Калядная трансфігурацыя і салон Міцкевіча

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Напярэдадні навагодніх святаў выпадкова натрапіў у сацыяльных сетках на канцэрт віяланчалісткі-шасцікласніцы Гомельскай дзіцячай музычнай школы № 1 імя Пятра Чайкоўскага Паліны Смольнікавай. Шчырасць і ўпэўненасць выканання ўразілі. Таму ў першы працоўны дзень 2019-га звязаўся з кіраўніцтвам названай установы. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Хлыстова патлумачыла, што такіх зорачак, як Паліна Смольнікава (да слова, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі) мэтанакіравана “запальвае” педагог Наталля Кулай. Амаль усе яе выхаванцы працягваюць вучобу па спецыяльнасці, а віяланчэльная школа Кулай лічыцца ці не лепшай у вобласці.

/i/content/pi/cult/727/15826/16.JPGМы дамовіліся, што пра віяланчалістак з Гомельскай дзіцячай музычнай школы № 1 варта напісаць больш падрабязны артыкул. Намеснік кіраўніка школы Таццяна Хлыстова паабяцала паспрабаваць. Вось будзе цудоўна, калі неўзабаве такі матэрыял з’явіцца на старонках “К”! Нам, паверце, хранічна не стае шчырых, нязмушаных расповедаў ад імя работнікаў культуры пра сваіх калег. У такіх выпадках, як мне падаецца, больш аб’ёмна выпісваецца кухня творцы. Схематычныя і стандартныя замалёўкі трапляюцца, а вось сапраўды яркіх партрэтаў амаль няма. Успрымаю гэта як сваю асабістую прафесійную недапрацоўку. Дапамагайце, калі ласка, выпраўляць сітуацыю.

Асноўнай тэмай сённяшніх лістоў, безумоўна, застаюцца навагоднія святы. Пра іх мы атрымалі ліст і з аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК. Ялінка-прыгажуня сабрала вакол сябе не толькі гараджан (дарослых ды дзяцей), але і жыхароў вёсак і аграгарадкоў — такіх, як Гальшаны, Граўжышкі, Станцыя Ашмяны, Жупраны. Усе ахвотныя маглі патанцаваць са Снягуркай ды паўдзельнічаць у тэатралізацыях.

І бібліятэкары Ашмяншчыны не спяць у шапку. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Галінская распавядае: “Адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Сустрэча”, прымеркаванае да Дома малой радзімы. На пасяджэнне былі запрошаны краязнаўца з Гальшан Валянціна Лабуніна, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея Кальчунскай сярэдняй школы Таццяна Давідовіч, дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Настасся Навіцкая, а таксама чытачы бібліятэкі. Гаворка ішла пра славутых землякоў, краязнаўцаў. Была прадэманстравана ўнікальныя калекцыя фотаздымкаў”.

Літаратар Мікалай Салаўцоў піша пра тое, як працуе рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Чавускім раёне. А размешчана яна ля рэчкі Проня паблізу вёскі Прылёпаўка. Паляўнічы комплекс так і называецца “Ля Проні”. Сезон быў распачаты 24 снежня. Працуюць тут работнікі клубнай і бібліятэчнай сістэм. Рэзідэнцыя карыстаецца вялікім попытам і ніколі не пустуе.

А вось меркаванне метадыста цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Пехцерава Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Юліянны Клімянковай. Яна ўпэўнена, што Новы год — самае загадкавае свята, таму і бібліятэка гэтымі днямі павінна пераўтварыцца ў казку. Чытачам прапаноўваліся лялечныя спектаклі на чарадзейныя тэмы. Баба Яга вучыла наведвальнікаў тэхніцы жангліравання мячамі. А бібліятэкары разам з чытачамі складалі Чароўную кнігу з прадказаннямі будучыні.

У казку пераўтварылася і Навагрудская раённая бібліятэка. Загадчык аддзела па абслугоўванні дзіцячага чытача Вольга Фядотава распавядае: Раману “Гары Потэр і таемны пакой” Джоан Роўлінг сёлета споўнілася 20 гадоў. У нашым фондзе — 13 экзэмпляраў твора, ён у дзяцей — адзін з любімых. Таму падчас кніжнага юбілею было абвешчана бібліязмярканне, а ўстанова стала Бібліятэкай Чарадзейства. Прайшлі ўрокі зеллеварэння, заклінання, трансфігурацыі, прадракання…”

Работнікі філіялаў Лідскага цэнтра культуры пераапрануліся ў калядоўшчыкаў і адправіліся разам з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці ў вандроўку па Лідчыне. Жыхарам аграгарадкоў Тарнова, Гуды, Беліца, вёскі Мінойты давялося стаць непасрэднымі ўдзельнікамі народнага свята.

А вось ліст загадчыка сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Карыны Ошвы. Аўтарка паведамляе, што аўтабібліятэка цягам года працавала выключна напружана: не толькі радавала чытача кнігамі ды часопісамі, але і ладзіла самыя розныя мерапрыемствы. Да прыкладу, дапамагала арганізоўваць лютаўскія выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. На Аўгустоўскім канале ўдзельнічала ў фэсце творчасці бібліятэкараў, адкрыўшы імправізаваную чытальную залу. А ў дамах-інтэрнатах ладзіліся гутаркі на самую розную тэматыку.

У Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку прайшоў калядны літаратурна-музычны салон. З дапамогай аўдыёвізуальных сродкаў можна было пазнаёміцца са шляхецкім бытам і баўленнем часу. Гучалі, натуральна, і вершы Адама Міцкевіча. А перад гэтай дзеяй, паведамляе дырэктар установы Мікалай Гайба, музей прэзентаваў мастацкую выставу “Vector: Праз стагоддзі да сучаснасці”. Сваё разуменне адзінства мінуўшчыны і будучыні, вялікага шляху, які прайшлі нашы продкі, і яго ўплыву на перспектывы сучаснага творчага працэсу прапануюць больш за 20 мастакоў.

А вось тэма Міцкевіча — праз перспектыву бібліятэчнага бачання. У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыліся літаратурна-музычныя зазімкі “Ты стаў і вечнай славай Беларусі…”, прымеркаваныя да 220-годдзя з дня нараджэння паэта. Прысутныя прагледзелі відэаролік з баладай “Свіцязянка”, паслухалі музычныя кампазіцыі на польскай і беларускай мовах.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі Дар’я Марцінкевіч распавядае і яшчэ пра адну цудоўную ініцыятыву — уласны літаратурны конкурс “Дарослыя — дзецям”, які адбыўся ўжо ў трэці раз. Ён мае імя Веры Навіцкай — кіраўніка Лідскай прыватнай жаночай гімназіі на пачатку ХХ стагоддзя, аўтаркі некалькіх зборнікаў празаічных твораў для дзяцей. У конкурсе бралі ўдзел не толькі аматары, але і паэты, празаікі з пэўным досведам. Першае месца заняў Алесь Мацулевіч (намінацыя “Паэзія”).

Са Смаргонскага РЦК паведамляюць: 76 гадоў споўнілася Кіры Радзівонавай. З днём нараджэння яе павіншавалі работнікі сектара культуры і вольнага часу “Залескі дом культуры” разам з вакальнай групай ансамбля “Заляснянка”. Аўтары сцвярджаюць, што віншаванні сталых жыхароў аграгарадкоў — адна з запатрабаваных форм працы клубных устаноў.

Другі юбілей на Смаргоншчыне звязаны з 70-годдзем творчай дзейнасці аднаго са старэйшых народных калектываў раёна — цымбальнага аркестра імя Аляксандра Дзяругі. Менавіта Аляксандр Аляксандравіч стварыў дзіцячы калектыў і кіраваў ім амаль 30 гадоў. На юбілейным канцэрце сабраліся колішнія ўдзельнікі аркестра, яго сябры і прыхільнікі, музыканты з іншых раёнаў. З Мінска прыехаў сын заснавальніка аркестра Мікалай, таксама таленавіты кампазітар.

І апошняя на сёння навіна са Смаргоншчыны. У Вішнеўскім доме культуры прайшла гульня-віктарына “Кірмаш здароўя”. Гэта толькі адно з мерапрыемстваў доўгатэрміновага праекта для дзяцей “Культурная субота”.

Загадчык інфармацыйна-сервіснага сектара Магілёўскай гарадской бібліятэкі-філіяла № 4 імя Міхаіла Лермантава Марта Арлова паведамляе, што ва ўстанове адбыўся першы лермантаўскі Le bal masgue. Як сцвярджае аўтар, баль-маскарад сабраў шмат гасцей, спонсараў і эмоцый. І справа тут не толькі ва ўважлівым лакеі, трохметровай карэце (фабрыка сотавага кардона пастаралася) і шматлікіх фотазонах з адпаведным антуражам. Галоўнае — у атмасферы шчырасці і вытанчанасці, якая спрыяла сяброўскім размовам і прыемным знаёмствам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"