Аднаўленне былога

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

15 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Музею “Замкавы комплекс “Мір” адрэстаўраваных партрэтаў Міхаіла Казіміра Радзівіла “Рыбанькі” і Ганны Людвікі Радзівіл. Гэта частка калекцыі, што цалкам складаецца з 18 партрэтаў прадстаўнікоў славутага роду. Калекцыя належала нашчадку Радзівілаў — князю Канстанціну Гогэнлоэ-Шылінгфюрсту, які жыве ў Германіі. Цяпер яна ўпрыгожвае партрэтную залу Мірскага замка. Зыходна стан некаторых карцін выклікаў занепакоенасць і вымагаў рэстаўрацыі з прычыны абсыпання лака-фарбавага слою. Спачатку дырэкцыя Мірскага замка шукала рэстаўратараў адпаведнай кваліфікацыі і досведу ў суседняй Літве, разглядаўся варыянт звярнуцца па дапамогу ў Польшчу, але ў выніку справу даверылі спецыялістам рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны. І вось нарэшце адбылася прэзентацыя іх працы. Такім чынам Нацыянальны мастацкі музей толькі распачаў шэраг імпрэз да 80-годдзя. Сімвалічна, што святкаванне пачалося менавіта з рэстаўрацыйнага праекта, бо юбілей у нейкім сэнсе таксама працэс аднаўлення чагосьці былога.

/i/content/pi/cult/728/15832/1.jpgКалі копія — арыгінал

Той факт, што ў Германіі знаходзяцца партрэты ўладальнікаў Мірскага замка, трапіў у поле зроку асоб, адказных за вяртанне на радзіму культурных каштоўнасцей Беларусі, у 2012 годзе. Былі наладжаны перамовы з уладальнікам. Ужо ў 2014 годзе партрэты экспанаваліся ў Міры, а праз два гады музей набыў іх для пастаяннай экспазіцыі Мірскага замка. З 18 партрэтаў 15 уяўляюць з сябе копіі ХІХ стагоддзя з карцін, зробленых некалькімі стагоддзямі раней, а яшчэ тры напісаны ў ХVIII стагоддзі.

Імпрэза ў музеі сваім настроем нагадала мне навуковую канферэнцыю, на якой былі агучаны розныя канцэпцыі будаўніцтва музейных экспазіцый на падставе артэфактаў. Што рабіць, калі арыгінал страчаны альбо недасягальны, а без яго экспазіцыя не можа быць цэласнай і канцэптуальна акрэсленай?

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Бажэнава ў гэтай сувязі звярнула ўвагу на тую акалічнасць, што копіі з часам набываюць самастойную мастацкую і гістарычную каштоўнасць і ў шэрагу выпадкаў могуць падмяняць арыгіналы ў музейных экспазіцыях. Для Беларусі, якая з прычыны свайго геапалітычнага становішча не раз станавілася полем боя і прасторай драматычных сацыяльных эксперыментаў і праз гэта несла велізарныя культурныя страты, капіраванне і рэканструкцыі могуць стаць сродкам аднаўлення гістарычнай памяці.

На думку спадарыні Вольгі, урачыстая падзея сканцэнтравала ў сабе некалькі важных для нацыянальнай культуры чыннікаў. Найперш, гэта прыклад плённага супрацоўніцтва нашых музеяў. Па-другое, сведчанне далейшага развіцця беларускай рэстаўрацыйнай школы, і ўжо не толькі ў межах Нацыянальнага мастацкага музея, але і ў агульнабеларускім маштабе. Як ужо адзначалася, напачатку да рэстаўрацыі меркавалі прыцягнуць палякаў ці літоўцаў, якія маюць у гэтай справе вялікі досвед, але ў выніку не горш зрабілі і самі.

Зноў жа можна весці гаворку пра рэальную рэстытуцыю, вяртанне спадчыны і дапасаванне яе да сучасных набыткаў. І, зрэшты, гэтыя партрэты, створаныя ў ХІХ стагоддзі як копіі з ранейшых твораў, гавораць аб магчымых нашых шляхах адраджэння страчанага. Сёння яны ўжо з’яўляюцца самадастатковай каштоўнасцю і ўспрымаюцца як помнік гісторыі і культуры. Нагадала Вольга Бажэнава і пра тое, што Музей “Замкавы комплекс “Мір” зыходна быў філіялам Нацыянальнага мастацкага музея, і зараз, пры самастойным статусе, не парывае сувязі з колішняй “метраполіяй”.

“У нас будзе захоўвацца вечна”

Падзея навяла і на такое пытанне: а ці можна аднавіць у Міры цалкам мастацкую галерэю, што была там пры шляхетных уладальніках?

/i/content/pi/cult/728/15832/2.JPG— Фактычна яна ўжо аднаўляецца, — распавёў карэспандэнту “К” дырэктар Музея “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Лойка. — З 18 экспанатаў шэсць сёння ўжо выдатна адрэстаўраваны — гэта тыя, што патрабавалі тэрміновай дапамогі. Астатнія пакуль могуць пачакаць, але навукоўцы зараз працуюць з гэтымі артэфактамі, і, калі наша частка працы будзе выканана, мы мяркуем зноў звярнуцца да рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага музея.

Безумоўна, вельмі хацелася б вярнуць у Мір усё, што тут калісь было. Над гэтым працуе і Адам Мальдзіс, які займаецца пытаннямі рэстытуцыі, і нашы законатворцы. Але тым не менш на сённяшні дзень гэта пытанне адкрытае, і час пакажа, як яно будзе вырашацца.

Нагадаю, што ў 1917 годзе палац Святаполк-Мірскіх, што знаходзіўся побач з замкам, быў разрабаваны рэвалюцыйна настроенымі матросамі. Больш таго — спалены, засталіся толькі сцены. Пасля Вялікай Айчыннай вайны палац быў зруйнаваны канчаткова, ацалеў толькі падмурак. І на сёння стаіць пытанне аднаўлення палаца. Быў, так бы мовіць, час раскідаць каменні, сёння ж час іх збіраць. З Нацыянальнай акадэміяй навук мы трэці год вядзем раскопкі. Там раней быў сметнік, зараз падмуркі адкрытыя. І мы думаем, што рабіць з імі: музеефікаваць ці ўсё ж такі рабіць новабуд і рэстаўрацыю. Дарэчы, калісьці такое пытанне ўзнікала і ў дачыненні да Мірскага замка. Вынік мы бачым.

У 1939 годзе, калі на зямлю Заходняй Беларусі прыйшло вызваленне, замак быў нацыяналізаваны, але для новай улады ўвасобленая ў ім гісторыя і культурныя пласты каштоўнасці не ўяўлялі. Як вынік — многія каштоўныя рэчы з замка зніклі. Сёння мы прыкладаем вялікія намаганні, каб вярнуць гэтыя рэчы менавіта ў нашу экспазіцыю. І насамрэч сёе-тое, дзякуючы
мясцовым жыхарам, вяртаецца. Вось знайшлася, напрыклад, пячатка Святаполк-Мірскіх — яе адшукаў на тэрыторыі мястэчка Мір мясцовы жыхар, які прынёс яе да нас і падарыў музею. Штосьці ў экспазіцыю мы атрымліваем у якасці падарункаў. На жаль, нячаста. Штосьці закупляем. Спадзяемся, што знойдуцца мецэнаты, якія парупяцца пра папаўненне нашых фондаў, дапамогуць вярнуць парабаванае ў 1917 і 1939 гадах.

/i/content/pi/cult/728/15832/3.JPGЯ вельмі ўдзячны грамадзяніну Літвы па пашпарце і беларусу па паходжанню Андрэю Балыку, які падарыў музею два гарнітуры ХVIII стагоддзя. Былы міністр замежных спраў краіны Сяргей Мартынаў перадаў музею каштоўны падсвечнік. Мне хочацца, каб прыватныя калекцыянеры разумелі, што рэчы, якія з іх калекцый трапяць да нас, захаваюцца на стагоддзі, іх пабачаць тысячы людзей.

“Што ствараецца зараз, будзе мінулым”

— У навуковым сэнсе я не пакінула замак, — кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, першы дырэктар Музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга Папко. — Як цяжка бывае ўвайсці ў тэму, так цяжка і выйсці з яе, калі яна ўжо стала часткай твайго жыцця. І вось тэма князёў Вітгенштэйнаў, якія пэўны час валодалі Мірскім замкам, іх калекцыі прысутнічаюць у тых навуковых даследаваннях, якімі я займаюся зараз. На працягу апошніх трох гадоў рыхтавалася калектыўная манаграфія “Вітгенштэйны і іх уладанні ў Расійскай імперыі ў ХІХ стагоддзі”. Гэты княжацкі род якраз і з’яўляецца ўладальнікамі і стваральнікамі калекцыі карцін, пра якую сёння ідзе гаворка.

/i/content/pi/cult/728/15832/4.JPGСама ідэя замяніць копіямі ўсе адсутныя ў нас арыгіналы мне не падабаецца. Я супраць. У свой час мяне вельмі актыўна ўгаворвалі зрабіць копіі партрэтаў для партрэтнай залы, але як даследчык я ведала, што ўсё ж такі трэба шукаць арыгіналы. Калі мы прывезлі партрэты на выставу, мне зноў жа гаварылі, вось — гэта на год — два, зрабіце копіі. З пункту гледжання гісторыі тое, што ствараецца зараз, таксама будзе мінулым. Але калі ёсць хоць маленечкая магчымасць вярнуць самі прадметы, дык трэба ў гэтым кірунку шчыраваць.

Дарэчы, зараз як дэпутат Нацыянальнага сходу я займаюся тэмай рэстытуцыі. Маю прапанову ўнесці ў Кодэкс аб культуры. Змены, якія будуць працаваць на карысць нашай дзяржавы, дазволяць вярнуць на радзіму нашы скарбы. Але трэба ўсвядоміць, што, каб нешта атрымаць, трэба нешта даць узамен, чымсьці падзяліцца.

“Магчымыя варыянты…”

Сяргей Вечар, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па рэстаўрацыі і фондавай рабоце, мяркуе, што ў справе рэстытуцыі мусіць быць варыянтны падыход.

— Калі робяць акцэнт на вяртанні віртуальным, я з гэтым пагадзіцца не магу, — лічыць ён. — Толькі рэальнае вяртанне мусіць быць прыярытэтам. Я вывучаў статыстыку. Напрыклад, у Польшчы толькі за апошнія пяць гадоў вернута больш як 500 твораў мастацтва з усяго свету. Гэтым займаецца Міністэрства замежных спраў і іншыя структуры. Яны сочаць за аўкцыёнамі, за перамяшчэннем культурных каштоўнасцей. І нам трэба так. Дзякуючы намаганням нашага пасольства ў Швейцарскай канфедэрацыі, летась мы вярнулі Мішэля Кікоіна, Восіпа Любіча, Надзею Хадасевіч-Лежэ — аўтараў, чыіх твораў у нашым музеі ўвогуле не было.

А што датычыць гэтай калекцыі — цудоўна, што яна вярнулася. Копія, якой два стагоддзі, гэта ўжо амаль арыгінал. Яна мае сваю гісторыю. Калі нейкі важны прадмет, без якога не абысціся ў экспазіцыі, недасягальны, дык трэба рабіць копію. Скажам, гарматы Нясвіжскага замка. Штосьці ёсць у Швецыі, штосьці ў Санкт-Пецярбургу, а ў нас — няма. Значыць, трэба адліваць наноў. А калі ёсць шанец штосьці вярнуць, дык трэба гэтага дамагацца.

Запаткавалася традыцыя

У дзень, які лічыцца датай нараджэння Нацыянальнага мастацкага музея — 24 студзеня, пачынае працу выстава “Адкрыццё сапраўднага”, якая прадставіць наведвальнікам і іншыя вынікі карпатлівай працы рэстаўратараў і спецыялістаў сектара хіміка-фізічных даследаванняў. Больш за 60 твораў мастацтва будуць паказаны на розных этапах работ — ад навуковых даследаванняў, працэсу іх аднаўлення і стану па завяршэнні рэстаўрацыі. Менавіта гэты доўгатэрміновы праект адкрывае доўгі шэраг мерапрыемстваў, што будуць ладзіцца ў музеі ў юбілейны год. У красавіку плануецца правесці міжнародную канферэнцыю па пытаннях рэстаўрацыі. У ёй возьмуць удзел нашы спецыялісты і іх калегі з блізкага замежжа. Пляцоўкамі прафесійнага сумоўя будуць Нацыянальны мастацкі музей і Мірскі замак.

На сёння музейны будынак па вуліцы Кірава, дзе маюць шырока разгарнуцца рэстаўрацыйныя майстэрні, вонкава даведзены да ладу, засталося размясціць у ім начынне. Па словах Сяргея Вечара, гэта верагодна адбудзецца ўжо ў наступным годзе, а сёлета Нацыянальны мастацкі будзе абжываць новы корпус па вуліцы Карла Маркса. Так што рэстаўратарам “свята на сваёй вуліцы” давядзецца крыху пачакаць. Але цярплівасць для рэстаўратараў — рыса прафесійная.

— “Адкрыццё сапраўднага” — гэта ўжо чацвёртая выстава такога кшталту, — кажа загадчык аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрань НММ Аркадзь Шпунт, які прымаў непасрэдны ўдзел і ў аднаўленні партрэтаў Радзівілаў. — Калі мы рыхтавалі першую некалькі гадоў таму, дык мелі на мэце пашырыць кругагляд нашых аматараў мастацтва, бо насамрэч мала хто ўяўляе, якая велізарная праца папярэднічае з’яўленню твора ў музейнай экспазіцыі. Ідэя была прыязна сустрэта і музейнай супольнасцю, і гледачамі. Так запаткавалася традыцыя, што працягваецца і зараз. Будучая выстава — свайго роду падсумаванне зробленага намі за апошнія пяць гадоў. Асабліва акцэнтавана ж увага на аб’екты, над якімі рэстаўратары працуюць апошнія два гады.

Тое, што святкаванне 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея пачынаецца менавіта з такіх падзей — знак пашаны да нашай працы. І мы спадзяемся, што яна прыцягне ўвагу да праблем нашай службы. І, натуральна, да пытанняў захавання твораў мастацтва.

Музейная хроніка

Афіцыйна гісторыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пачынаецца 24 студзеня 1939 года — у гэты дзень, згодна з пастановай Савета Народных Камісараў БССР, у Мінску стварылі Дзяржаўную карцінную галерэю. Тады яна размясцілася ў 15 залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы, затым змяніла яшчэ некалькі адрасоў. Пакуль у 1957 годзе не пераехала ў той самы будынак на Леніна, 20, дзе па сённяшні дзень месціцца і ад якога ўзяў пачатак цэлы музейны квартал, што мусіць неўзабаве з’явіцца ў межах вуліц Леніна — Кірава — Карла Маркса.

Цягам гэтага юбілейнага года на сваіх старонках мы яшчэ не раз згадаем імёны, што ўвайшлі ў гісторыю музейнай справы краіны, і распавядзем пра новыя праекты нацыянальнай скарбніцы. Напярэдадні ж 80-годдзя “К” адшукала ў архіве НММ здымкі, а таксама ўспаміны першага экскурсавода Ірыны Назімавай, што яскрава паказваюць, з чаго пачыналася гісторыя месца, з якім перадусім асацыюецца музей сёння.

“Незадоўга да лістападаўскіх святаў да пад’езда Дома прафсаюзаў быў пададзены грузавік, на які пагрузілі скульптуру і супрацоўнікаў, пакліканых беражліва падтрымліваць у дарозе мармуровыя, гіпсавыя і драўляныя галовы. Для большай устойлівасці давераных нам шэдэўраў мы абдымалі іх за шыі. Карціна была амаль сюррэалістычная. Некалькі рэйсаў на машыне змяніліся пешымі працэсіямі работнікаў галерэі ўсіх узростаў, якія пераносілі карціны на руках. Пазалочаныя разныя рамы для зручнасці транспарціроўкі мы надзявалі на шыю і, гледзячы адзін на аднаго, не маглі ўтрымацца ад смеху. Узгадвалі “Кросны ход у Курскай губерніі” Рэпіна. На жаль, гэтыя яркія моманты гісторыі музея зберагліся толькі ў нашай памяці”.

“Музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у дні, калі ўся краіна адзначала 40-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі. На вернісажы, канечне, была рэспубліканская эліта, але я яшчэ нікога не ведала, таму афіцыйныя ўрачыстасці мне не запомніліся. Затое назаўжды застаўся ў памяці грандыёзны вечар, які мы зладзілі для саміх сябе пасля пераезду, 5 лістапада. Адкуль толькі браліся сілы на тое, каб збегаць дадому пераапрануцца, а затым сервіраваць святочны стол, выступаць з жартаўлівымі пародыямі, граць на раялі, спяваць дуэтам і танчыць, танчыць да ўпаду ў велізарным мармуровым вестыбюлі!”

З успамінаў Ірыны Назімавай

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"