Аўдыя & Відэа

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Снежаньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць тэле- і радыёвядучы, шоумен Дзмітрый ШУНІН (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/727/15824/Lubber_opt.jpegГурт Lubber Louie, альбом MRJ23

A.: Наогул, я люблю гэты кірунак — сёрф. Амерыканцы яго наярваюць ліха. Ёсць і еўрапейскія выканаўцы, у якіх усё атрымліваецца. А вось як толькі гэтую музыку пачынаюць граць у былым “саўку”, то часцяком складваецца адчуванне, што ты не адрываешся на сонечным пляжы, а журботна схіляеш галаву на пахаванні. У Lubber Louie не ўсё так сумна і трагічна, але… Хлопцы, ці як там — спадары! Усміхайцеся! Менавіта ўсмешку павінна выклікаць такая музыка, а не збянтэжанасць.

B.: Дзіўна, але адзін з самых жыццярадасных рок-жанраў — сёрф — аказваецца, можа стацца занудным — да ламоты ў зубах. Толькі за гэта дадзены склад — Lubber Louie — павінен быць мною адзначаны асабліва. Адзначаю: малайцы — прымудрыліся-пастараліся...

Вядома, да той музыкі, што выконвае каманда, можна прыляпіць прыметнікі “эксперыментальная”, “псіхадэлічная”, і тады ніякі крытык пяра не падточыць: маўляў, хлопцы стараюцца самавыяўляцца “не як усе”, арыгінальнічаюць, намацваюць новыя пуцявіны. Верагодны апанент, магчыма, збольшага пагадзіўшыся з маім меркаваннем, адважыцца запярэчыць: але затое “жыўцом” гурт выглядае хвацка. Ну дык у тым і заключаецца прафесіяналізм, каб умець пераносіць сцэнічную энергетыку ў студыю. І наадварот — студыйную якасць гуку захоўваць на канцэртнай пляцоўцы. Ёсць да чаго імкнуцца калектыву, ёсць.

/i/content/pi/cult/727/15824/_opt.jpegЛiса, альбом “Абракадабра”

A.: Здаецца, гэтая дзяўчына сёння нават у трэндзе. Лічыцца, нібы тое, што яна выконвае — гэта крута. Сякія-такія рэчы на альбоме мне сапраўды здаліся амаль сімпатычнымі. Але чагосьці не хапае. Нейкага... ката Базіліа — яшчэ большай разыначкі. Толькі, Божа барані, не такой, як у расійскай спявачкі Манетачкі. А, падобна, Ліса да яе творчасці дыхае няроўна. Таму — трэба заставацца сабой і ствараць ды спяваць, спяваць і ствараць. Так і да Алы Пугачовай яе лепшых часоў дарасці можна будзе, чаму б і не?

B.: Хтосьці прыдумаў досыць трапнае вызначэнне таго, што выконвае спявачка — “Містычны поп”. Стылістычна гэта сапраўды поп-музыка, прычым паводле запісу знарочыста “хатняя”, мінімалістычная. А туманная аранжыроўка і голас, якi часцяком гучыць нібы ў пустым пакоі, і ствараюць тую самую містычную атмасферу. Сiнгл, што папярэднічаў поўнафарматніку, мне падаўся слабым, а вось альбом уражанне зрабіў значна больш станоўчае. Песні пра каханне, гераіні якіх — і тыя дзяўчаты, што ўжо расчараваліся ў iм, і тыя, хто працягвае ў яго верыць. Міла.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/727/15824/opt.jpegЦіма Беларускіх, кліп на кампазіцыі “Мокрыя кросы” i “Незабудка”

А.: Пра кліп шмат казаць не буду: такіх сёння здымаецца мільёны — мінімальна сюжэтных, але з карцiнкай як бы прыгожай, як бы галівудскай.

Зараз пра Ціму і яго творы. Асабіста я нічога фенаменальнага ў гэтым выканаўцы не бачу. Звычайны артыст для тынэйджараў — напрыклад, маёй дзесяцігадовай дачцэ ён падабаецца. На такую публіку (і трохі старэй) Беларускіх і “заточаны”. Таму смешна было б пачуць ад мяне крытыку кшталту: ну што гэта за дзіцячыя вершыкі ў духу Агніі Барто? Бо для падлеткаў — самае тое. Я вось Івана Дорна слухаць доўга не мог, а калі ён заспяваў фанк, мяне як быццам падсекла, і сёння гэта адзін з самых паважаных мною выканаўцаў. Можа, Ціма таксама калі-небудзь фанк зачытае так, што я стану яго фанатам?

B.: Такім чынам, вось ён — валадар дзявочых дум і, як мяркуюць некаторыя, не проста беларускае музычнае адкрыццё мінулага года, а сенсацыя ўсёй постсавецкай прасторы. Іван Ургант ужо неяк запрасіў выканаўцу ва ўласную тэлепраграму. Дзевяціхвіліннае відэа адразу на два пакуль асноўныя хіты рэпера. У “Кросах” галоўны герой роліка — субтыльны юнак — падчас тынэйджэрскай тусы “клеіць” незнаёмку, чым выклікае незадаволенасць у яе, як здаецца, бойфрэнда — падкачанага пацана. Паміж прэтэндэнтамі на сэрца прыгажуні ўспыхвае сварка. Але хэпі-энд непазбежны! Аказваецца, што “ціпа бойфрэнд” — гэта на самой справе брат паненкі. І вось ужо салодкая парачка ў кампаніі аднагодкаў “ляціць” у іншамарцы па начным Мiнску пад трэк “Незабудка”, спыняючыся ў розных забаўляльных установах, а хлопец перыядычна спрабуе пацалаваць спадарожніцу. Раніцай на беразе нейкага вадаёма закаханы чытае дзяўчыне прысвечаныя ёй радкі і такі чакае пацалунку. Каб я так жыў, увогуле!

А Максу Каржу — не спаць: у яго з’явіўся канкурэнт, што паквапіўся на частку аўдыторыі: тую, якая ўзростам дзесьці ад 12-ці да 18-ці. А песні... Даволі было б і адной, каб ацаніць усе творчыя вартасці новаспечанага поп-ідала.

/i/content/pi/cult/727/15824/t.jpegБакей, кліп на кампазіцыю “Цэлы дзень лазаў”

A.: Нічога я не зразумеў у гэтай тарабаршчыне, нейкі набор гукаў, шумоў і выплеск энергіі. Станоўчая яна або адмоўная, меркаваць не вазьмуся. Гэтак жа, як і вызначыць — дрэнна гэта ці добра. Зноў-такі, вазьму сабе ў памочнікі ў якасці эксперта сваю дачку: ёй Бакей падабаецца.

Што да кліпу... Дык такіх мільярды — наогул безсюжэтных. Ну, хай Бакей думае, быццам гэта кліп.

B.: Каб вам хоць штосьцi было зразумела… Бакей — гэта адзін з лідараў айчыннага рэпу. Далей усё складаней. Колькі я ні намагаўся, але да канца сэнс тэксту так і не ўлавіў (выканаўца чытае пра тое, што настаў дзень, калі нічога нельга пускаць на самацёк, а то пакуль соўгаешся па корчмах, сапраўднае жыццё праходзіць міма, неяк так). Затое яго, мабыць, злавілі тыя рэальныя пацаны, што зняліся ў кліпе — вельмі энергічна яны паводзяць сябе ў кадры, і рэзка ў рухах. І з задавальненнем дапамагаюць рэперу даносіць яго слова да слухача. Праўда, паўтаруся, да мяне не данеслі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"