Злучаныя часам і нябёсамі

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Сёння, акурат у дзень народзінаў Уладзіміра Мулявіна, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдзе, паводле традыцыі, канцэрт, прысвечаны яго 77-й гадавіне. Дзве сямёркі аказаліся сімвалічнымі, бо вечарына злучыць творчыя імёны, што сталі непарыўнымі яшчэ пры жыцці гэтых вялікіх майстроў — і засталіся з’яднанымі пасля смерці. Канцэрт так і называецца — “Злучаныя часам: Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок”.

Амаль аднагодкі (Лучанку за тры месяцы да смерці споўнілася 80), яны сябравалі. І сталі адзін для аднаго добрай падтрымкай у творчасці. Песні Лучанка прынеслі мулявінскім “Песнярам” шырокае грамадскае прызнанне — і, у сваю чаргу, менавіта “песняроўскія” выкананні многіх лучанкоўскіх песенных шэдэўраў і дагэтуль застаюцца эталоннымі.

Песні Лучанка з рэпертуару “Песняроў” складуць другое аддзяленне канцэрта. Іх выканаюць Ян Жанчак, Марына Васілеўская і іншыя салісты нашай эстрады. У першым жа прагучыць прэм’ера абноўленай Сімфоніі “Песняроў”, напісанай адным з былых удзельнікаў ансамбля — заслужаным артыстам нашай краіны Уладзімірам Ткачэнкам — для сімфанічнага аркестра, цымбалаў і электрагітары. Першая версія гэтага твора гучала некалькі гадоў таму — у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Цяперашняя рэдакцыя — іншая. Новая партытура складзена для сімфанічнага аркестра, цымбалаў, на іх будзе граць салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча, лаўрэат міжнародных конкурсаў Марта Галубко, і электрагітары, якую возьме ў рукі сам Уладзімір Ткачэнка.

— Гэты канцэрт, — распавёў Міхаіл Снітко, мастацкі кіраўнік і дырыжор сімфанічнага аркестра OLYMPIA CLASSIC, — рыхтаваўся, можна сказаць, некалькі гадоў. Ідэя нарадзілася яшчэ пры жыцці Уладзіміра Мулявіна. І сыходзіла ад яго самога. Хаця, зразумела, тады планавалася штосьці зусім іншае. Дарэчы, пазнаёміў нас Лучанок — на з’ездзе кампазітараў, потым мы перасякаліся на некалькіх урадавых канцэртах. І пасля аднаго з выступленняў нашага калектыву Уладзімір Георгіевіч прапанаваў мне стварыць праграму з аркестрам. Я запаліўся гэтай думкай, але неўзабаве здарылася тая страшная аварыя, пасля якой Мулявін, правёўшы колькі часу ў шпіталі, памёр. Маё абяцанне засталося нявыкананым. Таму цяпер, калі Уладзімір Ткачэнка прапанаваў нам сваю Сімфонію, я ўзрадаваўся. І звярнуўся да Ігара Міхайлавіча, каб скласці з яго песень другое аддзяленне. Ён ухваліў гэту ідэю, мы разам складалі праграму, ён нават абраў сваё фота, выкарыстанае на афішы. Але — не дажыў. Канцэрт аказаўся прысвечаны памяці двух геніяў, ён стане вечарынай духоўнага шанавання іх таленту.

З Лучанком я меў зносіны каля 30 гадоў. Пазнаёміўся з ім асабіста, калі яшчэ кіраваў Ансамблем песні і пляскі Заходняй групы войскаў у горадзе Магдэбургу, і Ігар Міхайлавіч прыязджаў да нас выступаць. Яго творчасць — вяршыня беларускай песні. Можа, камусьці гэта падасца дзіўным, але ён нагадваў мне нейкую супер-даменную печ, дзе былі пераплаўлены лепшыя знаходкі Шастаковіча, Чайкоўскага, Баха, Шуберта… Гэтае суквецце сусветнай культуры ў спалучэнні з роднай беларускай інтанацыяй і стварыла феномен лучанкоўскіх песень! Думаю, калі быў бы жывы Чайкоўскі, ён ухваліў бы песні Лучанка. Бо Лучанок у чымсьці і ёсць беларускі Чайкоўскі. Ігар Міхайлавіч таксама быў непераўзыдзеным лірыкам, у яго музыцы жыла тая ж мяцежнасць. Дый песні свае ён выбудоўваў з такой жа драматургічнай дакладнасцю, як Чайкоўскі — оперы ці сімфоніі.

Памятаю, у маім юнацтве ў Слуцку круцілі на танцпляцоўках яго “Вераніку” — вядома, у выкананні “Песняроў”. І ставіліся да гэтай песні, бы да самых папулярных кампазіцый “Бітлз”. Моладзь пад яе танчыла: абняўшыся, пары павольна рухаліся, пранікнёны меладызм дапамагаў выказаць свае сардэчныя пачуцці. А цяпер мы — прызнаемся ў любові да творчасці музыкантаў, што прынеслі славу нашай зямлі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"