Тэрапія праз фальклор

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Без такіх арганізацый у свеце было б меней дабрыні. Я маю на ўвазе тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За афіцыйнай назвай — карпатлівая штодзённая праца па дапамозе тым, хто бадай найбольш яе патрабуе. Такіх цэнтраў у краіне шмат, але Пастаўскі сярод іх — асаблівы.

Кіруе цэнтрам Дзіяна Пякарская. У штаце — 209 чалавек, з іх 130 — сацыяльныя работнікі. Тут створана тэрапеўтычнае і безбар’ернае асяроддзе з аздараўленчым комплексам немедыкаментознага лячэння, абсталяваныя блокі рэлаксацыі, лячэбнай фізічнай культуры, рэабілітацыі. Ладзіцца штогадовы турыстычны злёт для грамадзян сталага ўзросту.

Што мяне парадавала — вялікі аб’ём праектнай дзейнасці. З 2016 года рэалізуецца пілотны праект па прафілактыцы дэменцыі, з 2016-га ажыццяўляюцца міжнародныя гуманітарныя праграмы (прыцягнута амаль 20 тысяч еўра). Прыкладна ў сакавіку, мяркуе Дзіяна Пякарская, цэнтр пачне рэалізацыю міжнароднага гуманітарнага праекта па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь на 2019 — 2020 гады ў супрацоўніцтве з самакіраваннем горада Швянчоніса. Сумесная заяўка прайшла адбор, і праект будзе прафінансаваны (160 тысяч еўра). Работай цэнтра зацікавіліся ў Швецыі, Літве, Латвіі, чые дэлегацыі ўжо пазнаёміліся з прынцыпамі дзеяння гаспадаркі Дзіяны Пякарскай.

Як бачым, дзейнасць эфектыўная і шматбаковая. Але варта адзначыць, што Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь цэнтр атрымаў за іншае сваё вымярэнне — культурнае. За значны ўнёсак у развіццё аматарскай мастацкай творчасці сталых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, за актыўную дабрачынную дзейнасць. А таксама і за захаванне рэгіянальных культурных традыцый. Гэтаму “няпрофільнаму”, здавалася б, кірунку працы ў цэнтры надаецца асаблівая ўвага. Як, зрэшты, і наогул на Пастаўшчыне.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"