Форум мастацтва ці “агляд нявест”?

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

У нашым Вялікім тэатры стала добрай традыцыяй сустракаць Каляды Міжнародным оперным форумам і, у спалучэнні з ім, Міжнародным конкурсам вакалістаў. Так было і сёлета: 9-ы фестываль і 5-ы конкурс завяршыліся. Ёсць нагода паразважаць над гэтымі падзеямі, а заадно і выйсці на больш шырокае кола пытанняў далейшага развіцця беларускага опернага мастацтва.

/i/content/pi/cult/725/15805/22.JPGАбмеркаванні ладзіліся і на самім форуме. Акрамя кулуарных сустрэч нашых і запрошаных крытыкаў, артыстаў і гасцей у апошні фестывальны дзень адбыўся “круглы стол”, дзе было выказана шмат цікавых прапаноў наконт далейшага развіцця нашага опернага фестывальна-конкурснага руху. Абмінуць іх было б немэтазгодна. Але хацелася б і больш дэталёва закрануць конкурсныя жарсці — тым больш, што сёлета яны атрымаліся як ніколі гарачымі і сціхнуць яшчэ не хутка.

Зорнасць, камернасць, беларускасць

У “круглым стале” ўдзельнічалі тэле- і радыёжурналіст, аглядальнік па пытаннях культуры Ёсеф Тавор (Ізраіль), музыказнаўца, музычны крытык, лектар, тэле- і радыёвядучая Любоў Марозава (Украіна), а таксама чацвёра беларускіх крытыкаў (Юлія Андрэева, Наталля Ганул, Таццяна Мушынская і аўтар гэтай публікацыі), прадстаўнікі Вялікага тэатра Беларусі (першы намеснік генеральнага дырэктара Уладзімір Рылатка і намеснік Святлана Казюліна).

Прапановы гучалі розныя, часам супрацьлеглыя. Вядома, іх асэнсаванне і магчымасці практычнага ўвасаблення патрабуюць часу і далейшага паглыблення ў сутнасць праблематыкі. Але агучыць іх варта. Так, выказваліся шматлікія падзякі на адрас кампаніі “Берын Арт Менеджмент” за сольны канцэрт Вольгі Перацяцька, бо салістка паказала ўзровень, да якога трэба імкнуцца. Таму падобныя запрашэнні зорак не на схіле, а менавіта на піку спеўнай формы трэба працягваць — хаця б раз на два гады.

На маю думку, любыя канцэртныя выступленні ў рамках гэтага праекта павінны дапаўняць, а не замяняць сабой запрошаныя спектаклі. Невыпадкова ў фінале конкурсу патрабуецца выкананне не асобных нумароў, а суцэльнай сцэны — разам з нашымі салістамі. Праграма ж, пазбаўленая хаця б адной выбітнай гасцявой пастаноўкі, шмат чаго страчвае — найперш, магчымасці параўнання не асобных салістаў, а цэласных музычна-сцэнічных увасабленняў, дырыжорскіх і рэжысёрскіх рашэнняў, агульных трэндаў.

Гэта важна яшчэ і таму, што, па-першае, практыка запрашэння асобных замежных салістаў у нашы рэпертуарныя спектаклі ажыццяўляецца і па-за форумам, цягам усяго сезона. Па-другое, зручнасць такіх запрашэнняў залежыць ад традыцыйнасці вырашэння спектакляў: чым больш звыкла ён прачытаны, тым прасцей увесці ў яго зорку і не сапсаваць пры гэтым рэжысёрскую задуму. Але ж хочацца і прынцыпова новых падыходаў! Сёлета гэтую нішу часткова запоўніла наша “Багема”. Пастаўленая народным артыстам Расіі, знакамітым Аляксандрам Цітэлем, яна стварыла неабходную альтэрнатыву астатнім тром спектаклям галоўнага рэжысёра нашага тэатра Міхаіла Панджавідзэ. Ды ўсё ж гасцявога спектакля ўсё роўна не ставала!

Пазіцыя арганізатараў зразумелая і вызначаецца банальнымі грашовымі пытаннямі. На мінулыя форумы запрашаліся тэатры, якія не патрабавалі пакрыцця транспартных выдаткаў. Калі ж замахнуцца на найменні, адсутныя ў нашай афішы, давядзецца везці яшчэ і аркестр, што значна павялічыць каштарыс. Можа, тады перагледзець фінансаванне чагосьці іншага?

Не менш важным для айчыннага опернага мастацтва з’яўляецца развіццё камернага жанру, які быў і застаецца рухавіком прагрэсу. У нас для гэтага папросту няма адпаведнай сцэны: Камерная зала імя Ларысы Александроўскай нагадвае хутчэй салоны пазамінулага стагоддзя, прычым далёка не самыя прэстыжныя. Пра Камерны оперны тэатр яшчэ ў 1980-я марыў рэжысёр Сямён Штэйн, пытанне ўзнімалася неаднойчы. Малая, але добра абсталяваная тэатральная сцэна з аркестравай ямай неабходна і для стажорскай групы тэатра, і для Опернай студыі Акадэміі музыкі, якая штогод выпускае па некалькі спектакляў, і для пашырэння опернай афішы самога тэатра, яго творчых сувязяў. Прывезці камерную оперу значна прасцей і танней.

Як заўважыла Юлія Андрэева, тэатру трэба больш працаваць з турыстычнымі фірмамі. Тыя маглі б не толькі вывозіць нашых гледачоў на спектаклі ў той жа Беласток, але і актыўней запрашаць замежнікаў на нашы падзеі. Каб зацікавіць турыстаў, трупа павінна мець адметны рэпертуар, не надта шырока прадстаўлены ў іншых тэатрах. На думку Юліі Андрэевай, гэта магла б быць, да прыкладу, опера-балет “Млада” Рымскага-Корсакава. А таксама, дадала Любоў Марозава з Украіны, іншыя малавядомыя рускія оперы і, галоўнае, беларускі рэпертуар: “Усім цікава пазнаёміцца з беларускай музыкай. Не абавязкова аднаўляць нацыянальныя оперы цалкам, гэта могуць быць асобныя сцэны — асабліва з тых твораў, якія даўно не ідуць”. Ці, дададзім, увогуле не ставіліся. Дарэчы, замежныя крытыкі патрапілі ў фестывальныя дні на канцэрт “Чатыры стагоддзі беларускай музыкі”, які афіцыйна не ўваходзіў у праграму форуму, і прыемна здзівіліся: маўляў, нашу багатую спадчыну мы павінны папулярызаваць як мага шырэй.

Адзначылі госці і музыказнаўцы: “У вас такія магутныя крытыкі! Вы маглі б праводзіць майстар-класы, лабараторыі для моладзі з іншых краін. Маладыя ж, у сваю чаргу, дапамагалі б пашыраць дзённік форуму, папаўняць сайт сваімі водгукамі ад убачанага”.

Кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Ганул таксама звярнула ўвагу на неабходнасць пашырыць адукацыйны складнік форуму — сёлета ў Акадэміі музыкі выступіла толькі Любоў Марозава з лекцыяй “Музыкант і медыя”.

Прызы конкурсу

Конкурс сабраў сёлета не толькі рэкордную колькасць заявак і ўдзельнікаў (332 і 170 адпаведна), але і пашырыў геаграфію. Калі раней у фінал траплялі пераважна прадстаўнікі краін постсавецкай прасторы, дык сёлета сярод прэтэндэнтаў на перамогу аказаліся вакалісты ЗША і Паўднёвай Карэі. Конкурс атрымаў добры розгалас сярод прафесіяналаў далёкага замежжа. Як патлумачыла намеснік гендырэктара тэатра Святлана Казюліна, у тым ёсць заслуга і членаў журы, якія па просьбе тэатра анансавалі конкурс, бясплатна змяшчалі пра яго інфармацыю ў прэстыжных спецыялізаваных крыніцах.

Выступленні ўдзельнікаў, па прыкладзе сусветных перадавых спаборніцтваў, мелі якасную анлайн-трансляцыю. Гэта яшчэ больш пашырыла конкурсную аўдыторыю і, паводле ўсіх законаў рэкламы і маркетынгу, павінна праз год прыцягнуць яшчэ больш увагі з боку патэнцыйных удзельнікаў. Праўда, сёлетнія вынікі пры такой адкрытасці ўсіх тураў наўрад ці будуць гэтаму садзейнічаць.

Пачынаючы з першага конкурсу, была відавочна неабходнасць папярэдняга адбору, бо сярод удзельнікаў штогод многа тых студэнтаў і дыпламаваных спевакоў, хто зусім не цягне на міжнародны ўзровень, але хоча “засвяціцца”. Гэта ўскладняе работу журы, павялічвае і без таго непад’ёмную нагрузку канцэртмайстраў. А хто падлічыць, колькі слухачоў спынілі сёлета прагляд трансляцыі, патрапіўшы на некалькі слабых выступленняў запар? Ці ж не кампраметуе наш конкурс залішняя “гасціннасць”?

Магчыма, трэба перагледзець і ўмовы працы журы. Выстаўленне ацэнак і іх далейшае суміраванне без абмеркаванняў можа быць непрадказальным, як здарылася сёлета. І колькі б ні гаварылі пра тое, што першае ўражанне і імгненныя балы самыя правільныя, сёлетнія вынікі гэта абвяргаюць. Да “фінішу” не дайшлі некаторыя спевакі, куды больш цікавыя за фіналістаў. Дый да ацэнак апошніх засталіся пытанні. Ніяк не быў адзначаны Тоньён Но (Рэспубліка Карэя) — вельмі моцны, багаты на адценні драматычны барытон з надзвычай мяккім, пры ўсёй сваёй “сценабітнасці”, тэмбрам. У сцэне з Джыльдай з оперы “Рыгалета” спявак паўстаў папраўдзе клапатлівым, занепакоеным бацькам, шчыра рэагуючы на кожную фразу нашай Таццяны Гаўрылавай. Уразіў і абдзелены ўзнагародай расійскі бас Юрый Уласаў — поўнай сцэнічнай свабодай свайго Феранда з “Трубадура”, уменнем ператварыць дробную мелізматыку на добрым дыханні ў гэткі іранічны смяшок, што працуе на стварэнне вобразу.

А вось расіянка Кацярына Марозава (заахвочвальная прэмія і запрашэнне ў адукацыйны цэнтр “Сірыус” у Сочы) зрабіла пушкінскую Таццяну халоднай, стомленай ад жыцця статуяй, якая заключную сцэну з “Яўгена Анегіна” спявала дырыжору — аднолькава невыразным гукам, надаўшы бляску хіба фінальнай фразе ў высокім рэгістры. Яшчэ адну заахвочвальную прэмію атрымаў эмацыйны, хаця і з лёгкім фальшам Сальбаран Ойката Андрэс Эстэбан з Венесуэлы, паўстаўшы Альфрэдам у сцэне з “Травіяты”.

Наш Андрэй Сялюцін (спецыяльная прэмія і стажыроўка ў Маладзёжнай праграме Вялікага тэатра Расіі) выглядаў надта інтэлігентным Уладзімірам Галіцкім у сцэне з “Князя Ігара”. Трэцюю прэмію падзялілі прыгожы лірычны барытон Эмет Марцін О’Хэнлан з ЗША, запрошаны таксама на праслухоўванне ў Нямецкай оперы на Рэйне і наша сапрана Настасся Малашкевіч (Вахомчык).

Уладальнік другой прэміі — расіянін Дзмітрый Іванчэй, лірычны тэнар якога ўтрымлівае асобныя характарныя “ноткі”. Для расініеўскага Альмавівы з “Севільскага цырульніка” гэта было быццам “спасылкай” на таго ж, але пасталеўшага героя ў моцартаўскім “Вяселлі Фігара”. Але ж ці многа іншых цэнтральных партый вы знойдзеце, дзе можна было б гэтак жа “апраўдаць” асаблівасці голасу?

Усеагульнай улюбёнкай стала амерыканка Ларэн Мішэль (першая прэмія і прыз глядацкіх сімпатый). Яе Віялета была не бездапаможна хваравітай — наадварот, у ёй адчувалася вялізная ўнутраная моц. Салістка скарыла ўменнем спяваць ціха, але чутно — пры ўсім дыяпазоне, закранаючы гранічна высокія і нізкія ноты.

Гран-пры прысудзілі Ксеніі Несцярэнка — самай маладой канкурсантцы, леташняй пераможцы расійскага тэлепраекта “Вялікая опера”. Ды ўсё ж узнагарода, як і некаторыя іншыя на гэтым конкурсе, здаваліся авансам. Моладзь, вядома, падтрымліваць трэба, але для гэтага ёсць шэраг іншых спосабаў. А Гран-пры — прызнанне чагосьці неверагоднага, што выходзіць за межы самых цудоўных уяўленняў.

Дарэчы, чаму б не заснаваць яшчэ і каштоўныя прызы нашым канцэртмайстрам і салістам, якія дапамагаюць канкурсантам? Бо некаторыя папросту “выцягвалі” выступленні, працуючы на сваіх партнёраў. У оперных сцэнах сёлетняга фіналу ажно тройчы былі задзейнічаны Таццяна Гаўрылава, Уладзімір Громаў. Двойчы выходзіў Сяргей Франкоўскі. Настасся Масквіна, з трагічным надломам увасобіўшы Нэду з “Паяцаў”, магла ўвогуле прэтэндаваць на найвышэйшую конкурсную ўзнагароду, прычым не першы год запар. Выступалі ў “дадатковай” праграме Юрый Гарадзецкі, Андрэй Валенцій. А некаторых гасцей, мяркуючы па іх вакальных хібах, можна было не запрашаць.

Украінскі крытык Любоў Марозава параўнала конкурс з “аглядам нявест”: “Ён прыцягвае антрэпрэнёраў, а вам трэба развіваць нацыянальную культуру. І для гэтага ўзмацняць развіццё камернай оперы, маладзёжнай праграмы, далучаючы да яе тых, хто прыязджае на конкурс. Форум павінен працаваць на ваш нацыянальны здабытак”. Ці ж не залатыя словы?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"