Тое, чаго не адбылося

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

Рэдкая птушка з маладых айчынных рэжысёраў даляціць да галоўнай сцэны Купалаўскага тэатра. Віталю Краўчанку тое ўдалося — ён адолеў непадуладную многім адлегласць, дзякуючы прыкметным пастаноўкам у абласных тэатрах Гомеля і Магілёва, а таксама на прыватных сталічных пляцоўках. Для дэбюту ў вядучым драмтэатры краіны ён абраў дзёрзкі матэрыял: “Вешальнікаў” аскараноснага сцэнарыста і драматурга Марціна МакДонаха. Аднак ці атрымалася ў выніку паказаць публіцы нешта большае, чым проста добра зладжаны спектакль?

/i/content/pi/cult/728/15840/17.JPGВіталя Краўчанку смела можна называць паслядоўнікам псіхалагічнага тэатра. Яго заўсёды вылучаў сур’ёзны падыход да сваёй прафесіі і памкненне да адточанай да дробязей рэжысёрскай прапрацоўкі сцэнічнага малюнку. Асабіста мяне падкупляла яго ўменне выбудаваць мізансцэну, уважлівасць да дэталяў, уменне нюансаваць акцёрскія задачы. Пад прыстрэлам сафітаў Купалаўскага ўсё гэта кудысьці падзелася. “Вешальнікі” прадэманстравалі магчымасць рэжысёра выбраць адметны матэрыял і акуратна развесці яго па ролях, аднак так і не дайшлі да глыбінь даследавання прычын дэфармацыі чалавека.

У фокусе пастаноўшчыка напісаная МакДонахам гісторыя Гары Уэйда — сем’яніна, які штораніцы мог выпраўляцца ў турму, каб павесіць па судовым вырашэнні чалавека, а ўвечары прымаў у сваім бары аматараў выпіць. Для галоўнага героя абедзве яго работы аднолькава будзённыя, і ў кожнай ёсць нагода для гонару і самалюбавання. Гэты цынізм у стаўленні да жыцця і смерці добра ўдалося перадаць выканаўцу галоўнай ролі Ігару Дзянісаву. Раз-пораз спектакль ажывае, дзякуючы моцна збітай акцёрскай рабоце Зоі Белахвосцік (жонка Гары — Эліс Уэйд), лёгкасці і сапраўды падлеткавай пераменнасці Крысціны Дробыш (дачка вешальніка Шырлі), шыкоўнаму эпізоду з Аляксандрам Падабедам, які граў сталага саперніка Гары — вешальніка нумар адзін у Англіі Альберта П’ерпойнта. На жаль, асобныя вынаходкі не дапамаглі пастаноўцы скласціся ў цэласны твор.

Ёсць адчуванне, што спадар Віталь не змог знайсці адэкватнае апраўданне існаванню сваіх герояў у прапанаваных мастаком Барысам Герлаванам дэкарацыях. На сцэне ўзведзены амфітэатр, які набліжае зададзены МакДонахам правінцыйны паб да арэны для бойкі адных і назойлівага сузірання чыіхсьці праблем чужынцамі. Тут, канешне, можна смакаваць асобныя дэталі накшталт змешчаных па-турэмнаму ў рашоткі жырандоляў, што мацуюцца на канатах, ідэнтычных вяроўкам для смяротнага пакарання. Маўляў, няма розніцы што вешаць — лямпачку ці чалавека. Але актыўны чырвоны, наўмысная адкрытасць прасторы заведама надае дзеянню ненатуральнасць. У гэтыя дэкарацыі цудоўна ўпісваецца нехарактэрная для тонкай псіхалагічнасці МакДонаха дошка гонару: пастамент для папруг, палак для збівання і нават блоку з кнопкай для рэгулявання пятлі. Ці не ад такой жывапіснасці “карцінкі” скурчоўваецца тэкст ірландскага драматурга, які выкрышталізоўвае надлом асобы праз прызвычаеныя рэчы?

/i/content/pi/cult/728/15840/18.JPGНесупадзенне задуманага і зробленага выскоквала недарэчна часта. Нават у пралогу, калі авансцэну перакрылі масіўнымі, амаль што сапраўднымі кратамі, вока чаплялася за надрукаваную цагляную кладку, што відавочна матлялася ад павеваў кандыцыянераў. З-за гэтага сцэна забойства невінаватага патыхала несапраўднасцю. На жаль, за дзве з паловай гадзіны п’еса пра каштоўнасць жыцця і маральны выбар нават таго, хто толькі мімаходзь кранаецца смяротных пакаранняў, так і застаецца для гледача халодным тэкстам пра чужыя праблемы далёкай краіны. Па-за ўспрыманнем застаўся і незнаёмы культурны код. Асабліва дзіўна, што ў шматлікіх “разагравальных” інтэрв’ю самога Купалаўскага, якія размяшчаліся на сайце тэатра і ў сацсетках, гаварылася пра жаданне наблізіць тыя коды да беларусаў, аднак у спектаклі многія моманты накшталт пастаяннай згадкі аматара грушавага сідру (гэта тонкі намёк, што ён крыху не той арыентацыі, якой бы хацелася бачыць яго заўсёднікам паба) так і пакідаюцца без тлумачэнняў. Між тым, у перакладчыцы Марыі Пушкінай былі і сапраўды элегантныя знаходкі. Напрыклад, пікантны сцёб аднаго з заўсёднікаў паба з “лЁндана” — і адразу становіцца зразумелым, што новага наведвальніка тут не прымаюць з-за яго відавочнай нетутэйшасці. Шкада, што такіх дэталяў па пальцах пералічыць…

Засмучае мяне і тое, што пакуль спадар Краўчанка не можа знайсці нетрывіяльны падыход да выкарыстання музычнага суправаджэння. Для такога набіўшага руку рэжысёра крыху па-вучнёўску выглядае прага падкрэсліваць псіхалагічна напружаныя моманты “трывожнай музыкай” ці ўключаць выбух грому на кожны ўваход новага персанажу. Падобныя штампы наўрад ці дапамагаюць прачуць трагедыю былога вешальніка, які, сутыкнуўшыся з першай жа асабістай жыццёвай праблемай — яго дачка не вярнулася ў прызначаны час дадому, і звесці яе, па меркаванні прысутных у пабе, мог толькі нетутэйшы наведвальнік — пачынае дзейнічаць па знаёмым алгарытме: пагадзіцца з бескампрамісным абвінавачваннем, прымацаваць пятлю на шыю мяркуемаму злачынцу ды выбіць з-пад ног стул.

Нават калі высвятляецца, што з дачкой усё ў парадку і “цёмная асоба” вінавата хіба толькі сваімі дзівацкімі паводзінамі, забойца звыкла адмахваецца, маўляў, звычайнае правасуддзе: у выніку з асуджаных заўсёды ці хтосьці вінаваты, ці ніхто. Матывацыю Гары можна спісаць на прафесійную дэфармацыю, паспрабаваць абвінаваціць у яго паводзінах сістэму, што надламіла псіхіку неблагога, магчыма, чалавека. Але жах сітуацыі ў тым, што вешальніка, які пераступіў мяжу дазволенага, нават не паспрабаваў спыніць ніхто з заўсёднікаў паба. Пасля ж забойства адны імкліва, а іншыя і з жартачкамі разышліся. Бо там, дзе забойства ўзведена ў адзін прафесійны рэестр з прадаўцом марозіва ці дворнікам і само пазбаўленне жыцця адным чалавекам іншага ператвараецца ў шараговую дэталь звычайнага вечара.

Тэма, да якой падступіўся Купалаўскі тэатр, насамрэч магла б знайсці розгалас у гледачоў. Дык дзе тая маральная мяжа, калі аднаго забойцу мы маем права асуджаць і прагнуць яго смерці, а другога — проста з працоўнай кніжкай у кішэні — ухваляць, ціснуць яму руку і радасна піць у яго бары, абмяркоўваючы паміж куфлямі піва, бы анекдот, якая мера пазбаўлення жыцця лепш… Ці сапраўды кат можа, пераступаючы парог дома, пераключыцца ў звычайнага сем’яніна, любячага мужа, годнага прыкладу для ўласных дзяцей? Усе гэтыя думкі віруюць ува мне пасля прачытання п’есы МакДонаха. А павінны ж былі ўзнікнуць пасля прагляду спектакля.

 Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"