Край першага аграгарадка: імідж праз традыцыі і маладосць

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Ад мяжы да мяжы Драгічынскага раёна ўсяго 51 кіламетр, але на гэтай невялікай прасторы існуюць тры мясцовыя дыялекты, прычым настолькі лексічна самастойныя і сакавітыя, што жыхары аднаго мястэчка часам не разумеюць суразмоўцаў з іншага. Некаторая аддаленасць ад асноўных рэспубліканскіх магістралей дапамагла захаваць у гэтым кутку Брэстчыны сапраўдную беларускую аўтэнтыку. Трывалая повязь з мінуўшчынай не замінае Драгічыншчыне ісці ў авангардзе шматлікіх сучасных праектаў. Менавіта тут распачалося тры гады таму ажыццяўленне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, і ў вёсцы Закозель быў створаны першы ў рэспубліцы аграгарадок. Раён стаў лабараторыяй па правядзенні яшчэ аднаго ўдалага эксперыменту: тут упершыню з’явіліся школы народнай творчасці. Цяпер дзеці пераймаюць звычаі бацькоў, каб і ў інфармацыйным грамадстве будучага стрыжнем агульнай культуры заставаўся менавіта нацыянальны складнік.

Майстры мастацтваў — сялу, жыллё — для “культарміі”
Сёння Драгічын, як сардэчны гаспадар, сустракае гасцей: з нагоды 64-ай гадавіны вызвалення раёна ў рэгіёне праходзіць акцыя “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла”. Прыязджаюць ансамбль “Свята”, гурт “Цягні-Штурхай”, Вольга Плотнікава... Для культасветработнікаў раёна арганізацыя свята такога кшталту — справа звыклая. Акрамя шматлікіх каляндарных святаў, штогод пад патранатам Брэсцкай Епархіі праходзіць у рэгіёне Фестываль праваслаўных духоўных песняспеваў “Спявайце Богу нашаму, спявайце!”. Сёлета зала Драгічынскага дома культуры не змясціла ўсіх ахвотных паслухаць цудоўныя хоры — давялося выносіць гукавыя калонкі на плошчу перад ДК.
 /i/content/pi/cult/169/1581/Dragichyn.jpg

Дом культуры ў першым аграгарадку рэспублікі “Закозель”.

Што вызначае ў першую чаргу мясцовую сферу культуры? Незаспакоенасць! Культасветработнікі на чале з начальнікам аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Леанідам КУРОЎСКІМ працягваюць шукаць новыя формы правядзення свята:
— Мінулы фестываль праваслаўных духоўных песняспеваў мы правялі як дзіцячы, сёлета асаблівую ўвагу звярнулі на маладзёжныя калектывы. Праасвяшчэнны Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, нацэльвае нас больш працаваць з моладдзю. Таму наступным разам плануем дазволіць выканаўцам, калі яны захочуць адысці ад царкоўных канонаў, паспрабаваць выступіць не ў складзе хору, а ў ансамблі ці сольна з гітарай. Галоўнае, каб далучаліся да духоўных хрысціянскіх каштоўнасцей.
— Леанід Сцяпанавіч, калі фестываль карыстаецца вялікай запатрабаванасцю сярод публікі і выканаўцаў, дык ці не плануеце павысіць ягоны статус, запрасіўшы калектывы з замежжа?
— Да нас павінны былі і сёлета прыехаць з украінскага Любішова, але штосьці ў суседзяў не атрымалася. Упэўнены, у 2009 годзе памежныя рэгіёны суседзяў усё ж да нас завітаюць. Да таго ж, увосень райвыканкам падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве ў эканамічнай, культурнай і іншых сферах з Драгічынам Падляскага ваяводства Польшчы. Харавікі з горада-пабраціма таксама выказалі жаданне ўдзельнічаць у фестывалі ў наступным годзе.
— Чым, акрамя канцэртаў, насычана праграма фестывалю?
Канешне, мы прадстаўляем лепшыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных умельцаў Драгічыншчыны, нашых адметных школ народнай творчасці, раённага Цэнтра рамёстваў.
Між іншым, філіял РЦР, які займаецца разьбой па дрэве, існуе ўсяго трэці год, але яго вырабы ўжо заваявалі ў раёне славу. Таму плануем адкрыццё аналагічнага філіяла ў самім Антопалі, дзе месціцца РЦР. Мы спецыяльна пашыраем штат, каб нашы дзеці маглі як мага болей узяць ад устаноў культуры. Узначаліць філіял малады спецыяліст, цудоўны майстар разьбы па дрэве Вадзім Палякоў, які ўжо ўдзельнічаў у рэспубліканскіх выстаўках.
— У раёнах нярэдка скардзяцца на недахоп кваліфікаваных кадраў...
— Ёсць такая праблема. У сетцы ўстаноў культуры — ГДК, ГпДК, 20 СДК, 17 сельскіх клубаў, 7 дамоў сацыяльных паслуг, аўтаклуб, раённы Цэнтр рамёстваў і 2 дамы фальклору. У маленькіх вёсачках, дзе па штаце ўсяго паўстаўкі, маладога спецыяліста паставіць не маем права, але менавіта там кадраў і не хапае. З другога боку, разумею, што таму, хто толькі са студэнцкай лавы і разлічвае на пэўныя прафесійныя перспектывы, трэба пачынаць кар’еру ў буйных сёлах і аграгарадках. А ў маланаселеных і аддаленых вёсках робім стаўку на чалавека, у якога, можа, і няма спецыяльнай адукацыі, але гарыць агеньчык у душы і ёсць жаданне працаваць. Такі абавязкова справіцца з пастаўленай задачай.
 /i/content/pi/cult/169/1581/Dragichyn.1.jpg
В.а. дырэктара музея “Бездзежскі фартушок”дэманструе старэйшы экспанат, выраблены ў 1880 годзе.

— А што вы скажаце пра кадравую сітуацыю з культработнікамі ў самім Драгічыне?
— У горадзе і пасёлку Антопаль — другім па колькасці жыхароў населенным пункце на Драгічыншчыне — кадравай праблемы ў нашай сферы няма: з кожным днём прыходзіць усё больш моладзі.
З гонарам магу сказаць, што 1 жніўня да нас прыбудзе 13 маладых спецыялістаў. У Драгічынскую дзіцячую школу мастацтваў трапяць выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Брэста, Баранавічаў, Гродна. ГДК таксама чакае значнага папаўнення: двух рэжысёраў народных свят і абрадаў, мастацкага кіраўніка народнага калектыву і дызайнера. Новы рэжысёр з’явіцца і ў Антопальскім ДК. Упершыню за апошнія гады прыедзе малады спецыяліст з дыпломам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў: сустрэць Святлану Сушко ў якасці рэжысёра народных свят і абрадаў рыхтуюцца ў раённым метадычным цэнтры.
— Але ці знойдзецца для такой “арміі” культработнікаў-навабранцаў жыллё?
— Наш аддзел даўно заявіў аб сабе ў раёне, супрацоўнікі штодзённымі справамі даказалі, асабліва за апошнія гады, што культура ў нас знаходзіцца на высокім узроўні. Таму Драгічынскі райвыканкам у асобе яго старшыні Васіля Хваціка заўжды ідзе нам насустрач, дапамагае вырашаць самыя надзённыя пытанні.
Для моладзі выдзяляем месцы ў інтэрнаце аддзела культуры, для сямейных дамаўляемся аб пакоі ў “прамысловым” інтэрнаце. Сямейным і перспектыўным культасветнікам Васіль Міхайлавіч імкнецца ўсімі магчымымі спосабамі прадаставіць права на будаўніцва ўласнай кватэры ці дома. Пры такой увазе сфера культуры Драгічыншчыны становіцца больш запатрабаванай сярод маладых людзей.

Відэаўрокі народных майстроў
Калі ў Брэсцкай вобласці праходзіў першы агляд-конкурс школ народнай творчасці, пальму першынства атрымалі антопальцы. Сёлета ШНТ рэгіёна зноў сталі лепшымі. Ды інакш і быць не магло, бо менавіта на Драгічыншчыне ў 1991 годзе адчынілася першая навучальная ўстанова з такой назвай.
— Калісьці начальнікам абласнога ўпраўлення культуры працаваў Віталь Клімчук. Ён быў родам адсюль, таму сваю ідэю аб стварэнні школ народнай творчасці спярша прапанаваў нам, — распавяла пра вытокі ШНТ дырэктар Раённага метадычнага цэнтра Марыя Чыглінцова. — Галоўнай мэтай адразу назвалі адраджэнне і пераемнасць народных промыслаў ды рамёстваў дзецьмі. Пачалі з трох школ, але вынік пераўзыйшоў нават самыя смелыя чаканні: іх колькасць хутка дасягнула шаснаццаці, і сёння рэгіён лідзіруе ў вобласці па колькасці ШНТ.
 /i/content/pi/cult/169/1581/Dragichyn.2.jpg
Ансамбль паляўнічай музыкіБакас”.
Сапраўды, Драгічыншчына багатая на разнастайную народную творчасць. Тут, як нідзе, людзі працягваюць ткаць, вышываць, вязаць карункі. У раёне дзейнічаюць 44 аматарскія аб’яднанні, 185 калектываў мастацкай самадзейнасці. У школах вучаць дзяцей менавіта тыя, хто свае веды атрымаў не з падручнікаў ці “метадычак”, а непасрэдна ад бабуль і дзядуль. Каб захаваць бясцэнную тэхніку творчасці, пастаянна ладзяцца рамесніцкія майстар-класы. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, у Радаставе захаваўсяі перадаецца зацікаўленым дзеткам сакрэт унікальнай выцінанкі.
Дырэктар РЦР Галіна Сцепанюк разам са сваімі супрацоўнікамі аднавіла традыцыю ткання паясоў. Спачатку самі вучыліся тэхніцы ў Мінску, а потым — звярнуліся да мясцовых майстрых. Цяпер павівачы (паясы, якімі спавівалі немаўлят пры нараджэнні) з характэрным для Драгічыншчыны рамбічным арнаментам плятуць многія школьнікі, сярод іх шмат хлопчыкаў. Калі раней яны і ўвагі на ткацтва не звярталі, дык цяпер едуць да сваіх бабуль і распытваюць аб даўніх “рэцэптах”, а потым з выкладчыкамі дзеляцца.
Вырабы дзяцей ужо прынеслі школе некалькі дыпломаў на конкурсах, а адзін з брэсцкіх гістарычных клубаў менавіта ў драгічынскай моладзі замовіў паясы для праектаў гістарычнай рэканструкцыі.
У працы школам дапамагае клуб народных майстроў, які аб’ядноўвае творцаў раёна. Культасветнікі на сяле прапагандуюць работу гэтых аўтараў, запрашаюць іх прыняць удзел у святах вёсак, у раённых і абласных мерапрыемствах. РМЦ у сваю чаргу праводзіць выстаўкі работ, выдае брашуры з абагульненнем вопыту і папаўняе раённую відэатэку касетамі і дыскамі з урокамі народных майстроў.

Бібліятэчны дыван-самалёт
Яшчэ адзін эксперымент, які распачаўся на базе Драгічынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, сёння ператварыўся ў сталую форму работы з насельніцтвам. Пры раённай і цэнтральных сельскіх бібліятэках краю ўпершыню ў вобласці былі створаны літаратурна-паэтычныя групы. На пачатку эксперыменту менавіта ў Драгічын прыязджалі прадстаўнікі рэспубліканскіх і абласных устаноў галіны, каб пераняць ноў-хаў.
Дырэктар ЦБС Зінаіда Жытковіч распавядае, што пры бібліятэках раёна — а іх цяпер 48 (прычым 45 знаходзяцца на сяле) — дзейнічае 69 аматарскіх аб’яднанняў. У літаратурна-паэтычныя групы аб’ядналіся самі супрацоўнікі і актывісты з ліку чытачоў. У першую чаргу яны рыхтуюць выступленні, дзе распавядаюць пра пісьменнікаў-землякоў, але слухачы могуць пачуць і пабачыць тэатралізаваны расповед аб іншых славутасцях краю. Напрыклад, больш дазнацца пра стваральніка Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай Мікалая Кузьміча, дзяцінства якогапрайшло на Драгічыншчыне. Дарэчы, у гонар выдатнага зямляка ў вёсцы Вулька-Антопальская закладзены памятны сквер.Драгічынская ЦБС разам з РМЦ рыхтуе альбомы па творчасці народных майстроў, а таксама самастойна выпускае зборнікі сцэнарыяў літаратурна-паэтычных груп з інфармацыяй пра знакамітасцей рэгіёна. Гэтая друкаваная прадукцыя разлічана на рознаўзроставых чытачоў.
Дарэчы, у Драгічыне прынята хадзіць у бібліятэку ўсёй сям’ёй. За год тут было абслужана 3,5 тысячы чытачоў. Пакуль бацькі на пасяджэнні клуба аматараў чытання слухаюць кансультацыі па выхаванні дзяцей ці выбіраюць на абанеменце кнігу, малыя — у дзіцячай бібліятэцы, што месціцца ў гэтым жа будынку, бавяць час у гульнёвым пакоі, дзе можна чытаць, маляваць і гуляць проста на дыванах.

Харэаграфічная школа для абласнога праекта
Паралельна са школамі народнай творчасці на Драгічыншчыне ажыццяўляецца абласны праект “Танцавальны фальклор і дзеці”. Яго рэалізуюць па ўсёй рэспубліцы, а ў Брэсцкай вобласці — на базе Драгічынскага раёна. Праграма дапамагла ўзняць яшчэ адзін малавывучаны ў раёне пласт нацыянальнай творчасці — народную харэаграфію. У рэгіёне з’явілася 16 дзіцячых фальклорных калектываў, кіраўнікі якіх адышлі ад звычайнага метаду выкладання: яны не толькі ставяць полькі ды кадрылі, але разам з дзецьмі глыбока вывучаюць карані харэаграфіі, у носьбітаў фальклору пераймаюць амаль страчаныя фігуры менуэтаў і падэспаняў, узнаўляюць у сваіх пастаноўках характэрную для Драгічыншчыны пластыку. Параллельна была створана раённая школа для адпаведнай падрыхтоўкі работнікаў сферы.
 /i/content/pi/cult/169/1581/Dragichyn.3.jpg

Народны ансамбль музыкі і песніСваякі
Бездзежскага СДК.


Многія з калектываў, такія, як, напрыклад, “Ліпачка” Ліпніцкага СДК, ужо маюць званне ўзорных. Ансамбль фальклорнага танца “Таполька” Антопальскага СДК пад кіраўніцтвам Наталлі Ігнатоўскай яшчэ не дасягнуў такіх вышынь, аднак сёння тут вывучаюць традыцыйны для Антопаля харэаграфічны малюнак. Наладжана супрацоўніцтва з аматарскім народным аб’яднаннем “Званы Палесся”. Бабулі паказваюць танцы, якія ў дзяцінстве бачылі на вясковых вяселлях і святах. За два гады Наталля Васільеўна ўзгадавала выдатную салістку Таню Ткачук — стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Асаблівым гонарам раёна стала харэаграфічная школа — другая з адкрытых у малых гарадах рэспублікі. Узнікла яна дзякуючы настойлівасці дырэктара ўстановы Валерыя Чарнышова. Ужо два гады азы народнага, класічнага, побытавага танца, а таксама акрабатыкі і гімнастыкі вывучаюць 108 дзяцей. Дарэчы, у 16 класах займаецца 36 хлопчыкаў — паказчык для мясцовых харэографаў вельмі прыстойны. Сваё майстэрства дзеці адточваюць на шматлікіх канцэртах, здзіўляючы публіку выбудаванай драматургіяй і тэхнікай.
— Сваім вопытам, талентам, імпэтам Валерый Барысавіч прыцягвае маладыя кадры, — адзначае начальнік аддзела культуры Леанід Куроўскі. — Ён сам пастаянна ездзіць па спецыяльных навучальных установах культуры, заўсёднік у Пінскім каледжы мастацтваў і Гродзенскім музычным вучылішчы. За апошнія гады мы не маем недахопу ў спецыялістах гэтага профілю. Моладзь едзе да нас літаральна сем’ямі!Многія маладыя настаўнікі школы пастаянна танчаць у калектыве “Прыгажосць”, які Валерый Чарнышоў стварыў пры гэтай установе. Гледзячы нумары ансамбля, не адразу здагадваешся, што выконваюць іх не прафесіяналы, а аматары.
Між іншым, на набыццё гукаўзмацняльнай апаратуры, а таксама касцюмаў і “адзення сцэны” раёнам атрымана 114,7 мільёна рублёў.

Музыка як азы турызму
Для адметнай харэаграфічнай школы праз некаторы час вырасце новы сучасны будынак. Туды ж пераедзе школа мастацтваў, якая зараз месціцца ў аднапавярховым дамку і з цяжкасцю змяшчае ўсіх жадаючых вучыцца. ДШМ таксама працуе па згаданай “фальклорнай” праграме, робячы акцэнт на захаванні нацыянальных спрадвечных матываў.
Дырэктар Сяргей Падлужны адзначае, што цяпер у Драгічыне музычная навука сярод падрастаючага пакалення вельмі запатрабаваная. Адным з самых папулярных інструментаў сярод дзяцей сталі цымбалы. Заслуга ў гэтым — узорнага цымбальнага аркестра пад кіраўніцтвам Алены Качаноўскай, які часта выступае ў раёне.
Першы кіраўнік цымбальнага калектыву Іна Падлужная сёння дырыжыруе народным аркестрам народных інструментаў ДШМ, які існуе ў Драгічыне з 1972-га. Некалькі гадоў таму Іна Канстанцінаўна стала дыпламантам VII Рэспубліканскага агляду метадычнай і творчай работы выкладчыкаў школ мастацтваў. Дарэчы, доўгі час кампазіцыя “Драгічынскі вальс” у выкананні аркестра гучала застаўкай на мясцовым радыё. Пранікнёную мелодыю напісаў таленавіты кампазітар і аранжыроўшчык Мікалай Сіліч. Дарэчы, Мікалай Дзям’янавіч — з першага выпуску ДШМ 1964 года — і цяпер іграе ў аркестры роднай школы.
Пад агульным дахам у навабудзе атрымае памяшканне для заняткаў і драгічынская “экзотыка” — ансамбль паляўнічай музыкі “Бакас”. Зараз ён працуе пры Драгічынскім раённым цэнтры пазашкольнай работы. Кіраўнік Аляксандр Шаўчук распрацаваў аўтарскую праграму, у межах якой дзеці не толькі навучаюцца граць на даўніх ражках, але і вывучаюць паляўнічую справу, звычкі звяроў і птушак, асвойваюць азы турызму. Дарэчы, гэтая праграма была прызнана лепшай у рэспубліцы ў намінацыі “Музыка”.
Сёлета старэйшая група сігналістаў выступала на свяце мастацтваў“Музы Нясвіжа-2008” па запрашэнні народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Маэстра вельмі высока ацаніў прафесіяналізм музыкантаў Аляксандра Шаўчука.

Кросны і камп’ютэр
Завяршала я сваё знаёмства з Драгічыншчынай у Бездзежы, адкуль родам дырэктар РМЦ Марыя Чыглінцова. Не паспелі мы зайсці ў музей “Бездзежскі фартушок”, як Марыя Паўлаўна села за кросны.
— Кожны раз, калі сюды прыязджаю, прашу дзяўчат дазволіць мне хоць хвілінак дзесяць паткаць, — распавяла Марыя Паўлаўна. — Дарэчы, калі б вы завіталі да нас увосень або ўзімку, дык абавязкова амаль у кожнай бездзежскай хаце знайшлі б кросны, бо і сёння жыхары працягваюць ткаць. У 1970 — 80-я гады тут увогуле быў ажыятаж на выклады — белыя ручнікі, на якіх рукамі, не чаўнаком, “выкладваліся” каляровыя кветкі. Памятаю, як у той час спаборнічала з суседкамі-аднагодкамі, хто больш натчэ.
Паколькі дома амаль ва ўсіх стаяць кросны, дык і дзеці ўмеюць за імі працаваць. Гэтая прылада ў аграгарадку “Бездзеж” — не музейны экспанат, а такая ж звыклая рэч, як тэлевізар ці камп’ютэр.
Нават моладзь, прыязджаючы на канікулы альбо ў водпуск, не-не — ды і сядзе за кросны. Тым, у каго такой традыцыі ў сям’і не захавалася, дапамагаюць ШНТ.
— Плануем сурвэткі, абрусы, іншыя тканыя рэчы, як і вырабы нашага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадаваць, каб адкрыць новую форму платных паслуг,— зазначыў Леанід Куроўскі. — Сёння план дапамагаюць выконваць дыскатэкі і абменныя з суседнімі раёнамі платныя канцэрты, амаль 10 мільёнаў рублёў ад рэалізацыі платных паслуг атрымала ЦБС. Але і цяпер мы перавыконваем план па платных паслугах, вытрымліваючы ў цэлым па раёне амаль 123-працэнтны тэмп росту ў параўнанні з мінулым годам (пры запланаваных 112 працэнтах).
Дарэчы, унікальны музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” уключаны ў абласныя экскурсійныя маршруты. Паглядзець на сем соцень амаль празрыстых экспанатаў з вельмі тонкага лёну, аздобленых узорамі, якія не паўтараюцца, прыязджаюць і беларускія турысты, і замежныя госці. Выконваючы абавязкі дырэктара музея Ніна Ярмоц запэўнівае, што вялікі скарб захоўваецца і ў фондах, таму экспазіцыі пастаянна мяняюцца.
Летась на капітальны рамонт будынка было выдзелена 58,5 мільёна рублёў. Сёлета на заканчэнне гэтых работ дабаўлена 5 мільёнаў рублёў. Усяго ж на гэты год на рэканструкцыю і рамонт устаноў культуры Драгічыншчыны выдаткавана 661,9 мільёна рублёў.Словам, фальклорны напрамак на Драгічыншчыне вельмі распрацаваны.Не дзіва, што ў РМЦ акрамя метадыстаў па мастацкай самадзейнасці і клубнай рабоце асобна аўтэнтыкай займаецца кваліфікаваны спецыяліст. У тым жа Бездзежы захаваўся адзіны ў рэспубліцы абрад “Стрылка”: у першы дзень Вялікадня пасля абедзеннай царкоўнай службы мясцовыя жыхары якое ўжо дзесяцігоддзе збіраюцца перад царквой і водзяць вакол трох “зярнятак-дзетак” спецыфічны зігзагападобны карагод, просячы ў неба ўраджаю і здароўя. Толькі пасля гэтага абраду пачынаецца святкаванне.
Шмат захавалася на Драгічыншчыне і іншай аўтэнтыкі. Напрыклад, у многіх хатах да гэтага часу можна знайсці характэрныя для Драгічыншчыны блакітныя куфры з нацыянальнымі строямі. У іх ляжаць вышытыя кашулі, даматканыя спадніцы, неверагоднай прыгажосці фартушкі, прычым калі ў адной мясцовасці — пінска-івацэвіцкага строю, дык у іншым— кобрынскага. Часта ў рэгіён звяртаюцца з абласных і сталічных музеяў па дапамогу — набыць для экспазіцыі унікальныя строі.
На Драгічыншчыне 35 фальклорных ансамбляў. Яны ўсе рэдка шыюць касцюмы, бо і сёння апранаюцца з тых самых куфраў! Народны ансамбль песні і музыкі “Зараначка” Драгічынскага ГДК пад кіраўніцтвам Алены Стальмашук прадстаўляў Драгічыншчыну на канцэрце-справаздачы Брэсцкай вобласці ў Палацы Рэспублікі і шмат пачуў кампліментаў не толькі наконт цудоўных выканальніцкіх даных, але і шыкоўных касцюмаў, стылізаваных пад традыцыйныя драгічынскія строі.
Вопыт работы культасветнікаў Драгічыншчыны можа падагульніць выпадак, які адбыўся пад час агляду-конкурсу ШНТ.
У Завершшы члены журы запыталі ўдзельніка, ці падабаюцца яму заняткі ў такой школе. У адказ пачулі, што калі вырасце ён, абавязкова навучыць рамяству сваіх дзяцей. А хлопчыку — усяго сем гадкоў!
Чым не доказ, што мясцовыя культасветработнікі з дапамогай школ народнай творчасці, рэалізацыі прыярытэтных праектаў выхоўваюць у малечы любоў да Бацькаўшчыны, прагу творчасці і натхнення?
Упоравень з дбайным захаваннем аўтэнтыкі развіваецца матэрыяльная база, рамантуюцца будынкі ўстаноў культуры, пашыраецца іх плошча і, адпаведна, функцыянальныя магчымасці. Сапраўды, нездарма ўстановы культуры рэгіёна змаглі прыцягнуць рознаўзроставых наведвальнікаў. Моладзь пашырае штат культасветработнікаў Драгічыншчыны, а ў выніку застаецца тут на сталае месца жыхарства. Усё гэта сведчыць пра паспяховасць рэалізацыі распачатай тры гады таму Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. І здабыткі “краю першага аграгарадка”, дзе спалучаны вопыт продкаў у школах народнай творчасці і выкарыстанне патэнцыялу новага пакалення, і ў больш буйной праекцыі — на вобласць і нават на рэспубліку— выглядае адметным і вартым увагі.

Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Драгічынскі раён — Мінск
Фота аўтара