Водгулле канфлікту эпох

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Выстава “Беларускі кінематограф 1920 — 1930-х гадоў у кінаплакаце”, якая адкрылася ў Музеі гісторыі беларускага кіно, набліжае нас да тых часоў, калі наш кінематограф рабіў першыя крокі. 35 поўнафарматных рэпрынтаў мастацкіх афіш дазваляюць наведвальнікам адчуць дух той эпохі.

/i/content/pi/cult/725/15803/19.JPG— Да пачатку ХХІ стагоддзя на Беларусі не захавалася ніводнага ўзору кінаплакатаў да фільмаў тых часоў, — адзначыў падчас адкрыцця выставы кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў. — Таму мы паставілі перад сабой мэту стварыць такую калекцыю амаль з нуля. Сёння вы можаце бачыць плён нашых 20-гадовых высілкаў.

Варта адзначыць, што выстава мае грунтоўны мультымедыйны дадатак на трох мовах. Гэта сапраўдная “малая энцыклапедыя беларускага кіно” таго перыяду. Музей асабліва ганарыцца новым здабыткам.

Пачынаецца “малая энцыклапедыя кіно” з панелі, на якой прадстаўлена галерэя кінаплакатаў. Карыстальнік абірае патрэбную афішу, і яму адкрываецца інфармацыя пра мастацкі стыль плаката. Таксама ён можа даведацца пра яго аўтара, пра сам фільм, убачыць фрагмент стужкі — або хаця б асобныя кадры, калі яна не захавалася.

Спыняю сваю ўвагу на яскравым плакаце “Палескіх рабінзонаў” — фільма, дзе ўпершыню ў гісторыі беларускага кіно выкарыстоўваецца макраздымка. Імя яго аўтара Міхаіла Векслера ўвайшло ў пантэон мастакоў-плакатыстаў.

— Яго працы — адны з самых каштоўных у нашай калекцыі, — адзначае Ігар Аўдзееў. — Перш за ўсё, Векслер адзначыўся як мастак-супрэматыст, і можна заўважыць элементы гэтай стылістыкі ў плакатах. Увогуле, 1920-я — гэта быў час бязмежнага эксперыменту.

Сярод найбольш адметных прац кіназнаўца вылучае і афішу Мікалая Хомава да “Вяртання Нейтана Бекера” Рашэля Мільмана-Крымера. Гэта адзіны савецкі фільм, які здымаўся на ідыш.

— Ён сведчыць, што Беларусь здавён была населеная рознымі народамі, і ў гэтым — яе адметнасць, — кажа перакладчык Юрый Стулаў, які стварыў англамоўную версію дадатку. — Мяркую, што гэтая ды іншыя стужкі стануць сапраўдным адкрыццём для кожнага гледача.

/i/content/pi/cult/725/15803/20.JPG— Ад мастака тады патрабавалі дзве рэчы, — распавядае Ігар Аўдзееў. — Па-першае, намякнуць гледачу яскравай карцінкай, пра што пойдзе гаворка ў стужцы. Па-другое, узбудзіць цікаўнасць мінака, каб яму захацелася пайсці на фільм. Вось на плакаце да “Лясной былі” Юрыя Тарыча выяўлены ўздыблены чырвоны конь. Так метафарычна аўтар афішы імкнуўся перадаць канфлікт часоў. Конь — як сімвал рэвалюцыі, які топча старыя парадкі. Але што ён нясе за сабой?

Па афішы да “Гатэля “Савой” цяжка здагадацца, пра што канкрэтна ідзе гаворка ў фільме. Відавочных падказак няма. Але тое, што ў стужцы будуць адбывацца страшныя рэчы, становіцца зразумелым. Фільм, нагадаю, распавядае пра рэальную гісторыю бунта ў Чырвонай Арміі, які адбыўся ў Гомелі.

Таксама ў ліку несумненных рарытэтаў — тры плакаты да стужкі Уладзіміра Гардзіна “Кастусь Каліноўскі”, якая па плане мелася стаць першай беларускай карцінай, але затрымалася, бо своечасова не ўдалося знайсці рэжысёра.

— Да яе стваралася шмат афіш, і гэта доказ таму, што на стужку рабіўся свядомы акцэнт, — распавядае кіназнаўца. — І сапраўды, карціна пабіла ўсе рэкорды па наведвальнасці ў тыя часы. Звычайна фільм дэманстраваўся адзін тыдзень, а потым пераходзіў у іншы горад. А “Кастусь Каліноўскі” затрымаўся даўжэй, патрапіўшы ў настрой тагачаснага гледача. На жаль, потым, у 1930-я, ён быў істотна скарочаны і пераманціраваны.

Падтрымку стварэння мультымедыйнага дадатку аказала Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Гісторыя яе супрацоўніцтва з музеем распачалася каля двух гадоў таму, у дзень, калі ў камяніцу па вуліцы Свярдлова завітаў чалавек у “каўбойскім капелюшы”. Як выявілася, на той час першы сакратар Пасольства ЗША ў Беларусі Фрэд Стэрн — вялікі прыхільнік нямога кіно.

— Завязалася гутарка, — распавядае Ігар Аўдзееў, — і плёнам знаёмства стаў гэты праект.

Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джэніфер Хізер Мур падкрэсліла каштоўнасць сабранага матэрыялу і яго падачы:

— Гэта праект — даніна павагі да гісторыі і тых рэжысёраў, аператараў, касцюмераў, акцёраў, што ўдзельнічалі ў стварэнні карцін. Жыцці многіх з іх падчас рэпрэсій былі згубленыя. Але без тых аўтараў беларуская культурная ідэнтычнасць была б не поўная.

Па словах Ігара Аўдзеева, калекцыя плакатаў мусіць стаць важнай часткай новай экспазіцыі музея, стварэнне якой заплавана да 100-годдзя беларускага кіно.

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"