Таццянін дзень па-мархелеўску

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

Сёння, 19 студзеня, народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель святкуе свой юбілей — вядома, на сцэне роднага Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

/i/content/pi/cult/728/15847/23.JPGВечарына так і называецца — “Таццянін дзень”. Хтосьці недасведчаны падумае: не па раскладзе, амаль за тыдзень да традыцыйнага 25 студзеня. Ды не, усё правільна! Проста Таццяна Рыгораўна апярэджвае час — заўжды і ва ўсім. І робіць гэта спакойна, нетаропка, з усмешачкай. Таму і наконт свайго бенефісу і віншаванняў, як расказваюць у тэатры, выказалася: “Няхай гэта будзе весела!”

Напярэдадні падзеі ў фае Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі разгарнулася фотавыстава, дзе юбілярку можна ўбачыць і ў ролях, і ў жыцці. А прыгледзеўшыся, зрабіць уласныя адкрыцці. Літаральна ў пачатку экспазіцыі — амаль непазнавальная, загадкавая “дзяўчына з Усходу” з лёгкім вэлюмам-вуаллю. Ды няўжо гэта Мархель, якую мы прызвычаіліся бачыць сімвалам сціплай, прымудранай жыццём беларускі? А так і ёсць! Проста яна ў ролі Харміяны — служкі Клеапатры, у свае 25 гадоў яшчэ на сцэне Гродзенскага тэатра.

Дададзім, што Таццяна Рыгораўна далёка не адразу стала сталічнай жыхаркай. А стаўшы, так і не ператварылася ў “сталічную штучку”. Бо пры ўсім стосе тэатральных роляў умее заставацца самой сабой. І наадварот: у кожную сваю ролю ўкладае часцінку сябе. Часам тую, пра якую мы не здагадваемся. Апісаны вышэй здымак, зроблены ў 1964-м, вымушае ўспомніць, што спачатку яна, між іншым, працавала ў Алма-ацінскім ТЮГу, а ўжо потым былі Гродна, Магілёў, Віцебск і, нарэшце, Мінск. Прычым спачатку Тэатр-студыя кінаакцёра, а ўжо з 1993-га і па сёння — РТБД. Ды за адным гэтым пералікам — ну проста гісторыя беларускага тэатра! І тая Харміяна асабіста для мяне — яшчэ і быццам “спасылка” да часоў Уршулі Радзівіл (а вобразы Усходу ў XVIII стагоддзі любілі — асабліва ў Рэчы Паспалітай і менавіта ў асяродку беларускай шляхты, прадстаўнікі якой лічылі сябе нашчадкамі старадаўніх сарматаў). Вось вам і “вясковая дзяўчынка” родам са Смалявіччыны (вёскі Шпакоўшчына)!

Дый само прозвішча Мархель мае красамоўны пераклад з нямецкай, дзе Mar азначае “мяккі”, а Helle — святло, бляск. Пазналі партрэт? Ды ў гэтым спалучэнні — уся Таццяна Рыгораўна! “У дошку” наша — і, разам з тым, з гэткім прыхаваным еўрапейскім пасагам. Зразумелі цяпер, чаму ў яе такая шыкоўная гераіня ў “Трох Жызэлях”?

Дарэчы, за пару дзён да 80-гадовага юбілею творчая скарбонка вялікай актрысы папоўнілася роляй Бабулі ў прэм’ерным спектаклі “Мудрамер” Аляксандра Гарцуева. Роля не такая вялікая, але непрацяглая сцэна з удзелам Таццяны Мархель становіцца семантычным стрыжнем, кульмінацыяй усёй дзеі — гледачы (і нават, па сакрэце скажу, некаторыя іншыя ўдзельнікі пастаноўкі) не могуць стрымаць слёз ад той хвалі шчырасці, што адразу накрывае вас і нясе ў бязмежны акіян эмоцый, пачуццяў, добрых учынкаў.

Таццяна Рыгораўна, мы зычым вам яшчэ безліч цікавых ролей, а гледачам — доўгіх гадоў шчасця бачыць вас на сцэне!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"