Лаўрэат Другой прэміі — Надзіко (Грузія). |
Можна толькі паспачуваць членам журы — паверце, я не хацела б апынуцца на іх месцы. Бо не змагла б знайсці тыя 9 “ахвяр” з 21 спевака — у мяне іх атрымлівалася значна меней. Як прызнаваліся самі “журысты”, просты арыфметычны падлік балаў, выстаўленых на паўфінале кожным з іх, нічога не даў: пяцёра (!) канкурсантаў атрымалі абсалютна аднолькавыя адзнакі, а з гэтай “адважнай пяцёркі” трэба было развітацца з дваімі (на жаль, сярод іх аказаўся эмацыйны, з прыгожым голасам, Максім Лявінскі з Ізраіля, своеасаблівая Лена з Босніі і Герцагавіны). І часу на тое, каб, можа, яшчэ раз праслухаць спрэчныя выступленні ў запісе ці прапанаваць удзельнікам паказаць іншыя песні рэпертуару, як гэта бывае на іншых праслухоўваннях, катастрафічна не было.
Паўфінал пачаўся а 21-ай гадзіне, скончыўся а 23-яй. Апоўначы ж павінна было адбыцца наступнае лёсаванне — ужо фінальнае, куды далучаліся вызваленыя ад паўфіналу прадстаўнікі краін-арганізатараў фестывалю: Беларусі, Расіі, Украіны. І да гэтага часу павінны былі быць выраблены і падпісаны дыпломы тым канкурсантам, якія не трапілі ў фінал.
У выніку лёсаванне пачалося ў пачатку 2-й гадзіны ночы. А зранку ў канкурсантаў пачыналася рэпетыцыя вечаровага выступлення з аркестрам. І абсалютна тое ж самае — на наступны дзень. Такі вось “марафон” з трох выступленняў, але ў тэмпе спрынту — амаль экстрэмальны. Конкурс ёсць конкурс, і ўсё ж, мабыць, надалей трэба паспрабаваць крыху “развесці” па часе конкурсныя выступленні. Бо чалавечы голас — самы далікантны “інструмент”, і — самае галоўнае — не можа быць заменены для свайго ўладальніка на іншы.
Няма чаго і казаць, што пры такім раскладзе ўся арыгінальнасць лёсавання на фінал сталася радасцю хіба для журналістаў. А падзівіцца было чаму!
Вымушаючы цягнуць нумары для паўфіналу, арганізатары “падсалоджвалі” жыццё артыстаў: нумар знаходзіўся на донцы слоічка з мёдам, а той — у гліняным гаршчочку. Малюнкі на гаршчочках распісвалі навучэнцы мастацкай школы, і канкурсанты быццам атрымлівалі разам з вырабамі юных майстроў пэндзля іх добрую, маладую, не проста цёплую, а— імпульсіўна гарачую энергетыку. У лёсаванні ж да фіналу — далучалі да яе памяць стагоддзяў. Скверык між будынкамі Дырэкцыі фестывалю і ратушы, дзе змяшчаецца краязнаўчы музей, асвяціўся полымем факелаў. Старадаўнія шляхецкія строі, ваярскія прылады ў такім антуражы глядзеліся яшчэ больш шыкоўна і адначасова таямніча. Канкурсанты па чарзе атрымлівалі ад “пасланцоў мінуўшчыны” старадаўнія граматы са стылізаваным тэкстам. І, раскруціўшы іх, знаходзілі свой нумар.
Ды ўсё ж галоўная інтрыга разгортвалася непасрэдна на сцэне Летняга амфітэатра. За канкурсантаў “хварэла” нават прырода. Адначасова з пачаткам першага фінальнага праслухоўвання пайшоў такі лівень з моцным ветрам, што не ўсіх выратоўваў і дах.
Аспрэчваць вынікі— справа безвыніковая. Тым больш, што канчатковая “раздача сланоў” з удзелам шматлікіх спонсараў шмат у чым расставіла кропкі над “і”: былі адзначаны амаль усе ўдзельнікі. Але задумацца ёсць над чым. І пачаць трэба, верагодна, з некаторага перагляду конкурсных умоў. Спачатку іх парушылі арганізатары: у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам канкурсанты павінны былі выступаць, паводле Палажэння аб конкурсе, у другі дзень фіналу, а не ў першы. Потым умовы была вымушана парушыць сітуацыя. Прычым— ужо другі год запар! Паводле Палажэння аб конкурсе, Першая прэмія падзяляцца паміж удзельнікамі не павінна. А між тым, і наш Віталь Гардзей, і расіянка Лена Валеўская набралі аднолькавую колькасць балаў. Прычым, як па замове, аднолькавую і ў першы дзень, і ў другі. Містыка, дый толькі! І адначасова — рэальнасць, з якой давялося неяк мірыцца.
Віталь і сапраўды, як кажуць, зрабіў усё, што мог. Адзінае, чаго, мабыць, асабіста мне крыху не хапіла ў яго выступленні, — гэта ўмення “доўжыць паўзу”, каб і пасля заканчэння песні цішыня захоўвала і працягвала яе настрой. А для гэтага — максімальна доўга “захоўваць настрой” самому. Што ж да Лены Валеўскай, дык у гэтым выпадку, на мой погляд, перамагло, як кажуць, сяброўства. Некаторае здзіўленне выклікала ўжо сама яе песня (як аказалася, уласная), выкананая ў другі дзень, калі ўдзельнікі паказвалі (пад фанаграму “мінус адзін”) “эстрадную песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант”. Песня была відавочна не конкурсная — вельмі просценькая, літаральна з некалькіх нотак. Але, падобна на тое, расійская эстрада апошнім часам прытрымліваецца на “Славянскім базары ў Віцебску” менавіта такой “спрошчанасці”. Ці ж можна лічыць выпадковым, што Алег Газманаў, каменціруючы вынікі паўфіналу, шчыра прызнаўся, што знізіў ацэнку бездакорнаму чэшскаму спеваку Ярэку Шымэку толькі за тое, што ў таго была надта складаная, “мутная” кампазіцыя?
Рэпертуар — увогуле адзін з самых важных конкурсных складнікаў (дый канцэртных таксама). Спявак Un.J з Узбекістана змог прадэманстраваць свой багаты басовы тэмбр толькі на паўфінале: астатнія яго песні ахоплівалі куды меншы дыяпазон. І наадварот: выключна сама па сабе песня, а не яе інтэрпрэтацыя прынесла Лючыі з Румыніі прыз імя Уладзіміра Мулявіна. Бо песню з рэпертуару “Песняроў”— “Белоруссию” А.Пахмутавай — яна не столькі праспявала, колькі пракрычала.
Лаўрэат Трэцяй прэміі — Пламен Патаў (Балгарыя). |
Затое ні ў кога не выклікала сумневу прысуджэнне Гран-пры літоўцу Данатасу Мантвідасу. Ён скарыў ужо на паўфінале — і асабіста я ўжо тады аддала яму перавагу перад усімі астатнімі, уключаючы надзвычай каларытную, галасістую, імпазантна экспрэсіўную Юлі з Нідэрландаў. Бо ў Данатаса, акрамя яркай індывідуальнасці, была яшчэ найвысокая культура выканання. А дасягнуць яе бывае куды больш складана, чым шакіраваць прынцыпова новай інтэрпрэтацыяй.
Высокі конкурсны ўзровень у чарговы раз закцэнтаваў праблемы творчай індывідуальнасці і нашага да яе стаўлення. Індывідуальнасць становіцца самай важнай “дэталлю” менавіта тады, калі астатнія складнікі поспеху — выключна “прыродныя” і ўласна “тэхналагічныя” — аказваюцца вырашанымі. Іншымі словамі, яе перавага становіцца неаспрэчнай, калі ўсе роўныя: калі, як у дадзеным выпадку, усе прэтэндэнты маюць добрыя, гучныя галасы вялікага дыяпазону і песні, што дапамагаюць паказаць іх напоўніцу, калі ўсе знаходзяцца на добрым тэхнічным узроўні, спраўляюцца з інтанацыйнымі складанасцямі і г. д. Бо індывідуальнасць — гэта і ёсць тая “чароўная палачка”, з дапамогай якой кожны творца можа знайсці сабе тую “культурную нішу”, дзе ён будзе не “як усе”, а — першым, бо акажацца адзіным у сваім родзе.
Конкурс, на жаль, не заўсёды ўзводзіць індывідуальнасць на п’едэстал гонару. Ужо хаця б таму, што немагчыма бывае параўнаць непараўнальнае. Таму сапраўдным “конкурсам” становіцца далейшае канцэртнае жыццё і, шырэй, творчы лёс выканаўцаў. Ці ж не індывідуальнасць — тонкі, даліканты ў спевах (і арыгінальны ў сваёй уласнай песні) Арнэ Ватнёй з Нарвегіі? А эмацыйны, напорысты Сяргей Грыгаран з Арменіі? А Лейла Хот з Сербіі, якая, на жаль, так і не знайшла сваё сцэнічнае аблічча? На рэпетыцыях і ў жыцці яна ўяўлялася прыгажуняй, на сцэну ж выходзіла — быццам наўмысна гэткай “няскладнай Папялушкай”.
Пад час цырымоніі ўзнагароджання старшыня журы Рыкарда Качыянтэ, быццам просячы прабачэння за свой невялікі рост, сказаў залатыя словы: “Акрамя знешнасці, у нас ёсць думкі, якія і дазваляюць нам станавіцца вялікімі”. Раптам падумалася: няўжо канкурсанты “падслухалі” гэтую яго фразу яшчэ да пачатку спаборніцтваў і зразумелі яе надта прамалінейна? Бо амаль усе яны, уразіўшы спевамі, расчаравалі пагардлівым стаўленнем да сваіх сцэнічных строяў (Разважанні на гэты конт, падмацаваныя думкамі прафесійнага стыліста, чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў “К”.).
Што ні кажыце, а галоўным конкурсным здабыткам сёлета трэба лічыць не кагосьці з удзельнікаў спаборніцтва, а тое, што, дзякуючы намаганням Дырэкцыі фестывалю, журы ўзначаліў менавіта Р.Качыянтэ. Так, яго ацэнкі значна адрозніваліся ад астатніх — яны былі куды ніжэйшымі. Свае адзіныя “дзевятку” і “дзесятку” ён паставіў толькі Д.Мантвідасу. Усім астатнім — ад 6-ці да 8-мі балаў. Тым самым знакаміты кампазітар і спявак (а тое, як ён выконваў свае песні і фрагменты з музычна-тэатральных твораў, можна было ацэньваць у некалькі Гран-пры!) намеціў тую еўрапейскую эстэтыку, у бок якой і маглі б рухацца надалей не толькі канкурсанты, але і ўвесь конкурс “Славянскага базару ў Віцебску”. Тэхнічная планка прафесіяналізму намі ўжо ўзята: усе ўмеюць спяваць гучна ды ў тэмпе. Наперадзе — культура выканання.Надзея БУНЦЭВІЧ