Як знайсці свой вецер у полі?

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

У сталічнай філармоніі выступіў Windfield Piano Quintet — камерны ансамбль маладых беларускіх музыкантаў, кожны з якіх добра вядомы не толькі ў нас, але і ў замежжы.

/i/content/pi/cult/728/15839/16.JPGПры ўсёй размаітасці філарманічнай афішы, дзе кожная вечарына мае сваю разыначку, гэты канцэрт стаўся “падзеяй падзей” — святам не толькі Музыкі і Музыкантаў (менавіта з вялікай літары), але і Любові. Ён не вылучаўся нейкай прыгожай паэтычнай назвай, не быў прымеркаваны да якой-небудзь значнай даты. Але асабіста мне так і хацелася назваць яго Калядным канцэртам па-еўрапейску — па меншай меры, менавіта такое светлае святочнае пачуццё сапраўднага дзіва ўзнікла падчас выступлення.

Настрой ствараўся ўжо самой атмасферай. У зале прыглушылі святло, як гэта бывае на тэатральных спектаклях — і музыканты, перш чым выйсці на сцэну, вытрымалі паўзу, як гэта бывае ў добрых дэтэктывах ці фэнтэзі, пакінуўшы гледачам крыху часу на разгляданне-прадчуванне. Нават я, рэгулярна наведваючы філармонію яшчэ з дзяцінства, раптам ледзь не ўпершыню ўбачыла, наколькі таямніча, загадкава пабліскваюць — быццам падміргваюць — трубы аргана, сцішаны медны колер якіх сугучны струнным інструментам, пакрытым лакам.

Арганізацыя і правядзенне гэтага канцэрта — творчая ініцыятыва саміх музыкантаў. Усе яны ў свой час вучыліся ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, потым працягвалі навучанне і ў нас, і ў вядучых замежных установах. Працуюць таксама ў розных кутках свету, услаўляючы высокі ўзровень беларускай выканальніцкай школы. Але тры гады таму адзін з гэтых музыкантаў — піяніст Аляксей Пшанічны — вырашыў стварыць калектыў аднадумцаў. Рамантык па натуры, назваў яго Музычнае братэрства Windfield, колькі ні адгаворвалі ад спалучэння ў гэтым слове “ветру” і “поля” ў рускамоўным перакладзе. Можа, гэта і ёсць альтэрнатыва праславутаму “ветру ў полі”? Бо музыканты (а іх склад, дарэчы, кожны раз розны — у залежнасці ад абраных твораў) збіраюцца разам па першым закліку: нікога не трэба ні шукаць, ні ўгаворваць. Адзіная цяжкасць — знайсці вольны для ўсіх час, каб прыехаць у родны Мінск дзеля магіі сумеснага музіцыравання. Філарманічны ганарар куды меншы за кошт тых жа авіябілетаў (для перавозу, да прыкладу, віяланчэлі патрабуецца дадатковы квіток, бо яна займае асобнае крэсла ў салоне). Таму сёлета музыканты (акрамя згаданага піяніста, скрыпачы Арцём Шышкоў і Сяргей Белазерцаў, альтыст Уладзімір Куніца, віяланчэліст Аляксей Кісялёў), каб пакрыць свае выдаткі, узялі арганізацыйныя клопаты на сябе, збіраючы залу не толькі праз сайт канцэртнай установы, але і найперш праз сацыяльныя сеткі.

Публіка прыйшла размаітая: акрамя ўласна меламанаў, былі і тыя, хто патрапіў у філармонію ўпершыню. Таму апладысменты гучалі не адно ў канцы выканання буйнога твора, але і паміж яго часткамі. Дый у другім аддзяленні, не дачакаўшыся фіналу, хтосьці гучна перапытваў час і пакідаў залу. Але было як ніколі шмат моладзі — зусім не кансерваторскай і далёка не кансерватыўнай, нават не студэнцкай, якая з непрыхаваным здзіўленнем адкрывала для сябе новыя далягляды.

Праграмы Аляксей Пшанічны заўжды выбірае адметныя. У снежні 2016-га гэта быў Бах. Праз год, у студзені 2018-га, — Моцарт. Цяпер — Брамс і Васкс, такія розныя па стылі і самой энергетыцы. Не абышлося і без сімволікі лічбаў. “На біс” свайго трэцяга канцэрта музыканты выканалі харал Баха, што значыцца ў спісе яго твораў пад нумарам 333 — як водгук леташняяй 333-й гадавіны з дня народзінаў кампазітара.

Прага да сімволікі чыталася і ў стыльнай, выкшталцонай па дызайне праграмцы канцэрта, распрацаванай лідарам братэрства. На вокладцы — пазычаныя з дзвюх частак назвы Windfield першыя літары: w (з перакуленым люстэркавым адбіткам) і f (падобная да музычнага фортэ). Унутры — 25 маленькіх выяў саміх музыкантаў, знятых у розных позах з розных ракурсаў. І такія ж стыльныя, выкшталцоныя тэксты кандыдата мастацтвазнаўства, лектара філармоніі Наталлі Ганул.

А што музычныя ўражанні? Пры ўсёй сваёй мяцежнасці Фартэпіянны квінтэт Брамса быў поўны рамантычнага флёру і філасафічнасці інтэлігенцыі ХІХ стагоддзя. Пры ўсім кантрасце тэм і раздзелаў, падзеле твора на чатыры адасобленыя часткі, разгортванне музыкі нагадвала доўгі кадр у кіно. Фартэпіянны ж квартэт Петэрыса Васкса, пры тым што шэсць яго частак ідуць без перапынку і ўтрымліваюць шмат непадзельных раздзелаў (прынамсі, двойчы паўтораны прыём незаўважнага пераходу мелодыі ад віяланчэлі да альта і далей да скрыпкі), асацыюецца з мантажнасцю і нават мільгаценнем кадраў. І сэрца ў ім быццам пульсуе мацней. Не таму, што ўвосень кампазітар быў госцем Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, а з-за іншых тэмпаў ХХІ стагоддзя, калі пісаўся гэты твор па замове аднаго з фестываляў у Англіі. Пра што была гэта музыка? Пра жыццё, кадры якога мільгалі, бы ў кліпе. Пра мастацтва і вечнасць, куды скіроўвалі найтонкія спасылкі на Вівальдзі, Бетховена, Баха, Рахманінава. Пра каханне, што асацыявалася, амаль паводле Гётэ, з замерлым ад прыгажосці імгненнем. І смерць. Не трагічную, на ўзлёце сіл, а ціхую і пранікнёную — як светлы сыход у іншае касмічнае вымярэнне.

Васкс, на жаль, на гэтае выкананне не прыехаў. Але Пшанічны агучыў яго словы, сказаныя па тэлефоне: “Давайце цаніць кожны момант, каб паспець падарыць нашу любоў тым, хто нас акружае”. Чым не эпітэт да ўсяго канцэрта?

Фота Аляксандра ГОРБАША

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"