“Песня песняў”: непрымірымая гармонія эпох

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

Адзін з самых крэатыўных маладых рэжысёраў Юрый Дзівакоў, дзякуючы падтрымцы Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, паставіў на пляцоўцы Оk16 “Песню песняў” Саламона. Зала, вядома, была перапоўнена — і найперш моладдзю, якая ішла не столькі на спектакль “пра каханне”, колькі на само імя пастаноўшчыка — у прадчуванні неверагоднага па ўздзеянні відовішча, моцнага энергетычнага выбуху і нечаканых адкрыццяў.

/i/content/pi/cult/728/15838/15.jpgНечаканым быў ужо сам зварот да гэтай адной з самых загадкавых частак Бібліі. І не ў працяг тэмы Францыска Скарыны (а ён пераклаў “Песню песняў” акурат 500 гадоў таму — у 1518-м), а як асобны праект. Чытанне тэкста Саламона ў перакладзе Міжнароднага біблейскага таварыства становіцца стрыжнем спектакля, пранізвае сабой усё дзеянне і дапаўняецца фрагментамі-ўстаўкамі сучаснага слэнгу. Відовішча, здавалася б, мінімізавана — асабліва ў параўнанні з некаторымі ранейшымі дзівакоўска-дзіўнымі праектамі накшталт гомельскага спектакля “Гоголь. Fatum”, дзе пастаноўшчык мог ледзь не цалкам адмовіцца ад вербальнай асновы, замяніўшы яе пластычнымі адчуваннямі, гульнёй з прадметным асяроддзем, уласцівай эстэтыцы тэатра лялек (дарэчы, менавіта так, выключна на асацыятыўных шэрагах і філасофска-міфалагічных абагульненнях, была пастаўлена “Песнь песняў” Русланам Кудашовым у Вялікім тэатры лялек Санкт-Пецярбурга — пяць гадоў таму).

Юрый Дзівакоў знайшоў свой падыход. Даўшы спектаклю жанравае азначэнне “акт у адной дзеі”, прапанаваў паралельнае суіснаванне ўласна чытання, тэатральнай і кіношнай “рэальнасцей”, інсталяцый, перформансу. Праўда, тая “паралельнасць” і быццам бы незалежнае суіснаванне складнікаў насамрэч аказваюцца шчыльна сплеценымі-пераплеценымі: там бачны і скрыжаванні, і зблытаныя ніткі з вузельчыкамі, і кантраст супрацьлегласцей.

Перад намі — доўгі стол, за аддаленым тарцом якога сядзіць, а пазней стаіць актрыса Марта Голубева і спявае-вымаўляе тэкст, паступова даходзячы да экстазу. За ёй — экран, на якім раз-пораз з’яўляецца буйны план артыста Эльдара Бякірава. У фінале акцёр выйдзе ў залу і нават прапаўзе праз увесь стол да дзяўчыны. Стол як цэнтр сцэнаграфічнага рашэння (мастак — Таццяна Дзівакова) выклікае безліч рознаскіраваных асацыяцый: вяселле, дарога (у тым ліку, жыццёвая), подыум, хірургічная аперацыя (невыпадкова зверху звешваюцца медыцынскія кропельніцы, з якіх капае на стол “кроў”). Наводдаль ззаду, па абодва бакі ад артысткі, стаяць два “акварыумы”: у адным — дэталі жаночага святочнага ўбрання, у другім, які будзе падсвечаны ў фінале, — мужчынскага. А німб на галаве артысткі, створаны светлавым рашэннем, зменіцца на цярновы вянок.

Спектакль становіцца рознабаковым даследаваннем (ажно да хірургічнага ўмяшальніцтва) феномена не толькі кахання з яго і светла-рамантычнымі, і жывёльна-звярынымі адценнямі, але і шырэй — любові, уключаючы яе боскае прызначэнне. Распрананне герояў, ажно да поўнай мужчынскай аголенасці, звязана не з жаданнем прывабіць гледача гэткай “клубнічкай”. Гэта не шуба скідаецца з плеч, а з душы здзіраюцца цялесныя напластаванні. Але ўнутры аказваецца не толькі духоўны, але і плоцкі пачатак — “з мясам і крывёй”.

Кантрабасіст Эрык Арлоў-Шымкус, апошнім часам усё больш вядомы як тэатральны кампазітар, стварыў папраўдзе цікавае, багатае на стылёвыя прататыпы музычнае “вымярэнне”, куды, бы ў касмічную “паралельную рэальнасць”, раз-пораз сыходзяць героі. Асабліва гэта тычыцца Марты Голубевай, для якой пастаноўшчыкі не пашкадавалі ўсяго спектра спалучэнняў слова з музыкай: тут і фрагменты меладэкламацыі, калі тэкст гучыць на фоне музыкі, і рэп, разнастайныя прыёмы набліжэння гаворкі да спеваў, падабенства царкоўнай псалмодыі, народнай прытчы, дахрысціянскіх загавораў. Артыстку тэатра Янкі Купалы, якую расійскія серыялы трывала тыражавалі ў ролях карыслівай палюбоўніцы, разлучніцы і іншых адмоўных прыгажунь, і якая часам пераносіла гэтыя штампы на купалаўскую сцэну, тут не пазнаць. Яна быццам вярнулася амаль на дзесяцігоддзе таму, калі яшчэ студэнткай перамагла ў конкурсе “Новыя галасы Беларусі”, што ладзіўся Прэзідэнцкім аркестрам краіны сумесна з каналам АНТ, і пачала кар’еру наноў — з яркай экспрэсіянісцкай ролі, дзе ўсе адценні пачуццяў можна выразіць найперш голасам. Эльдар Бякіраў, вядомы па пераважна адміністрацыйнай працы ў “АРТ Карпарэйшн” і ўласных рэжысёрска нешараговых пастаноўках у студэнцкім тэатры БДУ “На балконе”, тут паўстае спрактыкаваным артыстам, здольным да трагікамедыі і нават клаўнады.

“Песнь песняў” атрымалася шматслойнай, шматзначнай, пабудаванай на палярнасцях (не толькі мужчынскага і жаночага пачаткаў, але і стыляў, паводзінаў, эпох) — і, у рэшце рэшт, на іх энергетычна напружанай, лютай, непрымірымай гармоніі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"