Зяць, залвіца, братавая…

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

“Тая, якая з баянам — самая тут галоўная, — тлумачылі работнікі культуры Ваўкавыскага раёна, калі дасылалі ў рэдакцыю фотаздымкі народнага сямейнага ансамбля “Сваякі” і хацелі выключыць памылкі ў нашых подпісах. Якія могуць быць памылкі? Гляньце на фота: кабета з баянам — Марыя Бачынская, якая і “Сваякоў” прыдумала, а яшчэ і сельскім Домам культуры аграгарадка Юбілейны кіруе.

/i/content/pi/cult/727/15820/9.JPGСпецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Сваякі” атрымалі за захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускай традыцыйнай сямейнай аматарскай творчасці, за арганізацыю і правядзенне фестывалю-конкурсу творчых сямейных дынастый.

Як нарадзіліся “Сваякі”? 37 гадоў таму музыка паяднала дзве сямейныя пары: Івана і Марыі Бачынскіх ды Томаша і Таццяны Карнашэвічаў. Да іх яшчэ чатыры жанчынкі падключыліся. І вось што дзіўна: склад калектыву з таго часу бадай і не мяняўся! А паколькі ў кожнай вёсцы кожны жыхар суседу — кум, сват ці швагер, дык не было праблем і з выбарам наймення для самадзейнага калектыву. Вось так, радзінай, і выступаюць на родных абсягах.

І якіх толькі песень няма ў іхнім рэпертуары! Але перавага аддаецца мясцовым скарбам — традыцыйнаму фальклору Гродзеншчыны. Хтосьці скажа: такіх гуртоў, што аўтэнтыкай жывуць, па Беларусі шмат. Усё правільна. Але спецыяльныя прэміі так проста не ўручаюцца. Вось тыя адметнасці, што якасна вылучаюць калектыў Марыі Бачынскай з шэрагу іншых. Удзельнікі ансамбля не толькі транслююць рэгіянальныя каляндарна-абрадавыя песні, якія некалі спявалі іх продкі. “Сваякі” актыўна займаюцца не толькі музыкай, але і ладзяць этнаграфічныя ды фальклорныя экспедыцыі. У выніку гэтых шчыраванняў нарадзіўся музей “Матчына хатка”. У экспазіцыі — больш за 150 прадметаў. У рэспубліканскім тэлеконкурсе “Хата на хату” гурт атрымаў дыплом “За найлепшы сямейны музей”. Летась у “хатцы” з’явілася і экспазіцыя “Сцяжынкі жыцця “Сваякоў”.

Чарговая адметнасць у тым, што “Сваякі” даўно асвоілі замежжа. На фестывалі беларускай традыцыйнай культуры ў Беластоку (2002) і на фестывалі беларуска-літоўскага памежжа ў Астраўцы (2011) народны сямейны ансамбль прэзентаваў адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны — выраб традыцыйнага на Ваўкавышчыне вясельнага караваю. Марыя Бачынская пераняла гэтыя ўменні ў роднай цёткі і зрабіла вясельны каравай візітоўкай “Сваякоў”.

І апошні нюанс непаўторнасці. Летась ансамбль стаў ініцыятарам арганізацыі і правядзення фестывалю-конкурсу творчых сямейных дынастый “Сваякі запрашаюць”. Найбліжэйшая мэта — зрабіць раённы фэст рэгіянальным. Адпаведна, сваякоў стане больш.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"