Лыжка як сакрэт поспеху

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” ўдастоены Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у папулярызацыю музычнага мастацтва, мэтанакіраваную работу па эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення, актыўную канцэртную дзейнасць.

/i/content/pi/cult/727/15813/6.jpg— Я рады, што ў нашым ансамблі такія таленавітыя дзеці, — кажа кіраўнік творчага калектыву Уладзімір Сухавей. — З імі вельмі лёгка працаваць, а творчасць ажно кіпіць.

Дзецьмі Уладзімір Яўгенавіч называе навучэнцаў Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Будучыя настаўнікі тут вучацца тры гады. За гэты час даць сур’ёзную музычную адукацыю немагчыма, а вось навучыць іграць на балалайцы, трашчотках, лыжках можна. Раней у каледжы існаваў і інструментальны ансамбль. Яго ўдзельнікамі былі выключна дзяўчаты, яны ігралі на вялікіх барабанах, бас-гітары, саксафоне, скрыпцы — хто на чым умеў. Аб’яднаўшы свае намаганні з харавым аддзяленнем, кіравала якім Ганна Сухавей (сёння яна загадае кафедрай музыкі), калектыў дасягнуў сур’ёзных вышынь, і ў канцы 1980-х займаў прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах.

У 1990-я жывое выкананне на музычных інструментах не магло спаборнічаць з электроннай музыкай. Вярнуцца да яго паспрабавалі ўжо ў 2000-х, тым больш, што ў каледжы адкрылася аддзяленне фізічнай культуры, і пераважную колькасць яго навучэнцаў складалі хлопцы. Аднойчы некалькі з іх папрасіліся ў ансамбль, але прызналіся, што ўвогуле не маюць ніякай музычнай адукацыі. Тады было вырашана ўвесці шумавыя інструменты, авалодаць якімі пры наяўнасці музычных даных і стараннасці можна даволі хутка.

Калі з’явіліся лыжкі і чыя гэта была ідэя, сёння Уладзімір Яўгенавіч не можа ўзгадаць. Спачатку ігралі на пакупных размаляваных дэкаратыўных лыжках, але іх хапала толькі на некалькі рэпетыцый. Таму цяпер замаўляюць майстрам спецыяльныя лыжкі з клёну, ясеня, бярозы. Такі музычны інструмент кіраўнік ансамбля ўкладвае ў рукі ўсім хлопцам-першакурснікам і адразу запрашае іх на выступленне ансамбля. Але добра ведае, што з дзесяці адораных вучняў застануцца ў калектыве толькі два — тры. Паколькі і занятак гэты нялёгкі, бо трэніруюцца хлопцы да крывавых мазалёў, і аддаваць калектыву трэба ўвесь свой вольны час.

— Калектыў — гэта самаахвяраванне для дасягнення агульнай мэты. Бывае, трэба і на выхадныя дадому не паехаць, і прапусціць дзень народзінаў дзяўчыны. Калі заўтра канцэрт, а сёння ты не можаш прыйсці на рэпетыцыю — такіх людзей у нас няма. Трэба быць адданым любімаму занятку. Але ўсё па ўзаемным жаданні. Калі я сам вучыўся ў інстытуце, то граў і ў народным аркестры, і ў духавым. Разам з калектывам, якім кіраваў Уладзімір Сяргеевіч Перацяцька, мы аб’ехалі ўсю Балтыку, поўдзень Украіны, былі ў Расіі, Польшчы, Германіі. І той настрой я імкнуся стварыць у ансамблі, якім сам кірую. Мы выконваем беларускую народную музыку, а што можа быць лепей за “Весялуху”, “Лявоніху”, “Юрачку”? Такую музыку ўспрымаюць усе краіны. І калі нашы хлопцы бачаць, як цікавяцца нашай культурай за мяжой, як у людзей гараць вочы ад нашага выканання, то і самі хочуць больш ведаць пра яе. І працуюць з вялікім задавальненнем.