Сакральны сэнс простых рэчаў

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

У Нацыянальным мастацкім музеі апошнія дні працуе персанальная выстава жывапісца Уладзіміра Кожуха “Аголеныя пачуцці. Сакральны сэнс”. Гэта даніна памяці творцы. Мастак пайшоў з жыцця ўлетку 2017-га. Пражыў 64 гады.

/i/content/pi/cult/727/15825/15.jpgЧасам можна пачуць, што чалавек памірае, калі скончана ягоная жыццёвая місія, завершана справа, дзеля якой ён з’явіўся на свет, калі ёсць каму перадаць эстафету. Як па мне, дык адносна лёсу Уладзіміра Кожуха такое тлумачэнне не пасуе. Калі мастака не стала, эвалюцыя ягонай творчасці была яшчэ далёка не завершанай. Можна толькі здагадвацца, куды б павяла жывапісца ягоная думка, якая з гадамі набывала ўсё большую глыбіню, і рука, што станавілася ўсё больш і больш упэўненай.

І хай даруюць мне калегі спадара Уладзіміра, але не бачу я сярод іх (як людзей ягонага пакалення, так і маладзейшых) тых, хто здатны Кожуха замяніць, а тым больш — пайсці ў творчасці далей за яго. Пайсці не тое каб ягонаю дарогай, але ў тым жа напрамку — у бескампрамісным пошуку ідэалу, калі мяжа заўжды па даляглядзе.

Ягонымі настаўнікамі былі Май Данцыг і Міхаіл Савіцкі. У адным са сваіх інтэрв’ю Уладзімір Кожух шчыра прызнаваўся, што ягоная карціна “У чэрвені 1941-га”, заўважаная крытыкай і адзначаная прэстыжнай для маладога мастака камсамольскай прэміяй, напісаная пад уплывам творчасці Міхаіла Андрэевіча і стылёва нагадвала яго палотны. Гэта я да таго, што Кожух мог бы стаць на шлях эфектных кампіляцый, калі спакушаны глядач разумее, адкуль запазычана, а ўсё адно захапляецца. Зрэшты, на такім узроўні працуе процьма мастакоў і не лічыць гэтую практыку заганнаю. Але спадар Уладзімір быў добрым вучнем абодвух згаданых вышэй мэтраў, бо ўрэшце пайшоў сваім шляхам. І, далібог, на пэўным этапе ўжо і Маю Вольфавічу і Міхаілу Андрэевічу было чаму павучыцца ў свайго маладзейшага калегі.

У 1986 годзе беларускае выяўленчае мастацтва ў дадатак да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, якая фактычна была для нас нацыянальнай, узбагацілася асэнсаваннем Чарнобыля. Слова “ўзбагацілася” можна і ў дужкі ўзяць, бо лепей бы такога “набытку” пазбегнуць. Але менавіта драматычныя падзеі і выкліканыя імі моцныя ўзрушэнні склалі сэнсавую і эмацыйную аснову мастацтва на дзесяцігоддзі наперад, стаўшы асновай твораў, якім было наканавана стаць класікай. Дык вось, Уладзімір Кожух быў адным з тых мастакоў, што першымі наведалі Зону і адлюстравалі ўбачанае. Карціны Чарнобыльскага цыкла Кожуха і сёння б’юць па нервах ды вярэдзяць думку.

Ён жа бадай першым у нашым мастацтве звярнуўся да тэмы Афганскай вайны. Ягоную карціну “Ордэнам Чырвонай зоркі…” — пра пакуты бацькоў, чый сын загінуў удалечыні ад радзімы ў краіне, якую не адразу і на карце знойдзеш — напачатку нават на выставу браць не хацелі. Маўляў, не варта распальваць жарсці вакол тых падзей… У экспазіцыю палатно трапіла дзякуючы пасярэдніцтву Міхаіла Савіцкага.

А вось у 1990-я гады, калі ў мастацтве запанаваў так званы “сац-арт” — свайго роду “сацрэалізм наадварот”, калі мастакі засяроджвалі ўвагу грамады на адмоўных грамадскіх з’явах і далёка не лепшых рысах чалавечай натуры, Уладзімір Кожух звяртаецца да рамантычных вобразаў. Даючы такім чынам зразумець, што не ўсё так кепска, што ёсць дзеля чаго жыць, ёсць чаму ў жыцці радавацца.

Пры гэтым мастак здолеў пазбегнуць спакусы гламурнасці. Героі ягоных карцін з таго ж матэрыялу, што і большасць сучаснікаў з урбанізаваным мысленнем і ладам жыцця. Але паводле аўтарскай задумы яны надзелены рысамі вытанчанай брутальнасці, уласцівай людзям “ад зямлі”. Ягоныя вобразы тае пары, пры сваёй выразнай генетычнай повязі з беларускай рэчаіснасцю, нагадваюць грэцкую архаіку. Такімі маглі б быць героі Гамэра, калі б іх укараніць у беларускую глебу. Уласна кажучы, у гэтым рэчышчы, у неабсяжных межах гэтага вобразнага ладу мастак працаваў да скону, час ад часу ўкрапваючы ў рэалістычную канву сваіх карцін метафарычныя чыннікі. Гэта ўспрымаецца як рух ад факталагічнай асновы да міфа ў чыстым выглядзе. Значную частку экспазіцыі выставы складаюць менавіта такія творы.

Але напрыканцы жыцця Кожуж зноў звярнуўся да сацыяльных рэалій. На апошняй выставе, у якой ён браў удзел, мастак прадставіў палатно, дзе не цяжка прачытаць трагічныя падзеі за нашай паўднёвай мяжою. Пры тым, што канкрэтныя да іх адсылкі ў назве палатна адсутнічаюць.

Хоць усё жыццё Уладзімір Кожух аддаваў перавагу сюжэтна-тэматычнай карціне, ягоныя краявіды і нацюрморты — не маргіналіі, не другаснае адгалінаванне асноўнай лініі, не адпачынак ад сур’ёзных спраў. Мастак усё рабіў грунтоўна, асэнсавана. Прыроднае асяроддзе і матэрыяльны свет на ягоных карцінах — не іначай, як Час і Прастора, ачалавечаныя і міфалагізаваныя. Яны паўстаюць як знакі быцця і арыенціры духоўнага прасцягу.

На выставе можна бачыць, як змяняўся з часам почырк Кожуха-жывапісца. Ад шматквецця да амаль монахромнасці, ад выразных танальных градацый да ладу на нюанснай аснове. Ад аб’ёмнай выбудовы формы да мінімалізму малюнка пэндзлем. Па сутнасці, мастак ішоў ад разгорнутай апавядальнасці да афарыстычнай сцісласці, і гэтая тэндэнцыя храналагічна адбівалася ў стылістыцы ягоных карцін.

Мне неаднойчы даводзілася сустракацца з Уладзімірам Кожухам. З уражанняў ад гэтых сустрэч склаўся вобраз сціплага генія, які цураўся тлуму і натоўпу, не любіў авансцэны і трыбуны, утульна адчуваў сябе толькі ў майстэрні, сярод сваіх карцін і кніг.

Асабліва запомніўся адзін эпізод з пачатку 1990-х. Мастак ідзе па праспекце недзе ля плошчы Якуба Коласа і шчасліва ўсміхаецца. Я іду насустрач. Сустрэліся вачыма, павіталіся. Пытаюся, што ў яго за радасць? Ён з той жа ўсмешкай працягвае мне шыкоўны альбом Пікаса, які толькі што прыдбаў за немалыя грошы.

Хтосьці запытаецца: чаго так радавацца набыццю кнігі? Патлумачу: гэта сёння ў свабодным продажы якая заўгодна літаратура, а Уладзімір Кожух з таго пакалення, якое ўсё жыццё будзе памятаць “інфармацыйны голад” савецкай пары. У 90-я шлюзы адкрыліся, з’явіліся кнігі на ўсе густы — былі б грошы. Для мяне ж станоўчы змест таго часу выразна ўвасоблены ў постаці спадара Уладзіміра: мастак ідзе па праспекце і са шчасліваю ўсмешкай прыціскае да грудзей альбом Пікаса.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"