Увага, конкурс

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, у мэтах падтрымкі таленавітай моладзі, павышэння яе прафесійнага майстэрства і папулярызацыі выяўленчага мастацтва з 16 лютага па 1 мая 2019 года ў краіне праводзіцца Рэспубліканскі конкурс “Трыенале маладых мастакоў”.

Браць у ім удзел могуць аўтары твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і мастацкіх тэхніках і аўтары апублікаваных прац аб выяўленчым мастацтве, ажыццёўленых куратарскіх праектах у галіне выяўленчага мастацтва, асобы, якія атрымліваюць мастацкую ці мастацтвазнаўчую адукацыю ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама творчыя, навуковыя, педагагічныя, музейныя работнікі ва ўзросце да 31 года, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь ці замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны.

Конкурс праводзіцца ў намінацыях “Скульптура”, “Жывапіс”, “Графіка”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Навацыя (арт-праект, інсталяцыя)”, “Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка”, “Куратарскі праект у галіне выяўленчага мастацтва”, “Глядацкая сімпатыя”. Для ўдзельнікаў у кожнай намінацыі вызначаюцца дзве групы. Да першай адносяцца асобы, якія атрымліваюць прафесійную мастацкую ці мастацтвазнаўчую адукацыю ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Да другой — творчыя, навуковыя, музейныя,
педагагічныя работнікі.

Заяўкі на ўдзел у трыенале прымаюцца па 15 лютага 2019 года на адрас дырэкцыі конкурсу на базе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў: 220040, г. Мінск, вул. Някрасава, 3. Дадатковая інфармацыя змешчана на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь www.kultura.by.

Першы этап конкурсу завяршыцца 1 сакавіка: адборачная камісія з пададзеных заявак і матэрыялаў вылучыць да дзесяці работ у кожнай групе і намінацыі для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе сучаснага выяўленчага мастацтва, якая будзе праходзіць у Мінску з 1 красавіка па 1 мая. Па выніках адкрытага прагляду і ацэнкі твораў мастацтва, апублікаваных мастацтвазнаўчых прац, апісанняў куратарскіх канцэпцый, экспануемых у межах выставы, журы конкурсу вызначае пераможцаў.