Мост паміж сусветамі

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

“Я — чалавек да мозгу касцей тэатральны. Некаторыя кнігі выбіраю для перакладу, бо яны першапачаткова сцэнічныя”, — распавяла расійская перакладчыца Вольга ВАРШАВЕР на сустрэчы ў Мінску, куды яна завітала па запрашэнні Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек на прэм’еру спектакля “Хлопчык, які плаваў з піраннямі”. Яго літаратурная аснова — кніга сучаснага англійскага пісьменніка Дэвіда Алманда. Яго тэкст загучаў на зразумелай нам мове, дзякуючы таленту спадарыні Вольгі. “К” друкуе самыя яркія моманты размовы з ёй.

/i/content/pi/cult/728/15833/5.JPGСіндром трох парсючкоў

— На творчых сустрэчах часта запытваюць, як творы, што я перакладаю, трапляюць на сцэну. Шляхі, зразумела, розныя. Галоўнае, каб рэжысёры ў прынцыпе чыталі. Звычайна бывае як? Надыходзіць лістапад, і рэжысёр успамінае: “Хутка Новы год. Што б мне прыдумаць для ёлак? А пастаўлю я “Снежную каралеву”!” Таму мы бясконца бачым у ТЮГах, тэатрах лялек адно і тое ж. Я называю гэта сіндромам трох парсючкоў.

Вельмі сумна, бо сёння існуе такая плынь найцікавейшай дзіцячай літаратуры! Напрыклад, пішуць цудоўныя тэксты беларускія аўтары Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак. Я перакладаю кнігі такіх шыкоўных сучасных пісьменнікаў, як Кейт ДзіКаміла, Дэвід Алманд, Уільям Стэйг. Пакуль жа не знікае адчуванне, што дзіцячы тэатр не здагадваецца пра існаванне сучаснай дзіцячай літаратуры. Літаратары ж не ведаюць, як дастукацца да тэатра. І хтосьці як я імкнецца быць мастком паміж гэтымі двума сусветамі.

Таму заўсёды радуюся такім творцам, як Аляксандр Янушкевіч, якія не баяцца сысці з пратаптанай сцежкі. Дзякуючы вашаму рэжысёру, у Беларусі ідзе ўжо два спектаклі па выдатных тэкстах англічаніна Алманда (другі — “Мой папа — птушк” у Брэсцкім тэатры лялек — Н.П.)

З фізікаў — да тэкставага пазла

— У пераклад прыходзяць рознымі шляхамі. Многія маюць дыплом філолага, лінгвіста, літаратара, літаратуразнаўцы. А вось выбітныя Віктар Голышаў, Уладзімір Бабкоў, Рыгор Кружкоў па адукацыі былі фізікамі. І для мяне такі паварот не з’яўляецца чымсьці незразумелым, бо ў нашай працы вельмі патрэбна лагічнае мысленне.

Пераклад — гэта складванне пазла. Калі чытаць тэкст у арыгінале, узнікае пэўная карціна, якую неабходна раскідаць і ўжо на іншай мове на ўзроўні фразы, абзаца скласці наноў. У сітуацыях, калі да мяне на занятак па англійскай мове якая-небудзь маці прыводзіць падлетка: “У яго ўсё будзе шыкоўна, бо ён у мяне чысты гуманітарый”, я змрочна ўдакладняю: “А што ў дзіцяці з матэматыкай?” Замежную мову трэба ўспрымаць як сістэму.

Я сама з нелітаратурнай сям’і. Мае бацькі — архітэктары. У школьныя гады я вельмі хацела стаць тэатразнаўцам, але пабаялася рызыкаваць і пайшла ў галоўны на той час педуніверсітэт краіны вучыцца на настаўніка англійскай мовы. Да занятку ўласна мастацкім перакладам ішла доўга. Першая маленечкая публікацыя ў часопісе з’явілася праз чатыры гады пасля заканчэння ўніверсітэта, а першая кніга — праз дзесяць гадоў. Не кожны марафонец асільвае такія дыстанцыі.

Перакладчык — адзінокая прафесія: кожны сядзіць ціха дома і паша сваю дзялянку. З наскоку кнігі не перакладаюцца, і сілы свае трэба разлічваць загадзя. Канешне, з інтэрнэтам стала прасцей. Тое, што сёння я раблю за некалькі хвілін, раней магло займаць месяцы, бо правяраць жа ўсё роўна трэба. Уявіце, як перакласці дакументальны аповед пра Пабла Эскабара і іншых мафіёзі “Какаінавыя каралі”, калі неабходна ўдакладніць кожны радок! З жахам узгадваю тыя часы: збіраеш вялікі стос пытанняў, ідзеш у бібліятэку замежнай літаратуры, абкладваешся рознымі слоўнікамі…

Гамбургер для вымярэння нафталіну?

— У розныя вякі існавалі свае падыходы да перакладу. Былі часы, калі перакладчык мог сабе дазволіць увогуле нешта з тэксту выкінуць ці пераказаць сваімі словамі. У першай палове ХХ стагоддзя з’явіўся Іван Кашкін, які сабраў групу таленавітых людзей і заклаў асновы сучаснага падыходу да перакладу. Тыя зборы сачыненняў, што стаяць на паліцах у вашых бабуль, зроблены менавіта кашкінцамі.

Сёння ж на нашых вачах прынцыпы мастацкага перакладу расхістваюць, патрабуючы літаральнага падыходу да кожнага аўтарскага слова. Я пужаюся гэтай тэндэнцыі. Перакладаць, зразумела, трэба дакладна, але бачыць у слове, што асобна стаіць у радку, элемент, які ўплывае на дух тэксту ў цэлым. Напрыклад, зараз многія любяць папракаць пераклад Рыты Райт-Кавалёвай “Над безданню ў жыце” за бутэрброд з катлетай замест гамбургера. Так, мы жылі за жалезнай заслонай, таму не здагадваліся пра існаванне гамбургераў. Але, скажыце, з-за такой падмены слова няўжо ў самім тэксце нечага паменшыла,
няўжо мы нешта страцілі? Любы пераклад — інтэрпрэтацыя арыгінала. У куце павінна быць не літара, а сэнс і сутнасць тэксту. Памылку выправіць можа рэдактар, а калі дух згубіўся — тут ужо ніякі спецыяліст не дапаможа.

На што сапраўды трэба пасягаць, дык на даўнія пераклады класічных казак. За стагоддзе, што мінула з часу ўзнікнення кананічных тэкстаў, змянілася энергетыка структуры фразы. Справа тут не ў лексіцы, не ў штучным асучасніванні, а ў разуменні перамен у мысленні новых пакаленняў. Стары варыянт андэрсенаўскай “Снежнай каралевы” (праца мужа і жонкі Пятра і Ганны Ганзэн) мне сапраўды падаецца нафталінам. Не так даўно мая сяброўка Наталля Калошына вельмі далікатна і сбалансавана склала новы тэкст вядомай гісторыі. Лічу гэта важнай работай, бо яна знайшла неабходны ключык, каб сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі гэтую кнігу з задавальненнем.

Род мой — ды не той

— На перакладчыцкай кухні бывае шмат неспадзяванак. Напрыклад, трапіла мне ў работу кніга Эліянор Фарджан The Silver Curlew — казка пра балотную птушачку, выяву якой трэба вынесці на вокладку. Справа ўскладнялася тым, што тая крылатая ператвараецца па сюжэце ў даму, значыцца, патрэбна слова жаночага роду. Я даследавала “Жыццё жывёл” Альфрэда Брэма, перарыла ўсе паліцы ў бібліятэцы, але безвынікова. Урэшце ў нейкім дарэвалюцыйным выданні знайшла неабходнае і засмуцілася: як у назву вынесці слова “серпаклюўка”? Давялося ў тэксце разыгрываць шматхадоўку. Гераіні, паказваючы на птушку, гавораць: “Гэта — серабрыстая серпаклюўка. Яна такая адзіная ў свеце”. Дзяўчынка пачынае яе гладзіць і прыгаворвае: “Мая серпаклювачка, мая Серабраначка”. Такім чынам мы “нарадзілі” найменне “Серабранка”, якое цудоўна ўпісваецца ў добрую дзіцячую кнігу і шыкоўна становіцца на вокладку. Пад гэтай назвай казка мела не адно перавыданне ды нават ператварылася ў п’есу і ідзе ў
расійскіх тэатрах. Падобных гісторый пра род істот заўсёды мора.

Кодавы багаж

— У людзей, што размаўляюць на адной мове, у культурным багажы існуе блок, які цытуецца нават у тым выпадку, калі чалавек і не ведае яго крыніцу. На ўзроўні дзіцячай літаратуры ён сёння размываецца. На творчых сустрэчах усё часцей сустракаю бацькоў, якія ганарліва заяўляюць: “Я сваім малым перакладную літаратуру не чытаю!” І я разумею, што ў культурны код такіх дзяцей можа не трапіць крошка Вілі-Вінкі і многія іншыя сусветна вядомыя персанажы. Сумна.

Перакладчыкам з культурным кодам працаваць цяжка. Аднак неабходна нешта прыдумваць нават для таго, каб кніга дайшла да чытача. Напрыклад, падчас працы над кнігай “Флора і Адысей” Кейт ДзіКаміла мне давялося нават напісаць тлумачальную запіску праваўладальніку, чаму я змяняю назву (у арыгінале Flora & Ulysses). Аднак у нашай прасторы Уліс часцей згадваецца ў звязцы з раманам Джэймса Джойса. І першая асацыяцыя чалавека, які не чытаў, але нешта чуў — зубаскрышальная нудота. Каб цудоўную гісторыю прачыталі, імя, што станоўчых рэакцый не выклікае, неабходна прыбраць з вокладкі.

Часам культурнаму коду трэба шукаць падмену. У таго ж аўтара ў кнізе “Раймі Найцінгейл — дзяўчынка з лямпай” агучваецца лічылка, што круціцца ў галаве галоўнай гераіні, калі яна думае пра бацьку. Той колькі дзён таму сышоў з сям’і да іншай жанчыны. Я не шукала арыгінал лічылкі, бо ён усё роўна не спрацаваў бы ў нашым асяроддзі. Патрэбны знаёмыя дзецям фразы пра тое, што нехта кудысьці збег. Так прыйшла да вядомай дражнілкі “Воображала хвост поджала и под лавку убежала, а под лавкой крокодил воображалу проглотил”. Варыянтаў у перакладчыкаў можа быць бездань, але рашэнне абавязкова мусіць мець канцэпцыю, як у гэтым выпадку.

І ўсё ж галоўны трук — апазнаць схаваны культурны код. У тым жа творы сяброўка Раймі Луізіяна прапануе сваёй бабулі праспяваць песеньку — даволі вядомую нават у нашых шыротах. У мяне адразу ўзнікла пытанне, чаму аўтар прыводзіць менавіта гэтыя радкі. У тэксце нідзе не тлумачыцца, але амерыканцам і не трэба, бо тая песня — саўндтрэк да фільма пра махляроў. Пазней па сюжэце стане вядома, што бабулі, каб пракарміць унучку, даводзіцца красці ежу. Таму для нашых чытачоў я расшыфравала, каб тое выбухнула ў патрэбны момант: “…і Луізіяна заспявала знакамітую песню пра банду махляроў”.

Місія — знайсці добрыя кнігі

— У маім жыцці была гісторыя, калі для адной яўрэйскай сямейнай сагі я шукала выдаўца на працягу 20 гадоў! Неверагодна доўга, але гэта была вельмі важная для мяне ідэя. Мой “Бяссмертнік” усё ж пабачыў свет.

Таму, распавядаючы пра свой прафесійны досвед, заўсёды заклікаю маладых калег быць вельмі пераборлівымі. За савецкім часам было трапятанне перад друкаваным словам — у тым ліку і таму, што замежныя кнігі даходзілі да нас з цяжкасцю. Зараз творы ідуць неймавернай плынню і не ўсе выдаўцы ў іх арыентуюцца. Таму місія перакладчыка — знайсці добрыя кнігі. Нават проста тэматычна важныя. Выбар заўсёды застаецца за намі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"