаных наведвальнікаў: “У вас тут столькі скарбаў! Чаму вы ўсё гэта хаваеце?!”

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"