Вакальны марафон у тэмпе спрынту

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Да штогодняга павышэння ўзроўню ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2008” усе ўжо прызвычаіліся. Але такога яшчэ не было ніколі: прэтэндаваць на перамогу мог літаральна кожны ўдзельнік не толькі фіналу, але і паўфіналу!

У свой час паўфінал уводзіўся для адсеву “выпадковых” удзельнікаў, чый узровень не адпавядаў агульнаму, не ўзнімаўся да планкі конкурсу міжнароднага рангу. Сёння ж можна з упэўненасцю канстатаваць: паўфінал і два дні фіналу сталі аналагам некалькіх конкурсных тураў, што звычайна практыкуюцца на міжнародных музычных спаборніцтвах акадэмічнага плана. Там на другі тур прапускаецца, часцей за ўсё, не больш за палову ўсіх удзельнікаў, а ў трэці праходзяць увогуле толькі тыя, хто можа разлічваць на прэмію.
 /i/content/pi/cult/169/1582/Konkurs1.jpg

Лаўрэат Другой прэміі — Надзіко (Грузія).

Самыя трагічныя гісторыі здараюцца, як ні дзіўна, на “пераходзе” ад першага тура да другога, у дадзеным выпадку — ад паўфіналу да фіналу.
Можна толькі паспачуваць членам журы — паверце, я не хацела б апынуцца на іх месцы. Бо не змагла б знайсці тыя 9 “ахвяр” з 21 спевака — у мяне іх атрымлівалася значна меней. Як прызнаваліся самі “журысты”, просты арыфметычны падлік балаў, выстаўленых на паўфінале кожным з іх, нічога не даў: пяцёра (!) канкурсантаў атрымалі абсалютна аднолькавыя адзнакі, а з гэтай “адважнай пяцёркі” трэба было развітацца з дваімі (на жаль, сярод іх аказаўся эмацыйны, з прыгожым голасам, Максім Лявінскі з Ізраіля, своеасаблівая Лена з Босніі і Герцагавіны). І часу на тое, каб, можа, яшчэ раз праслухаць спрэчныя выступленні ў запісе ці прапанаваць удзельнікам паказаць іншыя песні рэпертуару, як гэта бывае на іншых праслухоўваннях, катастрафічна не было.
Паўфінал пачаўся а 21-ай гадзіне, скончыўся а 23-яй. Апоўначы ж павінна было адбыцца наступнае лёсаванне — ужо фінальнае, куды далучаліся вызваленыя ад паўфіналу прадстаўнікі краін-арганізатараў фестывалю: Беларусі, Расіі, Украіны. І да гэтага часу павінны былі быць выраблены і падпісаны дыпломы тым канкурсантам, якія не трапілі ў фінал.
У выніку лёсаванне пачалося ў пачатку 2-й гадзіны ночы. А зранку ў канкурсантаў пачыналася рэпетыцыя вечаровага выступлення з аркестрам. І абсалютна тое ж самае — на наступны дзень. Такі вось “марафон” з трох выступленняў, але ў тэмпе спрынту — амаль экстрэмальны. Конкурс ёсць конкурс, і ўсё ж, мабыць, надалей трэба паспрабаваць крыху “развесці” па часе конкурсныя выступленні. Бо чалавечы голас — самы далікантны “інструмент”, і — самае галоўнае — не можа быць заменены для свайго ўладальніка на іншы.
Няма чаго і казаць, што пры такім раскладзе ўся арыгінальнасць лёсавання на фінал сталася радасцю хіба для журналістаў. А падзівіцца было чаму!
Вымушаючы цягнуць нумары для паўфіналу, арганізатары “падсалоджвалі” жыццё артыстаў: нумар знаходзіўся на донцы слоічка з мёдам, а той — у гліняным гаршчочку. Малюнкі на гаршчочках распісвалі навучэнцы мастацкай школы, і канкурсанты быццам атрымлівалі разам з вырабамі юных майстроў пэндзля іх добрую, маладую, не проста цёплую, а— імпульсіўна гарачую энергетыку. У лёсаванні ж да фіналу — далучалі да яе памяць стагоддзяў. Скверык між будынкамі Дырэкцыі фестывалю і ратушы, дзе змяшчаецца краязнаўчы музей, асвяціўся полымем факелаў. Старадаўнія шляхецкія строі, ваярскія прылады ў такім антуражы глядзеліся яшчэ больш шыкоўна і адначасова таямніча. Канкурсанты па чарзе атрымлівалі ад “пасланцоў мінуўшчыны” старадаўнія граматы са стылізаваным тэкстам. І, раскруціўшы іх, знаходзілі свой нумар.
Ды ўсё ж галоўная інтрыга разгортвалася непасрэдна на сцэне Летняга амфітэатра. За канкурсантаў “хварэла” нават прырода. Адначасова з пачаткам першага фінальнага праслухоўвання пайшоў такі лівень з моцным ветрам, што не ўсіх выратоўваў і дах.
Аспрэчваць вынікі— справа безвыніковая. Тым больш, што канчатковая “раздача сланоў” з удзелам шматлікіх спонсараў шмат у чым расставіла кропкі над “і”: былі адзначаны амаль усе ўдзельнікі. Але задумацца ёсць над чым. І пачаць трэба, верагодна, з некаторага перагляду конкурсных умоў. Спачатку іх парушылі арганізатары: у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам канкурсанты павінны былі выступаць, паводле Палажэння аб конкурсе, у другі дзень фіналу, а не ў першы. Потым умовы была вымушана парушыць сітуацыя. Прычым— ужо другі год запар! Паводле Палажэння аб конкурсе, Першая прэмія падзяляцца паміж удзельнікамі не павінна. А між тым, і наш Віталь Гардзей, і расіянка Лена Валеўская набралі аднолькавую колькасць балаў. Прычым, як па замове, аднолькавую і ў першы дзень, і ў другі. Містыка, дый толькі! І адначасова — рэальнасць, з якой давялося неяк мірыцца.
Віталь і сапраўды, як кажуць, зрабіў усё, што мог. Адзінае, чаго, мабыць, асабіста мне крыху не хапіла ў яго выступленні, — гэта ўмення “доўжыць паўзу”, каб і пасля заканчэння песні цішыня захоўвала і працягвала яе настрой. А для гэтага — максімальна доўга “захоўваць настрой” самому. Што ж да Лены Валеўскай, дык у гэтым выпадку, на мой погляд, перамагло, як кажуць, сяброўства. Некаторае здзіўленне выклікала ўжо сама яе песня (як аказалася, уласная), выкананая ў другі дзень, калі ўдзельнікі паказвалі (пад фанаграму “мінус адзін”) “эстрадную песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант”. Песня была відавочна не конкурсная — вельмі просценькая, літаральна з некалькіх нотак. Але, падобна на тое, расійская эстрада апошнім часам прытрымліваецца на “Славянскім базары ў Віцебску” менавіта такой “спрошчанасці”. Ці ж можна лічыць выпадковым, што Алег Газманаў, каменціруючы вынікі паўфіналу, шчыра прызнаўся, што знізіў ацэнку бездакорнаму чэшскаму спеваку Ярэку Шымэку толькі за тое, што ў таго была надта складаная, “мутная” кампазіцыя?
Рэпертуар — увогуле адзін з самых важных конкурсных складнікаў (дый канцэртных таксама). Спявак Un.J з Узбекістана змог прадэманстраваць свой багаты басовы тэмбр толькі на паўфінале: астатнія яго песні ахоплівалі куды меншы дыяпазон. І наадварот: выключна сама па сабе песня, а не яе інтэрпрэтацыя прынесла Лючыі з Румыніі прыз імя Уладзіміра Мулявіна. Бо песню з рэпертуару “Песняроў”— “Белоруссию” А.Пахмутавай — яна не столькі праспявала, колькі пракрычала.
 /i/content/pi/cult/169/1582/Konkurs2.jpg
Лаўрэат Трэцяй прэміі — Пламен Патаў (Балгарыя).

Затое ні ў кога не выклікала сумневу прысуджэнне Гран-пры літоўцу Данатасу Мантвідасу. Ён скарыў ужо на паўфінале — і асабіста я ўжо тады аддала яму перавагу перад усімі астатнімі, уключаючы надзвычай каларытную, галасістую, імпазантна экспрэсіўную Юлі з Нідэрландаў. Бо ў Данатаса, акрамя яркай індывідуальнасці, была яшчэ найвысокая культура выканання. А дасягнуць яе бывае куды больш складана, чым шакіраваць прынцыпова новай інтэрпрэтацыяй.
Высокі конкурсны ўзровень у чарговы раз закцэнтаваў праблемы творчай індывідуальнасці і нашага да яе стаўлення. Індывідуальнасць становіцца самай важнай “дэталлю” менавіта тады, калі астатнія складнікі поспеху — выключна “прыродныя” і ўласна “тэхналагічныя” — аказваюцца вырашанымі. Іншымі словамі, яе перавага становіцца неаспрэчнай, калі ўсе роўныя: калі, як у дадзеным выпадку, усе прэтэндэнты маюць добрыя, гучныя галасы вялікага дыяпазону і песні, што дапамагаюць паказаць іх напоўніцу, калі ўсе знаходзяцца на добрым тэхнічным узроўні, спраўляюцца з інтанацыйнымі складанасцямі і г. д. Бо індывідуальнасць — гэта і ёсць тая “чароўная палачка”, з дапамогай якой кожны творца можа знайсці сабе тую “культурную нішу”, дзе ён будзе не “як усе”, а — першым, бо акажацца адзіным у сваім родзе.
Конкурс, на жаль, не заўсёды ўзводзіць індывідуальнасць на п’едэстал гонару. Ужо хаця б таму, што немагчыма бывае параўнаць непараўнальнае. Таму сапраўдным “конкурсам” становіцца далейшае канцэртнае жыццё і, шырэй, творчы лёс выканаўцаў. Ці ж не індывідуальнасць — тонкі, даліканты ў спевах (і арыгінальны ў сваёй уласнай песні) Арнэ Ватнёй з Нарвегіі? А эмацыйны, напорысты Сяргей Грыгаран з Арменіі? А Лейла Хот з Сербіі, якая, на жаль, так і не знайшла сваё сцэнічнае аблічча? На рэпетыцыях і ў жыцці яна ўяўлялася прыгажуняй, на сцэну ж выходзіла — быццам наўмысна гэткай “няскладнай Папялушкай”.
Пад час цырымоніі ўзнагароджання старшыня журы Рыкарда Качыянтэ, быццам просячы прабачэння за свой невялікі рост, сказаў залатыя словы: “Акрамя знешнасці, у нас ёсць думкі, якія і дазваляюць нам станавіцца вялікімі”. Раптам падумалася: няўжо канкурсанты “падслухалі” гэтую яго фразу яшчэ да пачатку спаборніцтваў і зразумелі яе надта прамалінейна? Бо амаль усе яны, уразіўшы спевамі, расчаравалі пагардлівым стаўленнем да сваіх сцэнічных строяў (Разважанні на гэты конт, падмацаваныя думкамі прафесійнага стыліста, чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў “К”.).
Што ні кажыце, а галоўным конкурсным здабыткам сёлета трэба лічыць не кагосьці з удзельнікаў спаборніцтва, а тое, што, дзякуючы намаганням Дырэкцыі фестывалю, журы ўзначаліў менавіта Р.Качыянтэ. Так, яго ацэнкі значна адрозніваліся ад астатніх — яны былі куды ніжэйшымі. Свае адзіныя “дзевятку” і “дзесятку” ён паставіў толькі Д.Мантвідасу. Усім астатнім — ад 6-ці да 8-мі балаў. Тым самым знакаміты кампазітар і спявак (а тое, як ён выконваў свае песні і фрагменты з музычна-тэатральных твораў, можна было ацэньваць у некалькі Гран-пры!) намеціў тую еўрапейскую эстэтыку, у бок якой і маглі б рухацца надалей не толькі канкурсанты, але і ўвесь конкурс “Славянскага базару ў Віцебску”. Тэхнічная планка прафесіяналізму намі ўжо ўзята: усе ўмеюць спяваць гучна ды ў тэмпе. Наперадзе — культура выканання.
Надзея БУНЦЭВІЧ