Повязь пакаленняў

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

14 студзеня споўнілася 80 гадоў Васілю Шаранговічу. З юбілеем народнага мастака Беларусі павіншаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Цягам тыдня добрыя словы ў адрас выбітнага творцы таксама працягваюць гучаць. Заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар, колішні рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Васіль Шаранговіч выхаваў не адно пакаленне мастакоў. Таму сёння на старонках “К” настаўніка віншуюць яго вучні.

/i/content/pi/cult/728/15846/21.JPG“Сам акадэмізм ён ператварыў у авангардную структуру”

Юрый ХІЛЬКО, мастак, загадчык кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Той факт, што наша акадэмія і кафедра графікі з’яўляецца лідарам у прафесійнай падрыхтоўцы беларускіх мастакоў, у вялікай ступені заслуга Васіля Пятровіча. Мы зычым, каб ён яшчэ доўга глядзеў на гэты свет, радаваўся яму і чакаў далейшых віншаванняў. Па сутнасці, кафедра графікі была створана менавіта ім. Сёння там працуе асноўная частка выкладчыцкага складу яшчэ з тых часоў, калі Васіль Пятровіч быў рэктарам акадэміі. Гэта выкладчыкі некалькіх пакаленняў, якія любяць родную зямлю, яе гісторыю, людзей, шануюць традыцыі і зберагаюць усё лепшае, што было напрацавана беларускімі мастакамі, сярод якіх Васіль Пятровіч займае адметнае месца.

У 1960 — 1980-я гады, на абшарах вялізнага СССР такіх графікаў было вельмі няшмат. У творчасці ён адышоў ад акадэмічных заезджаных схем і нават сам акадэмізм ператварыў у авангардную структуру. У яго бліскучы малюнак і такое разуменне кампазіцыйнага строю аркуша, якое мала ў каго ёсць. У свой час яго графіка была выключная, мы гэта разумеем, захоўваем і далей развіваем тое, што было ім закладзена.

“Мудры кіраўнік, выкладчык і чалавек”

Павел ТАТАРНІКАЎ, мастак:

— З вялікім задавальненнем віншую Васіля Пятровіча з юбілеем, хачу пажадаць яму здароўя на 120 гадоў і выказаць сваю асабістую ўдзячнасць. Ён быў маім настаўнікам, кіраваў дыпломнай працай у акадэміі і можна сказаць, што выпусціў мяне, як тую птушачку, з нашага агульнага гнязда. Але ён быў тады не толькі выкладчыкам — рэктарам акадэміі, дарэчы, відаць адзіным за ўсю яе гісторыю, якога не прызначалі, а выбіралі. У гэтым удзельнічаў увесь акадэмічны выкладчыцкі калектыў, нават студэнты праз свой камітэт. І ўвесь час, пакуль Васіль Пятровіч займаў гэтую пасаду, гэта быў мудры кіраўнік, выкладчык і чалавек. І строгі, безумоўна.

Мы, студэнты, на першым курсе яго нават баяліся. Калі ж ён кіраваў дыпломам, то ставіўся да кожнага з нас як да сваіх калег. Зразумела, што мы адчувалі ўзроставую дыстанцыю, але ён стараўся наблізіцца да нас, зразумець, даць патрэбную параду падчас творчых абмеркаванняў. Нам гэта давала такі імпэт, мы нават раслі ў сваіх уласных вачах, такія рэчы ніколі не забываюцца. І мне ёсць на што абапірацца, калі я сам сёння выкладаю ў акадэміі.

Безумоўна, любы выкладчык-мастак уплывае аўтарытэтам сваіх твораў. Я добра памятаю, якое ўражанне зрабіла серыя ілюстрацый Васіля Пятровіча да кнігі “Пан Тадэвуш”. Думаю, што яна не магла не пакінуць следу і ў маёй уласнай творчасці. І хоць мне цяжка пра гэта казаць, лепш відаць звонку, але ўздзеянне яго твораў было вельмі моцным.

/i/content/pi/cult/728/15846/22.JPG“Мы па-ранейшаму нечым звязаны”

Андрэй БАСАЛЫГА, мастак:

— Віншую Васіля Пятровіча з юбілеем, зычу творчых поспехаў і доўгіх гадоў жыцця. З яго імем у маім жыцці звязаны вялікія і добрыя ўспаміны. Ён быў кіраўніком майго дыплома ў Акадэміі мастацтваў, мы шмат сустракаліся, размаўлялі, абмяркоўвалі цікавыя для абодвух тэмы. І, нягледзячы на тое, што належым да розных пакаленняў мастакоў, мы па-ранейшаму нечым звязаны. У гады вучобы адбылося ўзаемапранікненне яго вопыту і мастацкага погляду з маімі ўласнымі ўяўленнямі і меркаваннямі, мы знайшлі важныя кропкі сутыкнення.

Думаю, што самае каштоўнае ў адносінах паміж вучнем і настаўнікам, калі настаўнік не прыціскае сваім аўтарытэтам, не навязвае сваіх меркаванняў, а імкнецца зразумець свет вучня, яго задумы і дапамагае раскрыцца неназойлівай карэкцыяй. Так і было. Нашы абмеркаванні мелі больш філасофскі характар, а заўвагі пра памылкі рабіліся на ўзроўні стварэння паўнацэннага твора мастацтва. Мне ўяўляецца гэта натуральным, таму што на этапе вышэйшай мастацкай адукацыі тэхнічныя моманты
пройдзеныя і адыходзяць на другі план, важнымі становяцца тонкія матэрыі.

Творчасць Васіля Пятровіча, яго мастацкі пункт гледжання — вельмі прафесійны, яго творы — самага высокага ўзроўню. І хоць я іду сваім шляхам, тыя яго работы, што я бачыў, вывучаў, прапускаў праз сябе, безумоўна, паўплывалі на мяне. Яго творчы метад унікальны, своеасаблівы почырк, адметнае прасторава-кампазіцыйнае выкананне і індывідуальны пластычны малюнак. У яго ёсць чаму вучыцца.

Рэдакцыя “К” далучаецца да віншаванняў і зычыць Васілю Пятровічу здароўя, сіл, натхнення і яшчэ безлічы шчаслівых момантаў.

 

Фота Юліі КУКУШКІНАЙ