Драматургія Нацпрэміі:як пазбавіцца ад міны запаволенага дзеяння?

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Спрэчкі вакол леташняга тэатральнага спаборніцтва не прытушыў нават карагод калядных святаў. У прафесійных колах ізноў паўстаюць шматлікія пытанні. Некаторыя з іх агучваюць на старонках “К” члены журы Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

/i/content/pi/cult/727/15829/DSC_0090_opt.jpegАляксей ЛЯЛЯЎСКІ, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, член журы секцыі тэатра лялек:

— У нашай секцыі самай спрэчнай тэмай стала рашэнне журы не прысуджаць прэмію за найлепшыя жаночую і мужчынскую ролі. Адразу падкрэслю: такі вердыкт ніколькі не прымяншае ўнёску акцёраў. Проста тут нашая судзейская калегія трапіла ў пастку, з якой цяжка было выбрацца. Узгадаем, як праводзіліся першыя дзве Нацыянальныя тэатральныя прэміі: тады конкурс не меў падзелу на секцыі па відах тэатральнага мастацтва, таму і фармулёўкі для намінацый падбіраліся ўніверсальныя. У склад журы ўваходзілі прадстаўнікі кожнага беларускага тэатра. Добра яно вырашыла ці для кагосьці не вельмі — тады так востра, як сёння, не абмяркоўвалася, бо рашэнне прымалася калектыўна тэатральнай грамадскасцю.

Потым арганізатарамі было вырашана праводзіць конкурс па секцыях, пасля чаго адбыўся шэраг фармальных зменаў. Скажам, для тэатра лялек намінацыі былі проста скапіраваны з палажэння для драматычнага тэатра. Усё б нічога, але лялечнае мастацтва ў Беларусі развіваецца дынамічна — і, як мне падаецца, паспяхова ды ў слушным кірунку. Таму старыя фармулёўкі ніяк да яго не клеяцца. Што рабіць з “найлепшай мужчынскай роллю”, калі акцёр працуе з жаночым персанажам? А калі адну ляльку водзяць тры чалавекі? Тэатр лялек — мастацтва калектыўнае, сучасныя рэжысёры ўсё часцей бяруць п’есы без ярка выяўленай сістэмы дзейных асоб. Атрымліваецца, што традыцыйны спектакль больш адпавядае палажэнню рэспубліканскага конкурсу і знаходзіцца ў заведама выйгрышным палажэнні. Аднак ці гэта правільна?

Выхад з сітуацыі толькі адзін: зрабіць палажэнне для секцыі тэатра лялек больш рухомым, каб у працэсе работы журы мела магчымасць карэктаваць намінацыі. Напрыклад, адзначыць найлепшую акцёрскую работу (без згадкі пра ролю). Калі тэатр лялек з’яўляецца фігуратыўным, то чаму б не ўзнагародзіць за найлепшую анімацыю? Ізноў жа, для калектыўнай працы неабходна намінацыя за найлепшы акцёрскі ансамбль. Вось гэтыя рэчы мне падаюцца вельмі важнымі, калі мы працягваем вылучаць на Нацпрэміі асобныя тэатральныя секцыі. Інакш і адборачная камісія, і журы, якім бы яно ні было — прызначаным, выбарчым, прадстаўнічым — трапляюць у пракруставы ложак. Меркаванне не толькі маё: у гэтым жа рэчышчы выказваліся і многія калегі.

Падчас работы ў журы ўзнікала шмат пытанняў і па іншых намінацыях. Скажам, як ацэньваць найлепшую працу сцэнографа, калі ў тэатры лялек акрамя сцэнаграфіі важным складнікам з’яўляюцца самі лялькі і іх канструкцыя, аб’екты, фігуры? Можа, варта змяніць фармулёўку на “Найлепшая праца мастака”?

Пры абмеркаванні павісла рытарычнае пытанне: чаму для тэатра лялек няма намінацыі “Найлепшы кампазітар”? Кампазітар з’яўляецца такім жа ўдзельнікам творчага працэсу, як і ўсе астатнія. Так, у беларускіх драматычных тэатрах шмат пастановак ідзе з саўндтрэкам на падборы. Але, да нашай радасці, у большасці спектакляў айчынных тэатраў лялек гучыць спецыяльна замоўленая музыка.

Хтосьці зазначыць, што павелічэнне колькасці намінацый пацягне дадатковае фінансаванне. Я ж даўно гавару, што рэспубліканскі конкурс і не павінен вырашаць грашовае пытанне (гэта ж не сацыяльная дапамога ці прэмія да заробку!). У Нацыянальнай тэатральнай іншы статус і трэба прыкласці ўсе высілкі, каб удзельнічаць у ёй было прэстыжна.

Ёсць праблемы, якія не навідавоку для публікі, але дакладна не ідуць на карысць конкурсу. Пры цяперашнім парадку рэчаў людзі працуюць у журы ў вольны ад работы час. Калі ж у чалавека рэпетыцыі, лекцыі і гэтак далей, на якой афіцыйнай падставе ён усё кіне і пойдзе глядзець намінаваныя спектаклі? Мне падаецца, што дадзены аспект павінен быць сфармуляваны і прапісаны ў палажэнні, каб члены журы мелі магчымасць прадставіць нейкі афіцыйны дакумент, які б дазволіў ім сыходзіць з працы на прагляды. Тады не будзе размоў пра незразумелае галасаванне, калі з немалога спісу “суддзяў” на конкурсным паказе бачылі ўсяго пару чалавек.

Першыя дзве прэміі, канешне, мелі свае недахопы, але яны былі абсалютна зразумелыя па канструкцыі. Цяпер жа не хапае празрыстасці самой сістэмы дзеяння. Чаму вялікім сакрэтам з’яўляецца спіс членаў адборачных камісій і журы? Ды і я даведаўся пра сваё прызначэнне практычна на пачатку працы... І чаму ў журы былі ўключаны прадстаўнікі толькі двух тэатраў лялек нашай краіны? Лагічна было б паклікаць хаця б таго ж Алега Жугжду. Упэўнены, трэба дадаваць у журы прадстаўнікоў несталічных тэатраў. Тады не ўзнікла б такога негатыву, як летась. А гэта — міна запаволенага дзеяння.

Калі Нацпрэмія будавалася паводле лякалаў “Залатой маскі”, дык трэба ўзяць увесь алгарытм: у расійскіх калег спачатку з’яўляюцца ў адкрытым доступе спісы адборачных камісій, потым пачынаюцца прагляды і вылучэнне. Было б лепш, каб нашы камісіі самі хадзілі ў тэатры і прапаноўвалі спектаклі, бо ў тэатра можа быць суб’ектыўнае меркаванне, што вылучаць. Пасля — абвесціць склад журы і фіналістаў — прычым, не толькі спектаклі, але і прэтэндэнтаў на асабістыя намінацыі. Папраўдзе, мяне здзіўляе патрабаванне адбіраць фіналістаў па відэа: атрымліваецца, калі ў тэатры няма добрага відэааператара, то спектакль аўтаматычна не трапіць ва ўдзельнікі.

І яшчэ адзін момант, пра які я даўно гавару: няўжо ў нас так дрэнна працуюць тэатры, што прэмію трэба праводзіць раз на два гады? Штогадова кожны з тэатраў лялек выпускае не менш за тры прэм’еры на год, з іх адна — дзве годныя дзяржаўнай узнагароды. Тады можна адбіраць у шорт-ліст не некалькі дзясяткаў спектакляў, бо іх накапілася за два гады мноства, а 10 —12. Леташні фінал, які расцягнуўся на два з паловай месяцы — пагадзіцеся, не лепшы варыянт: пакуль
дайшоў да апошняга спектакля, пра першы можна было ўжо і забыць. Між іншым, і самі намінанты не ў роўных умовах: шмат пастановак, якія ў невялікіх тэатрах ужо адыграныя, павінны сапернічаць з нядаўна зробленымі спектаклямі, што знаходзяцца на сваім творчым піку.

Як бачым, спрэчных пытанняў шмат. Наш тэатр прапануе калегам з рэгіёнаў выказацца разам, каб данесці сваю пазіцыю да Міністэрства культуры. Магчыма, арганізатарам якраз не хапае досведу практыкаў.

/i/content/pi/cult/727/15829/karpilova_opt.jpegАнтаніна КАРПІЛАВА, загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшыня журы секцыі музычнага тэатра:

— Штораз да Нацыянальнай тэатральнай прэміі збіраецца новы склад судзейскіх камісій. Такі падыход мае свае плюсы, і ўсё ж з-за пастаяннай ратацыі нельга пабачыць сістэмныя прабелы. У цэлым у мяне няма вялікіх прэтэнзій да арганізацыі работы журы. Абмеркаванні праходзілі вельмі годна. У сваіх рашэннях мы адштурхоўваліся ад інструкцыі конкурсу, дзе былі распісаны крытэрыі выбару пераможцаў. І ўсё ж не трэба забываць, што жыццё стала рухаецца наперад, таму і інструкцыя павінна дапускаць варыятыўнасць тлумачэнняў, даваць магчымасць больш гнуткай градацыі. Прыкладам, летась мы пабачылі цудоўных дырыжораў, але адзначыць іх не змаглі, бо няма адпаведнай намінацыі.

Некалькі гадоў запар гаварылі, што не хапае намінацыі “Найлепшы кампазітар”. Аднак гэтым разам яна была неактуальная, інакш яе давялося б прысуджаць Пучыні. Канкурэнцыі сярод айчынных аўтараў не назіралася. Але да наступнага конкурсу сітуацыя можа змяніцца, таму хацелася б мець магчымасць прыбіраць ці дадаваць намінацыі, калі ў працэсе прагляду спектакляў узнікае ў гэтым неабходнасць.

Журы секцыі тэатра драмы асмелілася ўвесці дадатковую колькасць намінантаў. У выніку на прэмію за найлепшую жаночую ролю прэтэндавала ажно 14 актрыс. У нас у гэтым неабходнасці не было. У аналагічным спісе ў секцыі музычнага тэатра мяне здзівіла іншае: у адзін шэраг звялі і артыстаў балета, і вакалістаў, і акцёраў мюзіклаў і аперэт. Падаецца, на кожны жанр можна было б зрабіць асобную намінацыю.

Канешне, паўстае пытанне пра тое, чаму па сённяшнім палажэнні менавіта тэатры вылучаюць спектаклі і намінантаў. Тут нядрэнны быў бы аб’ектыўны позірк, бо ў незалежнай адборачнай камісіі можа быць і іншае меркаванне. Напрыклад, падчас пасяджэння журы заходзіла размова пра Станіслава Трыфанава, які зрабіў шыкоўную партыю Скарпіа ў “Тоска”. На мой погляд, ён проста зрабіў гэты спектакль, але тэатр яго не вылучыў, таму мы не маглі разглядаць гэтую кандыдатуру. І тут хочацца падзякаваць адборачнай камісіі за іх працу! У мяне часам узнікалі пытанні, але разумею, што ў дадзеных умовах ім сапраўды нялёгка было працаваць. Дакладна ведаю: палемікі падчас іх галасавання было нямала.

Мяне крыху засмучае закрытасць і непразрыстасць інфармацыі пра спісы прэтэндэнтаў на асабістыя намінацыі (у свабодным доступе была інфармацыя толькі пра спектаклі-фіналісты — Н.П.) і членаў журы. У нашай секцыі працавалі выбітныя людзі — я ніколі не думала, што буду мець гонар узначаліць такое прадстаўнічае, яркае, прафесійнае журы! Валянцін Елізар’еў, Наталля Карчэўская, якая прыйшла да нас яшчэ першым прарэктарам БДУКіМ, Наталля Гайда, Юрый Гільдзюк, Вячаслаў Кузняцоў, Настасся Масквіна, Кацярына Фадзеева, Уладзімір Рылатка, Аляксандр Вавілаў — у кожнага за плячыма столькі дасягненняў, кожны з іх — гэта багацце нашай краіны! Хаця, магчыма, трэба было ўраўнаважыць гэты спіс прадстаўнікамі розных тэатраў.

Нам вельмі не хапае музычных тэатраў у абласных цэнтрах. Заўсёды было крыху смешна, што ў адпаведнай секцыі спаборнічалі паміж сабой усяго два тэатры. Таму хачу падкрэсліць галоўны пазітыў года — урэшце рэшт з’явіўся канкурэнт: “Тэрыторыя мюзікла”. У гэтым тэатры віруе жывая думка, ён нарэшце прынёс на музычную сцэну тэматыку, набліжаную да сённяшняга дня. Іх мюзікл стаў падзеяй, таму мы не маглі яго не адзначыць.

Нацпрэмія — 2018 падкрэсліла тэму маладосці. Найлепшым пастаноўшчыкам быў прызнаны Сяргей Мікель. Яго ж “Вішнёвы сад” — найлепшы балет. Некаторыя перапытвалі: ці не зарана далі? Спектакль, магчыма, не надта спелы, але, на погляд журы, ён вельмі жывы, у нечым — эксперыментальны. Мы пабачылі перспектыўнага творцу, які і ў сваіх працах яскрава выяўляе сувязь з рэчаіснасцю. Я веру ў адзінкавы талант: менавіта індывідуальнасці рухаюць нацыянальнае мастацтва. Дзякуючы Нацыянальнай тэатральнай прэміі мы можам бачыць і — хочацца верыць — раскручваць маладыя таленты.

Для мяне фінальны этап ішоў па прынцыпе крэшчэнда. Калі першыя спектаклі выклікалі неадназначныя ўражанні, то да фіналу выспевала адчуванне трыумфу мастацтва (прабачце за гучныя словы). Засмуціла толькі адно: летась тэрміны правядзення Нацпрэміі супалі з традыцыйным Калядным оперным форумам Вялікага тэатра Беларусі, таму журы давялося глядзець намінаваныя спектаклі з удзелам запрошаных салістаў. Зразумела, з адной — дзвюх рэпетыцый цяжка зайсці ў мізансцэны, бо тканіна спектакля вельмі тонкая.

Лічу, што рашэнні журы ў секцыі музычнага тэатра абсалютна справядлівыя. Усё вырашалася калегіяльна, большасцю галасоў. Дарэчы, унутры камісіі не ўзнікла спрэчак ні па адным з пераможцаў!

Ведаю, часта мусіруецца пытанне пра прыз глядацкіх сімпатый. На мой погляд, думка годная. Тут нават можна абысціся без грашовага складніка. Сёння нескладана зладзіць галасаванне ў інтэрнэце, правесці гучную кампанію ў сацсетках. Заснаванне такой намінацыі дапамагло б прывабіць сапраўды шырокае кола гледачоў да разгляду спектакляў, вылучаных на Нацпрэмію. Упэўнена, колькасць пустых месцаў у залах скарацілася б. На паказах нашай секцыі пустэча і так не адчувалася, але ведаю, што шэраг іншых намінантаў выходзілі далёка не на поўныя залы.

На заключным пасяджэнні нашай камісіі я гаварыла, што музычны тэатр перажывае няпросты час, таму сёння трэба шукаць эфектыўныя маркетынгавыя хады, шчыльна задзейнічаць менеджмент. Тэатрам нельга сядзець і чакаць, што да іх прыйдуць: яны павінны самі ладзіць рэкламныя трукі, працаваць з гледачом. Дазвольце мне параўнанні з айчынным кінематографам. Паглядзіце, як моцна прагучаў у пракаце фільм “Крышталь” Дар’і Жук. Народ валіў у кінатэатры, бо была шыкоўна пабудавана рэкламная кампанія.

Паглядзіце, як працуюць прыватнікі. Каманда Цэнтра візуальных і выканаўчых мастацтваў “Арт карпарэйшн” за многа месяцаў наперад пачынае раскручваць і “ТЭАРТ”, і “Лістапад”: расцяжкі, білборды, афішы, прэс-канферэнцыі, круглыя сталы… Нацыянальнай тэатральнай прэміі пакуль не хапае такога грунтоўнага падыходу да арганізацыі і прасоўвання.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"